Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора ўлады Бэльгіі абвесьцілі, што з сёньняшняга дня часова аднаўляюць памежны кантроль. Гэты крок быў прыняты не зважаючы на факт, што ў адпаведнасьці з гэтак званым "шэнгэнскім пагадненьнем" паміж 9-цю краінамі Эўразьвязу існуе поўная свабода перамяшчэньня людзей і тавараў. Брусэль патлумачў сваё рашэньне спробай прадухіліць хвалю нелегальных імігрантаў у часе, калі ў краіне праводзіцца легалізацыя нелегальных імігрантаў. А між тым, з новага году абмежаваньні на прыезд ў Чэхію ўвяла для некаторых краінаў таксама Прага…

"Шэнгенская зона" была ўсталяваная ў 95-м годзе і належаць да яе: Бэльгія, Францыя, Нямеччына, Люксэмбург, Галяндыя, Партугалія, Аўстрыя, Італія і Гішпанія. Міністар унутраных справаў Бэльгіі Антуан Дзюскэсн заявіў, што кантрольна-прапускныя пункты будуць паўторна адкрытыя на працягу трох тыдняў. Паводле яго, гэткім чынам краіна хоча "утаймаваць наплыў нелегальных імігрантаў і змагацца з мафійнымі структурамі, якія перакідваюць імігрантаў праз мяжу і эксплуатуюць гэтых няшчасных людзей".

Дзюскэсн паведаміў, што зараз ў Бэльгіі знаходзяцца як мінімум 60 тысяч нелегальных імігрантаў, якія лічаць ягоную краіну "раем". Ёсьць таксама праціўнікі "шэнгенскай зоны" наагул. Яны лічаць, што дзякуючы ёй нелегальныя імігранты могуць свабодна перамяшчацца па заходняй Эўропе, калі толькі пераедуць мяжу адной з краінаў "шэнгенскай зоны".

Усьлед за Бэльгіяй аналягічнае рашэньне прыняў Люксэмбург. Прадстаўнік гэтай краіны адзначыў, што гэткім чынам плянуецца адрэзаць, ў прыватнасьці, "каналы наплыву імігрантаў з Ўсходняй Эўропы". Антырасісцкія групоўкі пратэставалі сёньня ў Брусэлі супраць рашэньня ўраду. Бэльгійскі Рух супраць расізму, антысэмітызму іксэнафобіі перасьцярог, што новае рашэньне адновіць дыскрымінацыю неэўрапейцаў.

Іншыя краіны "шэнгенскай зоны" пакуль паўстрымоўваюцца з падобнымі крокамі, аднак мяркуецца, што і яны могуць пайсьці за прыкладам Бэльгіі і Люксэмбургу. Задаволеньне крокам Бэльгіі і Люксэмбуругу не хаваюць Ірляндыя і Вялікабрытанія, якія не прыступілі да "Шэнгенскага пагадненьня". Урады гэтых краінаў завілі, што па свойму спраўляюцца з праблемай іміграцыі, але відавочна, сваю ролю адыграла боязь перад стратай сувэрэнітэту.

Прадстаўнік ценявага ураду Вялікабрытаніі Джон Мэйплс выказаў думку, што яго караіна зрабіла правільна, не далучачыўшыся да пагадненьня. На ягоную думку, пагадненьне ў сапраўднасьці не існуе, калі кожная краіна можа адвольна яго парушаць.

Аднак, паводле ангельскай гэзэты "The Guardian", Бэльгія не парушыла "пагадненьне", паколькі ў разе выключнай патрэбы яно дазваляе на некаторы час узмоцніць памежны кантроль. Аднак газэта лічыць, што пагадненьне заключае ў сабе ўнутраную супярэчнасьць. Паводле ангельскай газэты, крок Брусэлі можа мець сур'ёзныя наступствы і прывесьці да таго, што заміж пашырэньня зоны бязьвізавага рэжыму, яна будзе звужацца.

Бэльгія – невялікая краіна, але яна зьяўляецца сядзібай шэрагу эўрапейскіх інстытутаў. Часовае узмацненьне памежнага кантролю, – адзначае "The Guardian", – сьведчыць таксама аб тым, што сумесная палітыка краінаў Эўразьвязу ў галіне кантролю за нелегальнай іміграцыяй проста ня дала вынікаў.

Між тым, для многіх беларусаў куды важнейшая можа быць пастанова Чэхіі. Напрыканцы сьнежня ўрад гэтай краіны прыняў закон "Аб побыце чужынцаў на тэрыторыі рэспублікі". Закон ня ўводзіць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі. Ён акрэсьлівае два віды прабываньня чужынцаў на тэрыторыі Чэхіі: часовае і пастаяннае. У кожным разе, закон выклікаў шэраг ускладненьняў, паколькі ня ўсе ведаюць, чаго патрабуе ад іх новы закон. Менавіта новыя патрабаваньні, аб якіх шматлікія прыежджыя проста ня ведалі, выклікаюць доўгія чэргі на мяжы.

Такім чынам нагадаем, што ад турыста зь Беларусі пры ўезьдзе ў Чэхію памежныя службы гэтай краіны запатрабуюць ад яго наступныя дакуманты: пашпарт, запросіны ад чэскага грамадзяніна або установы, мэдычную страхоўку на час плянаванага перабываньня ў Чэхіі, прычым прызнаецца беларускі страхавы поліс, пацьверджаньне, што турыст зь Беларусі мае дзе жыць на працягу плянаванага прабываньня ў Чэхіі, дзьве фатаграфіі для запаўненьня дзьвюх анкетаў: адну ён пакідае пры уезьдзе, а другую пры выезьдзе, і, нарэшце білет на выезд з Чэхіі.

Акрамя таго, кожны турыст зь Беларусі павінен мець пры сабе 30 даляраў ЗША на кожны дзень перабываньня на тэрыторыі Чэхіі. Ад колькасьці грошаў залежыць "памежны суправаджальны штамп" з дазволам на прабываньне на тэрыторыі Чэхіі.

Значна цяжэй таксама будзе цяпер атрымаць дазвол на працу ў Чэхіі. Для атрыманьня такога дазволу трэба будзе зьвяртацца не ў паліцыю, будучы ужо, напрыклад, у Празе, але на месцы, ў чэскай амбасадзе ў Менску.

Чэская газэта "Mlada Fronta Dnes" лічыць, што новы закон "дыскрымінацыйны", паколькі ўводзіць падзел чужынцаў на дзьве катэгорыі: беспраблемныя і праблемныя. Да першай катэгорыі належаць краіны Заходняй Эўропы і такія, як ЗША або Канада. Да другой – краіны былога Савецкага Саюзу і такія, як Баўгарыя або Румынія. Розьніца паміж імі хаця б у тым, што ад гэтых праблемных патрабуюцца дадатковыя дакумэнты.

У адказ на крытыку ў адрас ініцыятараў новага закону намесьнік міністра ўнутраных справаў Чэхіі Яраслаў Копшыва заявіў, што закон ў ніякім выпадку не "дыскрымінацыйны". На пачатку ён будзе ўскладненьнем для саміх прыежджых і для памежных службаў, але ў далейшай пэрспэктыве дазволіць прадухіліць нелегальную, перш за ўсё ,заробкавую іміграцыю, а таксама злачыннасьць ў краіне".

XS
SM
MD
LG