Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

На мінулым тыдні выконваючы абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін выдаў загад пра абавязковы 100-адсоткавы продажы валюты, атрыманай ад экспартных апэрацыяў. Аналіз першых крокаў новага кіраўніцтва Расеі, мэханізмаў прыходу Пуціна да ўлады й магчымых наступстваў для Беларусі даў у інтэрвію нашаму радыё віцэ-прэзыдэнт Зьвязу прадпрыймальнікаў Беларусі, кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў будучыні Аляксандар Патупа.

Эканамічныя погляды Ўладзімера Пуціна на працягу ягонага прэм'ерства заставаліся таямніцаю: у ягоных заявах кожны чуў тое, што хацеў пачуць.

Высокія ўсясьветныя цэны на нафту – адзін з галоўных экспартавых тавараў Расеі – дазвалялі пазьбягаць непапулярных захадаў, і, фактычна, проста падтрымліваць ранейшы стан эканомікі. Рашэньне пра абавязковы 100-адсоткавы продаж валюты – па сутнасьці, першае пэўнае эканамічнае рашэньне новага кіраўніка Расеі.

Захады гэтыя, безумоўна, цяжка назваць лібэральнымі. Але, на думку Аляксандра Патупы, справа тут не ў эканамічных поглядах Пуціна, а ў палітычным становішчы.

(Патупа: ) "Гэта ня вельмі складанае пытаньне, таму што няма валюты ў расейскай казьне, і гэты праект Герашчанкі і Пуціна вельмі зразумелы. Патрэбная валюта, патрэбныя даляры, бо ідзе чачэнская вайна, і ўвесь прыбытак ад нафты (мы ведаем, што нафта мае вельмі вялікі кошт), дык вось увесь гэты прыбытак пайшоў на гэтую вайну. Іншая справа, што ёсьць "росспуціншчына" (з двума "с")".

На думку спадара Патупы, і напад баевікоў на Дагэстан, і выбухі ў расейскіх гарадох, учыненыя невядомымі злачынцамі – ўсё гэта было маштабнай пастаноўкаю, якая мела на мэце забясьпечыць выгадную пераемнасьць улады ў Расеі.

Аляксандар Патупа лічыць, што гэтыя падзеі – той крук, пры дапамозе якога "сям'я" зможа рэгуляваць паводзіны спадкаемцы Ельцына. "З усёй гэнэрацыі гэбісцкіх прэм'ераў – Прымакоў, Сьцяпашын, Пуцін – толькі апошні згадзіўся на гэты варыянт", – адзначыў мой суразмоўца. І датэрміновы зыход Ельцына аналітык разглядае як сродак забесьпячэння хуткіх выбараў таго пераемніка, якога прызначыла "сям'я".

Спадар Патупа падкрэсьліў, што дзеля пасьпяховай рэалізацыі гэтага варыянту трэба весьці працяглую вайну зь пераможнымі рэляцыямі. Але вайна нямала каштуе – вось на яе і пойдуць грошы, атрыманыя ў выніку ўвядзеньня абавязковага 100-адсоткавага продажу валюты.

Аляксандр Патупа адзначыў, што сытуацыя ў двухбаковых беларуска-расейскіх стасунках з прыходам Пуціна йстотна зьмянілася: гэта ўжо не гульня ў дзядулю й любімага ўнучка: Пуцін – аднагодак Лукашэнкі, прычым аднагодак вельмі жорсткі.

Аналітык прагназуе, што цяпер Крэмль ня пойдзе на парушэньне канстытуцыйнае раўнавагі ў Расеі і стварэньне адзінае дзяржавы з адмысловым статусам Беларусі. На думку Патупы, любыя "шлюбныя" прапановы Лукашэнкі будуць сустрэтыя жорсткімі прапановамі ўвайсьці ў склад Расеі і "не дурыць галавы"…

Гэта – даволі небясьпечная пэрспэктыва, – падкрэсьліў аналітык, паколькі ў Масквы застаюцца вельмі сур'ёзныя рычыгі ўзьдзеяньня, і, калі гэта палічаць патрэбным, у Маскве могуць вельмі моцна выкруціць рукі Менску, – лічыць віцэ-прэзыдэнт Зьвязу прадпрыймальнікаў Беларусі Аляксандар Патупа.

XS
SM
MD
LG