Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

Эканамічны агляд тыдню прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Новы гаспадарчы год пачаўся з падзеяў, якія не спрыяюць аптымізму. Дагэтуль не прыняты бюджэт на 2000 год. Ані гэтак званая "Палата прадстаўнікоў", ані ўрад ня могуць знайсьці падыходы, як разьмеркаваць бюджэтныя сродкі. Занадта шмат патрэбаў, ня меней і лябістаў.

Такая тупіковая сытуацыя ўзьнікла таму, што ў Беларусі бюджэт фармуецца вельмі своеасаблівым чынам. Трэба спачатку падлічваць прыбыткі, а потым суадносіць іх з выдаткамі, а не наадварот, як робіць Міністэрства фінансаў, выконваючы загад ўраду.

Калі б бюджэт разьлічваўся правільна, то ўсе ўбачылі б, што нельга ўтрымліваць такія агромністыя праваахоўныя ворганы, на якія выдаткоўваецца больш як дзесяць адсоткаў бюджэту; што няма за што будаваць лядовыя палацы ды траціць на падарожжы чыноўнікаў мільёны даляраў.

У бюджэце прадугледжаная інфляцыя ў памеры 4,5-5,5% за месяц. Зафіксаваная яна і ў валютным курсе рубля. Менавіта з прычыны таго, што ўрад ня можа спыніць інфляцыю, Нацыянальнаму банку не ўдаецца зрабіць хоць які значны крок на шляху ўсталяваньня адзінага валютнага курсу.

Сапраўды, у канцы сьнежня Нацыянальны банк устанавіў курс наяўнага даляра ў камэрцыйных банках на ўзроўні вольнага рынку. Але ўжо на першым тыдні новага году выявілася, што спаборніцтва з рынкам не закончылася, і адзінага валютнага курсу пакуль няма.

Пры продажы даляраў на вольным рынку сёньня можна атрымаць на 30-40 тысячаў рублёў болей, чым у камэрцыйных банках. І трымальнікі валюты зноў аддаюць перавагу рынку.

Чаму стварылася такая сытуацыя? Таму што на вольным рынку пільна сочаць за кан'юктураю, і калі прадбацыцца далейшы рост інфляцыі, неадкладна рэагуюць на гэта.

З 4 студзеня павысіліся кошты на вадкае паліва ў сярэднім на 30%, а на самае ходкае дызэльнае паліва – аж на 41%. І гэта, між іншым, пасьля таго, калі толькі месяц таму – 3 сьнежня – цэны на нафтапрадукты ўжо былі падвышаныя – на 12-15%.

Няцяжка прадбачыць, што гэта будзе моцна падвышаць кошты вытворчасьці, а праз гэта ўзмоцніцца інфляцыя.

Выглядае дзіўным урадавае апраўданьне росту цэнаў. Маўляў, трэба скараціць спажываньне паліва, каб назапасіць яго дзеля веснавой сяўбы.

З далейшым ростам інфляцыі зьвязанае і чарговае падвышэньне заробкаў. Нягледзячы на тое, што гэтае падвышэньне ёсьць толькі кампэнсацыяй інфляцыі ў чацьвертым квартале мінулага году, яно стварае ўмовы дзеля далейшага росту цэнаў.

Паспрыяе інфляцыі і падвышэньне з новага году цэнаў на некаторыя камунальныя паслугі на 8%. У прыватнасьці, вырасьлі кошты на халоднае водазабясьпячэньне, каналізацыю і вываз сьмецьця.

Застаецца ў 2000 годзе й застарэлая хвароба мінулага году – запазычанасьць у заробках. Яна дасягае сёньня каля 8 мільярдаў дэнамінаваных рублёў. Гэтыя грошы трэба людзям аддаць, і яны стануць рэзэрвам інфляцыі попыту.

Усе гэтыя чыньнікі і ўлічваюцца на вольным валютным рынку, на якім курс рубля імкліва рухаецца да адзнакі 1000 рублёў за даляр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG