Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір заўтра)
Андрэй Клімаў дагэтуль знаходзіцца ў турэмным шпіталі, дзе праходзіць курс лячэньня пасьля таго, як яго зьбілі ў сьледчым ізалятары.
Абаронца Лявонава Барыс Звозкаў мяркуе, што баявыя патроны, нібыта знойдзеныя ў экс-міністра сельскае гаспадаркі, былі яму падкладзеныя сьледчымі.
Жонка Ўладзімера Кудзінава распавяла некаторыя падрабязнасьці пра тое, як дэпутат сустракаў у турме 2000 год.

Тацяна Клімава ў мінулы чацьвер паспрабавала накіраваць мужу ў турму перадачу з прадуктамі й падарункамі да Калядаў, але пакунак у яе не прынялі. Кантралёрка заявіла, што ў турэмным шпіталі іншыя парадкі, чым у сьледчым ізалятары, і Клімаў ужо выкарыстаў сваю месячную норму на перадачы.

Жонка дэпутата асабліва шкадуе, што не дайшлі пакладзеныя ў пакунак сала, гарбата й чакаляд. "Андрэй вельмі схуднеў, а ў шпіталі кормяць надзвычай дрэнна. Я ведаю, як ён чакаў гэтае перадсьвяточнае перадачы і як цяпер будзе расчараваны", – сказала Тацяна Клімава й падсумавала на адрэсу адміністрацыі шпіталя: "У іх усё скіравана на тое, каб зьдзеквацца над намі".

Пра здароўе Андрэя жонка толькі здагадваецца: "Паколькі яго не выпісваюць, відаць, справы ідуць дрэнна. У Андрэя балела сэрца й галава. І, напэўна, палёгкі няма".

Непакой адносна здароўя Васіля Лявонава выказала ягоная дачка Сьвятлана Ўласава. Яна паведамляе, што бацька мужна вытрымаў у судзе падзеі аўторка, калі пракурор запатрабаваў для яго восем гадоў турмы, але ў сьледчым ізалятары яму стала горш. У турэмных умовах абвастрыліся хранічныя хваробы.

І ўсё ж цяпер былы міністар ужо нават працуе – рыхтуе сваё заключнае слова, якое павінна прагучаць 11 студзеня. У прамове Васіль Лявонаў зьбіраецца даць адказ на ўсе вылучаныя супраць яго абвінавачаньні й даказаць іх беспадстаўнасьць.

"У тым ліку трэба паказаць і мэтоды, з дапамогаю якіх рыхтавалася гэтая справа", – кажа грамадзкі абаронца Лявонава, прадстаўнік Гэльсынскага камітэту Барыс Звозкаў. У якасьці прыкладу ён прыводзіць эпізод з баявымі патронамі, якія нібыта хаваў у сваім сэйфу Лявонаў.

Грамадзкі абаронца мяркуе, што патроны, хутчэй за ўсё, падкінулі. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што ператрус сэйфу быў праведзены з грубымі парушэньнямі закону. "Паняты – 18-ці гадовы хлопец – сам даставаў зброю і патроны з сэйфу. Цікава, а дзе былі супрацоўнікі МУС, КГБ, пракуратуры, якія кіравалі гэтым ператрусам? Зь якіх часоў у нас панятыя самі выконваюць актыўныя дзеяньні? Гэта вельмі грубае парушэньне. У пратаколе павінны быць пералічаныя ўсе ўдзельнікі ператрусу… І ўзьнікае пытаньне: а гэтыя трое цывільных, што дапамагалі рабіць ператрус (пра іх узгадваў на судзе паняты) – хто яны такія? Можа, злодзеі, крымінальнікі, якія супрацоўнічалі са сьледзтвам і гэтак зараблялі сабе палёгку? Ці не яны падкінулі гэтыя патроны?", – пытаецца Барыс Звозкаў.

Тое, што думае на гэты конт судзьдзя Чартовіч, мы даведаемся ў аўторак.

Ад вязьня Менскае калёніі на вуліцы Кальварыйскай Уладзімера Кудзінава наступныя зьвесткі. У лёсе дэпутата аніякіх зьменаў не адбылося, яму за кратамі сядзець яшчэ тры гады. "Надыход Новага году Ўладзімер сустрэў як прыкмету аднаўленьня і ўсім жадае ўсяго новага й лепшага", – паведамляе жонка Кудзінава.

Я патэлефаніў Зоі Кудзінавай і даведаўся ад яе пра некаторыя падрабязнасьці таго, як дэпутат сустрэў 2000 год. Кудзінавы толькі што атрымалі ад бацькі ліст. Зоя распавядае:

(Кудзінава: ) "Сядзелі яны да трэцяй гадзіны. Ім дазволілі сядзець. Там яму перад новым годам перадалі перадачу, там трохі шпротаў…ну і ўсё неабходнае, цукеркі. Ён кажа, нічога было, сьвяточна, па тых мерках, вядома".

Да гэтага пажаданьня свабоды для Ўладзімера і для ўсіх вязьняў рэжыму, безумоўна, далучацца ўсе сапраўдныя грамадзяне Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG