Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

"Савецкі Саюз і дзяржаўнае плянаваньне ў эканоміцы пахаваныя, цэны сталі свабоднымі, расейскі рубель канвэртаваным, а маёмасьць – прыватнай, але па-ранейшым, нягледзячы на 10-гадовую эру Ельцына, савецкая сьвядомасьць і звычаі ўсё яшчэ моцна ўкаранёныя ў расейскае грамадзтва," – так пачынаецца камэнтар Марыэлі Эйдэс з інфармацыйнага агенцтва "France Press".

Савецкая спадчына па-ранейшаму моцна ўплывае на стан расейскай гаспадаркі, піша Марыэля Эйдэс, і менавіта яна тлумачыць некаторыя анамаліі расейскага рынку. Адна з найбольш характэрных рысаў плянавай гаспадаркі – выключная эканамічная спэцыялізацыя расейскіх рэгіёнаў, і пераадолець яе вельмі цяжка.

На думку французскага эканаміста з Парыскага інстытуту грамадзкіх навукаў Жака Сапіра, цэлыя рэгіёны пабудаваныя як маналіты на нейкай адной індустрыяльнай спэцыялізацыі, і яны ня ў стане ад яе пазбавіцца.

Такія індустрыяльныя рэгіёны, як Томскі ці Омскі ва Уральска-Сібірскім рэгіёне, маюць выразную спэцыялізацыю, падобна як Падмаскоў'е – тэкстыльную. Захаваліся старыя звычаі, якія сьведчаць, што працэс зьменаў далека ня скончаны.

Іншы французскі навуковец Жэрар Вільд прыгадвае той факт, што ў Расеі ўсё яшчэ захаваўся звычай так званага бартарнага гандлю, распаўсюджаньню якога садзейнічала "ультра-манэтарная" палітыка 1992 – 94 гг. Яна таксама абапіралася на савецкую спадчыну фізычнага абмену таварамі паміж кампаніямі.

Расейская бюракратыя прызвычаілася кантраляваць рэсурсы рэгіёнаў, вырашаць: жыць ці памерці таму ці іншаму прадпрыемству. У Расеі адсутнічае бізнэсовая культура, няма сыстэмы, якая б садзейнічала дынамічнаму разьвіцьцю малога бізнесу," – лічыць Жак Сапір.

На ягоную думку, у Савецкім Саюзе падрыхтоўваліся мэнэджэры і інжынеры, якія ведаюць, як наладзіць вытворчасьць, але ня ведаюць як прадаць гатовы тавар.

Так, напрыклад, аўтамабільны завод ВАЗ ня здолеў стварыць сваю ўласную дылерскую сетку, і тады бізнэсмэн Барыс Беразоўскі арганізаваў кампанію "Логоваз", якая і занялася продажам аўтамабіляў незалежна ад ВАЗу.

У выніку падобнай практыкі ў Расеі непамерна разрасьліся сеткі продажу і пасярэдніцтва. Яны паразытуюць на вытворцах.

Эканаміст Жэрар Вільд лічыць, што гэты стары савецкі падыход ужо не дамінуе. Усё шырэй і шырэй распаўсюджваюцца новыя мэтады, але менавіта савецкая спадчына выклікае шматлікія цяжкасьці і не дазваляе гаспадарцы ўступіць у перыяд стабільнага росту.

Шмат савецкага назіраецца і ў палітычным жыцьці краіны. Гэта перш за ўсё моцнае спалучэньне паміж палітычнай і фінансава-эканамічнай элітамі.

Камуністычная партыя заўсёды крытыкавала "семейственность" ці палітыку стварэньня кланаў, але мала што рабілася, каб не дазволіць зьяўленьня падобных кланаў, і сёньня яны пануюць у калідорах улады Крамля.

Парадаксальна, лічыць Сапір, але гэтыя савецкія праявы назіраюцца сярод лібэральных рэфарматараў. Самі яны лічаць сябе часткаю асьвечанага авангарду, і гэтае пачуцьце дае ім магчымасьць апраўдваць свой кантроль над сродкамі масавай інфармацыі і над палітыкай уладаў. Яны разглядаюць гэта як элемэнт дэмакратыі.

Жэрар Вільд падсумоўвае, што цяпер вельмі цяжка зразумець, што ў сёньняшняй расейскай рэчаіснасьці ўзятае з царскага часу, што з савецкай эпохі, а што зьяўляецца элемэнтам сучасных мэтадаў мадэрнізацыі. Пытаньне прыватнай уласнасьці на зямлю, лічыць ён, мае такі самы эмацыйны ўплыў на грамадзтва, як і ў царскі час.

"Расея ў пераходным пэрыядзе, і мы ня ведаем, што чакае яе ў канцы тунеля." – Такое падсумаваньне робіць французскі эканаміст Жэрар Вільд у размове з карэспандэнткай АФП Марыэляй Эйдэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG