Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Ва Ўзбэкістане прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Паводле папярэдніх афіцыйных зьвестак, у галасаваньні ўзялі ўдзел 99.5% выбаршчыкаў. Перамогу атрымаў кандыдат ад Нацыянальна-дэмакратычнай партыі "Фідакалар", цяперашні прэзыдэнт краіны Іслам Карымаў. Ягоны апанэнт – старшыня Народна-дэмакратычнай партыі Абдулхафіз Джалалаў атрымаў галасы 4.17% выбаршчыкаў.

Апанэнт Карымава марксысцкі ідэоляг Абдулхафіз Джалалаў пасьля таго, як кінуў свой бюлетэнь у выбарчую вурну сказаў: "Я галасаваў за мір і стабільнасьць, за нашую нацыянальную незалежнасьць і разьвіцьцё Ўзбэкістану. Я браў удзел у прэзыдэнцкай гонцы ў імя перамогі дэмакратыі. Можа быць гэта гучыць парадаксальна, але я галасаваў за Іслама Карымава"…

Праз увесь час кіраваньня Рэспублікай Узбэкістан праваабарончыя арганізацыі крытыкавалі прэзыдэнта Карымава за сталінскія спосабы кіраўніцтва дзяржавай, у якой непажаданыя журналісты – пад арыштам, апазыцыйныя партыі – пад забаронай, а іхныя сябры – ў прымусовым выгнаньні.

Перамога Карымава была лёгка прадказальнай. Папярэднія апытаньні адназначна аддавалі яму перавагу зь мінімальнай колькасьцю ў 88% галасоў, а папярэднія вынікі выбараў паднялі гэтую планку вышэй чым 90. І гэта ў той час, калі эканоміка краіны працягвае развальвацца, а рэальны жыцьцёвы ўзровень насельніцтва зьніжаецца.

Нацыянальная валюта Ўзбэкістану – сом. Паводле афіцыйнага курсу за адзін даляр ЗША можна атрымаць амаль 140 з паловай сомаў. На чорным рынку – прыблізн 760. Сярэдні штомесячны заробак – 10 $. Сёньня краіна выжывае пераважна за кошт бавоўны і прыродных багацьцяў: золата, газаў, мэталаў.

Наша даведка:

Агульная колькасьць насельніцтва – 24 мільёны. 75% – узбэкі, амаль 6% – расейцы, па 4% таджыкаў і казахаў. Сярод астатніх найбольш каракалпакаў, татараў, карэйцаў і пэрсаў. Права голасу маюць 12.7 мільёнаў выбаршчыкаў.

Найбольш пашыраная рэлігія – іслам суніцкае плыні.

Прэзыдэнт краіны абіраецца на пяцігадовы тэрмін. Ён прызначае прэм'ер-міністра і габінэт.

Аднапалатны заканадаўчы ворган Узбэкістану – Олі Мэджліс, які мае 250 месцаў, пераабіраецца кожныя пяць гадоў.

Гістарычна Узбэкістан – калыска цывілізацыі рэгіёну, якая ўзьнікла 2600 гадоў таму і цягам стагодзьдзяў заставалася важным цэнтрам культуры Сярэдняе Азіі.

Сучасны Ўзбэкістан, у форме савецкай рэспублікі, быў створаны на базе Народнай Рэспублікі Туркестан ў 1924 годзе.

Ад 1991 году Ўзбэкістан – назалежная краіна начале з прэзыдэнтам – былым камуністычным лідэрам Ісламам Карымавым.

Незалежны Ўзбэкістан лічыўся досыць стабільным, пакуль гэтую стабільнасьць у лютым месяцы летась не падарвалі выбухі ў Ташкенце, у выніку якіх загінулі 16 асобаў.

Вінаватымі ўлады абвесьцілі мусульманскіх фундамэнталістаў, якія з-за мяжы імкнуцца ператварыць Узбэкістан у іслямскую дзяржаву. Тым часам аналітыкі цьвердзяць, што рост мусульманскага радыкалізму ў краіне зьвязаны са здушэньнем іслямскіх рухаў.

Асаблівасьцю сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў было тое, што яны прайшлі пры адсутнасьці на выбарчых участках назіральнікаў ад Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, якая ўжо скрытыкавала вынікі выбараў. У той самы час хаду выбараў кантралявалі 108 назіральнікаў ад сяброўскіх Узбэкістану краінаў: Кітаю, Расеі, Малдовы. Гэтыя назіральнікі не заўважылі парушэньняў, а двое зь іх – былыя грамадзяне краіны, якія цяпер жывуць у Злучаных Штатах, сказалі, што АБСЭ не разумее наколькі Ўзбэкістан патрабуе сёньня цьвёрдай рукі. АБСЭ не разумее, што для ўзбэкаў галасаваць за цяпершняга прэзыдэнта – гэта вялікі гонар і вялікае сьвята.

І апошняе. Як нам паведамілі ў консульскім аддзеле пасольства Ўзбэкістану ў Маскве, грамадзяне Ўзбэкістану, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, маглі ўзяць удзел у выбарах свайго прэзыдэнта або ў Маскве, або ў Кіеве. Даехаць да выбарчых участкаў і вярнуцца яны мусілі за свой кошт.

XS
SM
MD
LG