Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Летась Сынод Беларускага экзархату кананізаваў адразу 23 асобы, якія прынялі пакутніцкую сьмерць за Веру ў 30-50-я гады ХХ стагодзьдзя.

Сабор новых беларускіх праваслаўных пакутнікаў, як называюць гэтую групу сьвятых ерархі й вернікі Царквы, складаюць асобы духоўныя – сьвятары, расстраляныя НКВД ці закатаваныя ў канцлягерах у 30-я – 50-я гады.

Працу ў пошуку імёнаў і біяграфіяў клірыкаў Менскай эпархіі, закатаваных бальшавікамі, пачаў яшчэ пяць гадоў таму сьвятар Фёдар Крыванос. Працуючы ў архіве КДБ Беларусі, айцец Крыванос азнаёміўся са шматлікімі матэрыяламі сьледых справаў рэпрэсаваных сьвятароў і сьвецкіх вернікаў.

Для пачатку ён адабраў біяграфіі ды апісаньні пакутніцкіх лёсаў 23 чалавек, якія і былі прадастаўленыя Сыноду Беларускага экзархату дзеля абраду кананізацыі 28 кастрычніка.

Пасьля айцец Крыванос зачытаў імёны й прозьвішчы новых пакутнікаў пад час іх царкоўнага праслаўленьня ў Менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы 12 сьнежня.

Прэсавая служба Беларускага экзархату прадаставіла "Радыё Свабода" поўны сьпіс і акалічнасьці сьмерці новых беларускіх сьвятых. Сярод іх настаяцель менскае царквы абраза Божай Маці "Усіх смуткуючых радасьці" пратаярэй Уладзімер Хіраска, які памёр у 33-м годзе, адразу пасьля выхаду з турмы; айцец Васіль Ізмайлаў, настаяцель Барысаўскага храму, які памёр у тым жа годзе ў Салавецкім лягеры, куды яго саслалі за тое, што не хацеў перадаваць царкоўны будынак "абнаўленцам", якія падтрымлівалі савецкую ўладу. Ярэй Пётар Грудзінскі, былы дэпутат Дзяржаўнае думы ад сялянаў, настаяцель царквы вёскі Цімкавічы Капыльскага раёну, расстраляны ў 30-м.

У сьпісе таксама настаяцель Сьвята-Троіцкага храму вёскі Цялядавічы з той жа Капыльшчыны; Валяр'ян Навіцкі, расстраляны ў 30-м годзе за тое, што выступаў супраць удзелу аднавяскоўцаў у суполцы "Хаўрусу ваяўнічых бязбожнікаў". Проста на месцы растраляны ў 33-м годзе разам з групаю вернікаў сьвятар Уладзімер Хрышчановіч з мястэчка Языль Старадароскага раёну. Віна гэтага ярэя была ў тым, што ён заклікаў сваю паству не пакідаць храму й верыць у Госпада. Расстраляныя ў 33-м сьвятары Іван Вячорка зь вёскі Крываносы на Старадарожчыне, Сяргей Радакоўскі зь вёскі Таль Любанскага раёну. Уладзімер Талюш, арыштаваны за збор сродкаў на выплату падатку дзяржаве сярод прыхаджанаў вёскі Залужжа на Старадарожчыне, загінуў у лягеры. Забіты невядомымі ў 1935 годзе ва Ўзьдзе а. Міхал Навіцкі.

Вялікую групу сярод новых сьвятых складаюць людзі, расстраляныя ў сумна вядомым 1937 годзе. Па розных прычынах бальшавікі зьнішчылі сьвятароў і дыяканаў Парфірыя Рубановіча, Міхала Плышэўскага, Дзьмітрыя Паўскага, Івана Варанца, Леаніда Біруковіча, Аляксандра Шалая, Мікалая Мацкевіча, Івана Панкратовіча, Мікалая Васюковіча, Уладзімера Зубоўку, Дзьмітрыя Плышэўскага і Ўладзімера Пастэрнацкага.

Яшчэ два сьвятыя паходзяць з Заходняй Беларусі і былі пакараныя НКВД у больш позьні час. Гэта – памерлыя ў лягерах архімандрыт з Жыровіцкага кляштару Серафім (Шахмуць) і настаяцель Крыжа-Ўзьвіжанскае царквы вёскі Вялікая Лысіца Нясьвіскага раёну Мацьвей Грыцук.

Як паведамілі нашаму радыё ў Беларускім экзархаце, гэта першая, але далёка не апошняя група кананізаваных пакутнікаў. Адмысловая камісыя вядзе пошук новых кандыдатаў у сьвятыя.

А пакуль кожны год 28 кастрычніка ў Царкве будзе адзначацца як дзень памяці новых пакутнікаў. Абраз зь іх выяваю быў намаляваны майстрамі з эпархіяльнай майстэрні паводле фотаздымкаў, узятых з матэрыялаў іхных крымінальных справаў. З кананізацыяй гэтых 23 асобаў Сабор беларускіх сьвятых павялічыўся адразу амаль утрая, бо да гэтага Праваслаўная царква ў Беларусі налічвала толькі крыху больш як дзесяць нябесных заступнікаў.

XS
SM
MD
LG