Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

9 студзеня ва Ўзбэкістане пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Пра кандыдатаў на гэтую пасаду, а таксама пра перадвыбарчую сытуацыю ў краіне з журналісткай узбэцкай рэдакцыі Радыё Свабода Адалат Наджымавай гаворыць Сяржук Сокалаў-Воюш:

(Карэспандэнт: ) "Адалат, якія дасягненьні рэжыму Карымава ў эканоміцы, палітыцы і культуры?"

(Наджымава: ) "Справа ў тым што ўзровень жыцьця насельніцтва працягвае заставацца вельмі нізкім і нават пагаршаецца год ад году. Напрыклад сярэдні заробак чалавека, які жыве ва Ўзбэкістане, складае каля 10 даляраў. Гэтым шмат што можна растлумачыць. У гэтай маленькай лічбе, па-мойму, адлюстраваны ўзровень эканомікі. Яшчэ адзін прыклад: адсутнасьць канвэртацыі ў рэспубліцы ад пачатку здабыцьця незалежнасьці. А гэта адзін з асноўных паказчыкаў разьвіцьця эканомікі. Няма канвэртацыі – няма ўмоваў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. Кавэртацыю мае невялікая колькасьць буйных фірмаў такіх як аўтамабільная "Дэа карпарэйшан", ці "Ньюмант голд манін", што займаецца здабычай золата. Усе яны супрацоўнічаюць з урадам. Гэта, так бы мовіць, адносіны на ўзроўні дзяржавы. Карацей, эканоміка краіны знаходзіцца на досыць нізкім узроўні.

Што тычыцца палітыкі, то яна набывае ўсё больш і больш аўтарытарную афарбоўку. Прэзыдэнт рэспублікі Іслам Карымаў узяў у свае рукі ўсю ўладу. Яму падначаленыя і войска і камітэт бясьпекі. Ён ёсьць старшынём ураду.

Што ж да культуры, то ёйны ўзровень ёсьць адбіткам узроўню эканомікі. Там дзе эканоміка знаходзіцца на нізкім узроўні – казаць пра пад'ём і росквіт культуры – не даводзіцца".

(Карэспандэнт:) "У якой атмасфэры будуць праходзіць выбары?"

(Наджымава: ) "Паводле заходніх назіральнікаў, прэзыдэнцкія выбары ў Рэспубліцы Ўзбэкістане будуць адбывацца ў недэмакратычных умовах. Ужо на сёньня прыкладна вядомы расклад галасоў паміж прэтэндэнтамі – Ісламам Карымавым і ягоным так званым апанэнтам Абдулхафезам Джалалавым. Ужо цяпер вядома, што бальшыня насельніцтва будзе галасаваць за Карымава. Парадаксальна тое, што Абдулхафез Джалалаў, які, паводле розных крыніцаў, прызначаны на апанэнта самім Карымавым, у сваіх перадвыбарчых выступах агітуе насельніцтва галасаваць за Карымава. Гэта значыць, што такія выбары нават назваць альтэрнатыўнымі ці дэмакратычнымі нельга. Да таго ж, у краіне няма рэальнай апазыцыі, а тая, што была – альбо выгнаная з Радзімы, альбо пакінула яе сама".

(Карэспандэнт: ) "Пытаньне іслямскага фундамэнталізму. Наколькі яно актуальнае ва Ўзбэкістане, і як яно можа праяўляцца ў працэсе выбараў?"

(Наджымава:) "Фактар іслямскага фундамэнталізму дапамагае таму, што прэзыдэнт рэспублікі Іслам Карымаў узмацняе рэпрэсыі. Асабліва гэта відаць пасьля леташніх (16-га лютага) выбухаў у Ташкеньце. Можна адзначыць, што калі пазалетась тагачасны старшыня Арганізацыі Бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Гярэмек прыяжджаў ва Ўзбэкістан, ён папярэдзіў Карымава, што рэпрэсыі супраць рэлігійных людзей, супраць вернікаў, могуць стацца алжырызацыяй краіны. Гэта значыць, што грамадзтва, так бы мовіць, падзеліцца на процілеглыя часткі. Тады Карымаў яму адказаў, што гэта дастаткова сур'ёзная пагроза ня толькі для Ўзбэкістану, а й для ўсяго рэгіёну.
Карацей, цяпер мы бачым, што гэты фактар ужо йснуе, але, паводле некаторых заходніх аналітыкаў, менавіта палітыка Карымава і пацягнула за сабой рэдыкалізацыю грамадзтва, рэдыкалізацыю рэлігійных плыняў. Калі ад пачатку яны былі, скажам так, мяккія, то цяпер палітыка рэпрэсыяў, арыштаў і так далей прывяла да таго, што ад пачатку мірныя іслямскія групы, цяпер радыкалізаваліся".

З журналісткай Адалат Наджымавай гаварыў

XS
SM
MD
LG