Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Амаль паўгады ў Беларусі адчуваўся востры дэфіцыт звадкаванага газу. Сёньня яго спажыўцы атрымалі часовую палёгку. Як паведаміў сёньня журналістам прэзыдэнт дзяржаўнага канцэрну "Белпалівагаз" Эдуард Таўпянец, на бліжэйшыя сем дзён улады гэтым палівам краіну забясьпечылі. Што чакае насельніцтва далей – ня зусім ясна. Ва ўсялякім разе, няма аніякіх гарантыяў, што газавы крызыс не паўторыцца.

3 студзеня кіраўнік канцэрну "Белпалівагаз" падпісаў дакумэнт аб спыненьні надзвычайных захадаў у забесьпячэньні краіны звадкаваным газам.

Як паведаміў сёньня Эдуард Таўпянец, у сьнежні мінулага году паводле ягонага загаду сотням тысячаў грамадзянаў Беларусі былі завезеныя балёны, якія ўтрымлівалі заніжаную норму паліва. Заніжэньне, як вынікае са словаў адказнага чыноўніка, было прынятае ў мэтах спыненьня ажыятажнага попыту.

Зь ліпеня мінулага году ў Беларусі адчуваўся востры дэфіцыт газу, які на вёсцы й нават у многіх гарадох застаецца асноўным палівам для прыгатаваньня ежы. Адсутнасьць газавых балёнаў спрычынілася да масавага абурэньня насельніцтва. Людзей палохала альтэрнатыва вяртаньня да печаў.

Тым ня менш, дрованарыхтоўкамі ўсё ж давялося заняцца. Паводле статыстычных зьвестак, летась у Беларусі, у параўнаньні з папярэднім годам, спажываньне дроваў павялічылася на 38 адсоткаў.

Як патлумачыў Эдуард Таўпянец, праблема дэфіцыту звадкаванага газу ў Беларусі мела некалькі прычынаў. Першая – рост усясьветных цэнаў, у выніку чаго быў пераарыентаваны расейскі экспарт газу. Расейцы тут жа павялічылі пастаўкі на Захад, паколькі Беларусь аказалася ня ў стане плаціць па міжнародных коштах.

Летась Лукашэнка выдаў адмысловы ўказ, згодна зь якім расейскім газавым фірмам дазвалялася рабіць папярэднюю грашовую аплату ў вялікіх сумах. Апроч таго, урад прыняў рашэнне накіраваць 10 адсоткаў валюты, што канвэртуецца на Беларускай валютна-фондавай біржы, выключна на пагашэньне газавага дэфіцыту. Гэта, на думку спадара Таўпянца, і прынесла плён – быў спынены ажыятаж і зробленыя сямідзённыя запасы паліва.

Але што наперадзе? Ці ёсьць ва ўладаў упэўненасьць, што газавы крызыс у Беларусі не паўторыцца ў 2000 годзе? Адказваючы на гэтыя пытаньні нашага радыё, кіраўнік канцэрну "Белпалівагаз" зазначыў:

"Урад Расеі прыняў рашэньне з 2000 году побытавы газ цэнтралізавана разьмяркоўваць у расейскіх рэгіёнах. Вырашана таксама, што частка газу будзе накіроўвацца і ў Беларусь.

На сёньняшні дзень вызначана квота для Беларусі ў межах 80 тысячаў тонаў газу ў год. Але Беларусь гэтая лічба ня задавальняе. Таму зараз працягваюцца перамовы з расейскімі міністэрствамі – паліва і энэргетыкі ды эканомікі, каб дамагчыся квоты ня меней за 150 тысячаў тонаў", – зазначыў Эдуард Таўпянец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG