Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў рыхтуе спэцыяльны і, як лічаць некаторыя аналітыкі, даволі спрэчны даклад у справе cусьветнай міграцыі. У дакладзе сьцьвярджаецца, што калі краіны Заходняй Эўропы хочуць захаваць сёньняшні ўзровень колькасьці свайго насельніцтва і колькасьць рабочай сілы, яны павінны прыняць у сябе на працягу бліжэйшых 50 гадоў дзясяткі мільёнаў імігрантаў.

Джозеф Чамі, дырэктар аддзелу ААН у справах народанасельніцтва, прызнае, што даклад можа выклікаць гарачыя дыскусыі ў Эўропе, якая ў адрозьненьне ад ЗША, Канады і Аўстраліі вельмі непрыхільна ставіцца да новых імігрантаў. Ён падкрэсьліў, што грамадзкая думка практычна ва ўсіх заходнеэўрапейскіх краінах мае выразныя антыімігранцкія тэндэнцыі, а эўрапейскія палітыкі выступаюць спроць іміграцыі, бо баяцца беспрацоў'я. Такі самы стасунак да імігрантаў маюць і прафсаюзы, бо ня хочуць канкурэнцыі на рынку рабочай сілы.

Але падобнае стаўленьне, лічыць Чамі, недальнабачнае. Раней ці пазьней яно можа нэгатыўна адбіцца на ўнутранай сытуацыі ў Заходняй Эўропе.

Паводле вынікаў дасьледаваньняў экспэртаў ААН, калі цяперашнія тэндэнцыі захаваюцца, дык насельніцтва Нямеччыны да 2050 году скароціцца з 82 да 73 мільёнаў, Вялікабрытаніі – з 59 да 56 млн., Японіі – са 126 да 104 млн. Найбольшае ж скарачэньне лічбы насельніцтва будзе ў Італіі: з 57 да 41 млн.

Каб захаваць узровень насельніцтва на сёньняшнім узроўні толькі Нямеччына павінна прыймаць штогод да 500 тыс. новых імігрантаў. Італія патрабуе штогод 300 тыс. імігрантаў.

Сёньня ў Нямеччыне на адного пэнсіянэра прыпадае чатыры з паловаю тых, хто працуе. Але ў 2050 годзе на аднаго пенсіянэра будзе працаваць тут толькі два чалавекі. У Японіі сёньня прыблізна 15% насельніцтва – гэта людзі ва ўзросьце звыш 65 гадоў, але, калі ў тэндэнцыях народанасельніцтва тут нічога не зьменіцца, дык праз 50 гадоў адсотка старых тут узрасьце больш як удвая.

У дакладзе ААН падкрэсьліваецца, што падобныя нэгатыўныя тэндэнцыі не закрануць ЗША, дзе колькасьць насельніцтва на працягу паўстагодзьдзя ўзрасьце з 276 млн. да 349 млн., і адбудзецца гэта дзякуючы лібэральнай міграцыйнай палітыцы Амэрыкі.

Джозеф Чамі выступіў з рэкамэндацыяй заходнеэўрапэйскім краінам і Японіі зьмяніць іх іміграцыйную палітыку і пачаць прыймаць вялікую колькасьць новых імімгрантаў. На ягоную думку, каб прадухіліць крызіс можна цяпер зрабіць тры наступныя рэчы: падняць мяжу пэнсійнага ўзросту, скараціць усе тыпы сацыяльнай дапамогі, а таксама ўзіняць заробкі.

"Мы, вучоныя-дэмографы, – падкрэсліў Чамі, – мы не даем гатовых рэцэптаў. Але, калі вы не пачнеце прыймаць імігрантаў, а сытуацыя з натуральным прыростам насельніцтва ня зьменіцца, вам давядзецца мець дачыненьне са старым і нешматлікім насельніцтвам. Мы адчуваем адказнасьць за тое, каб паказаць вам сутнасьць сучаных дэмаграфічных тэндэнцыяў".

Даклад аналізуе дэмаграфічную сытуацыю ў наступных краінах: Францыі, Нямеччыне, Італіі, Японіі, Расеі, Паўднёвай Карэі, Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатах Амэрыкі. У ім разглядаюцца чатыры магчымыя сцэнары разьвіцьця дэмаграфічнай сытуацыі ў гэтых краінах. І для кожнай краіны даюцца парады, які ўзровень міграцыі для яе патрэбны, каб пазьбегнуць клопатаў у ХХІ стагодзьдзі.

У дакладзе падкрэсьліваецца, што галоўная праблема – гэта старэньне насельніцтва. "Уявіце сабе, – заявіў на прэсавай канфэрэнцыі Джозеф Чамі, кіраўнік аддзелу ААН у справах народанасельніцтва, – што праз 50 гадоў вы ідзеце па вуліцы, і кожны другі, каго вы сустракаеце, гэта чалавек ва ўзрсьце больш за 65 гадоў".

XS
SM
MD
LG