Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Так званае "сьвяточнае замірэньне" у Чачні працягнулася нядоўга. Замежныя сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра новыя пасьпяховыя контраатакі чачэнскіх адзелаў супраць федэральных войскаў. Тым часам расейскія грамадзяне ў сацыялягічных апытаньнях пачалі выказвацца супраць далейшых ахвяраў у чачэнскай вайне, а маскоўскае кіраўніцтва на чале з Пуціным гатовае дапусьціць Эўрапейскі Зьвяз да ўдзелу ў разьвязаньні канфлікту на пэўных умовах.

"Гарматы гатовыя?" "Аб'ект бачу!" "Шчасьлівых Калядаў!" – з гэтай камандай чарговы залп расейскіх гарматаў скаланае чачэнскія пазыцыі блізу горнага паселішча Дубай-Юрт на поўдні Чачні. Так пачынаецца артыкул у сёньняшнім нумары "New York Times", прысьвечаны сытуацыі ў Ічкерыі.

Газэта зазначае, што выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін зявіў аб прыпыненьні гарматнага абстрэлу ды бамбаваньня Грознага з прычыны праваслаўных Калядаў, якія супалі з заканчэньнем мусульманскага сьвята рамадан. Але насамрэч жорсткія баі адбываліся ў нядзелю ў гарах і на раўніне, паколькі абодва бакі палічылі гэты час найбольш спрыяльным для нападу.

Некалькі сотняў чачэнскіх байцоў абкружылі штаб-кватэру расейскага камандаваньня ў Аргуне – месцы на ўсходзе Чачні, захопленым расейскімі войскамі (калі верыць расейкім СМІ) яшчэ на пачатку сьнежня.

Жорсткія сутыкненьні адбываліся ў накірунку Шалі, на паўднёвым усходзе ад чачэнскай сталіцы Грознага. Паведамлялася таксама пра атакі на прымесьці Гудэрмесу, другога паводле велічыні места ў Чачні, якое расейцы меліся выкарыстаць у якасьці адміністрацыйнае сталіцы кантраляванай імі чачэнскае тэрыторыі. Паводле іншай амэрыканскай газэты, "Los Angeles Times", прынамсі 500 чачэнскіх байцоў атакавалі расейскія сілы блізу Гудэрмесу.

Паведамленьні аб спробах прарвацца праз расейскія кантрольна-прапускныя пункты паступалі з усяе Чачні, у тым ліку, з паўднёвага фронту ў раёне Дуба-Юрту.

Дуба-Юрт месьціцца на самым паўночным адрэзку Каўказкага грэбеню, на ахутаным хмарамі горным плято. Тут праходзіць дарога да Аргунскага перавалу – галоўнага шляху, які вядзе з цэнтральнае Ічкерыі да чачэнскіх базаў у гарах на поўдні рэспублікі і, магчыма, у суседняй Грузіі, мяжа зь якой пачынаецца ў сарака кілямэтрах на поўдзень.

Як піша "New York Times", расейцы спрабуюць замкнуць гэты шлях і зьнішчыць базы чачэнцаў з абодвух бакоў перавалу. Чачэнскія атрады, са свайго боку, намагаюцца прарвацца з поўначы да Грознага ды раўніннае часткі Ічкерыі, каб захапіць ініцыятыву і дапамагчы сваім паплечнікам у сталіцы.

Паводле рапарту аднаго з расейскіх вайскаводаў, чачэнцы хочуць паўтарыць сцэнар вайны ў Чачні 96-га году, – піша "New York Times". Паводле карэспандэнта газэты, баі за Дуба-Юрт вядуць 160-ы полк і 138-я матарызаваная пяхотная брыгада. Маладыя расейскія жаўнеры пакутуюць ад холаду, які прабірае да касьцей ды захлынаюцца ў брудзе, у якім загразае транспарт. Танкісты, апранутыя ў лёгкія кашулі, мусяць нацягваць на сябе шынялі, каб засьцерагчыся ад прастуды. Экіпажы танкаў перасяліліся ў палаткі з ацяпленьнем, разьбітыя сярод бруду напалам са сьнегам.

У баях за авалоданьне перавалам расейскія сілы пасунуліся ў горы і захапілі ўжо некалькі вышыняў. Але ім трэба ўзяць дьве ключавыя вяршыні, адна зь якіх атрымала назоў "д'ябальскай гары", бо яе вышыня – 666 мэтраў, – піша аўтар артыкулу ў "New York Times" Майкл Гордан.

Паводле "Los Angeles Times", у нядзелю, нягледзячы на паведамленьні пра кепскае надвор'е, прэсавы цэнтар міністэрства абароны Расеі заявіў, што расейская авіяцыя 80 разоў бамбавала чачэнскія аб'екты ў гарах.

Брытанская "Finantial Times" прыводзіць словы выканаўцы абавязкаў начальніка штабу заходняе групоўкі федэральных сілаў у Чачні Вячаслава Ікаева аб тым, што чачэнскія сілы ўступілі ў бой пасьля таго, як абкружылі штаб-кватэру камандаваньня ў Аргуне й чыгуначную станцыю. Прэсавы сакратар чачэнскага ўраду Маўладзі Удугаў заявіў, што чачэнскія атрады вярнулі пад свой кантроль колькі населеных пунктаў, захопленых расейскімі войскамі яшчэ ў верасьні.

Баі – піша далей газэта – распачаліся пасьля таго, як расейкія войскі перагрупавалі свае сілы вакол Грознага, рыхтуючыся да новага наступу, і калі баявыя дзеяньні былі прыпыненыя на час праваслаўнага Раства, а потым адноўленыя расейскім камандаваньнем.

Атакі чачэнскіх атрадаў сталіся чарговым сюрпрызам для тых, хто лічыў, што расейскія сілы ня сустрэнуць надта моцнага супраціву. Некаторыя ваенныя аналітыкі ў Расеі лічаць, што поўная перавага федэральных войскаў павінная ўрэшьце выявіцца. Цяпер там 100 тысячаў расейкіх вайскоўцаў супраць 2-х тысячаў абаронцаў Грознага.

Паводле афіцыйных зьвестак, цягам баявых дзеяньянў у Чачні 465 вайскоўцаў былі забітыя, і больш як паўтары тысячы – параненыя. Аднак, у камітэце салдацкіх мацярок лічаць гэтыя зьвесткі вельмі заніжанымі.

Сацыялягічныя апытаньні ў Расеі паказваюць, што грамадзкасьць падтрымлівае вайну ў Чачні, але пры гэтам яна супраць далейшага павелічэньня чалавечых ахвяраў – піша "Finantial Times". Тым часам, як паведамляе брытанская газэта, Масква завіла, што Эўрапейскі Зьвяз мог бы садзейнічаць перамовам у Чачні, але толькі пры ўмове прызнаньня яе часткай расейскае тэрыторыі. Прэм'ер-міністар Фінляндыі Паава Ліпанэн сказаў учора, што выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін накіраваў у Эўрапейскі Зьвяз ліст з адказам на крытыку вайны, якую вядзе Расея на Каўказе. Ён прызнаў, што канчатковае разьвязаньне канфлікту можа быць толькі палітычным, і што расейскі ўрад гатовы дамаўляцца з усімі, хто прызнае цэласнасьць расейскай федэрацыі – сказаў Ліпанэн. Паводле ягоных словаў, Пуцін пацьвердзіў гатовасьць расейкага ўраду прыняць гуманітарную дапамогу ад міжнародных арганізацыяў – такіх як ААН, Чырвоны крыж альбо Эўрапейскі зьвяз.

XS
SM
MD
LG