Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

У Барысаве ў мінулыя выхадныя мясцовыя ўлады зьдзейсьнілі спробу сарваць турнір "маладафронтаўскіх" футбольных камандаў на прызы тутэйшае прыватнае беларускае газэты "Афсайд", западозрыўшы ў гэтых спаборніцтвах палітычную акцыю.

Учора ўвечары, калі ў гатэлі "Бярэзіна" пераможцам турніру – футбалістам з камандаў "Волат" (Барысаў), "Печы " (мястэчка Печы Барысаўскага раёну) і "Малады Фронт" ( Менск ) уручаліся прызы, заснавальнік газэты "Афсайд" Сяржук Салаш павіншаваў спартоўцаў яшчэ з адной перамогаю – над барысаўскай намэнклятураю. Яна прыкладала вялікія намаганьні, каб гэтыя спаборніцтвы не адбыліся.

Напярэдадні падпалкоўнік міліцыі Падабед, які выконвае абавязкі начальніка нутраных спраў, правёў адмысловыя гутаркі зь лідэрамі мясцовых філіяў БНФ (пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі), БСДП "Народная Грамада", Сацыял-дэмакратычнае Грамады. Ён паведаміў, што не ўсім у Менску й Барысаве падабаецца маючы адбыцца "маладафронтаўскі" футбольны турнір. І навогул, наступным разам арганізатары павінны загадзя паведамляць міліцыі пра спартовыя акцыі.

Яшчэ адзін удар арганізатары спаборніцтваў атрымалі ад дырэктара беларускай гімназіі спадара Васькоўскага. Ён паведаміў, што ў гімназіі нібыта здарылася аварыя з электраабсталяваньнем, а таму ў спартовай зале праводзіць турнір нельга. Пасьля папрокаў арганізатараў дырэктар прызнаўся: загад не пускаць у гімназыю футбалістаў зыходзіць ад кіраўніка гарадзкога выканаўчага камітэту спадара Бургуна.

У суботу ж ураніцу, калі блізу сотні футбалістаў усё ж завіталі на двор гімназыйнага будынку, іх там ужо чакаў ня толькі спадар Васькоўскі, але й міліцыянты пры "варанкох". Дырэктар гімназіі, на рахунак якой за карыстаньне спартовай заляй арганізатары турніру папярэдне пералічылі блізу 30 мільёнаў рублёў, не дазволіў праводзіць спаборніцтвы й на стадыёне.

Барысаўцы знайшлі ў горадзе паўзакінуты стадыён і ўсё ж правялі турнір. Праўда, гэта ўжо быў ня міні-футбол, а футбол на сьнезе. Тым ня меней, заўзятараў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі тут было нямала.

Сёньня з адпаведнай заяваю наконт гэтага інцыдэнту з крытыкаю на адрэсу мясцовых уладаў выступіла рэгіянальнае прадстаўніцтва Гэльсынскага камітэту. Арганізатары спаборніцтваў рыхтуюць судовы зыск да Барысаўскага гарадзкога выканаўчага камітэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG