Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

У дні побыту Лукашэнкі ў Ізраілі афіцыйная прапаганда пераконвала беларусаў у добрых стасунках паміж Беларусьсю ды Ізраілем і ў эфэктыўнай нацыянальнай палітыцы цяперашняй улады. А тым часам на радзіме першага прэзыдэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана ў вёсцы Моталь Янаўскага раёну дэмантавалі прысьвечаную Вейцману экспазыцыю, якая была адкрыта летась у лістападзе.

Учора Беларуская тэлевізія зноўку ўзгадала пра тое, што першы прзыдэнт Ізрайля Хаім Вейцман – ураджэнец вёскі Моталь Берасьцейскай вобласьці, і што летась тут у мясцовым музэі адкрытая экспазыцыя, прысьвечаная яго жыцьцю. Адкрыцьцё адбылося ў лістападзе, калі ў Беларусь прыяжджала дэлегацыя зь Ізраілю на чале з начальнікам канцылярыі цяперашняга прэзыдэнта – унукам першага прэзыдэнта краіны.

У згадцы пра мінулагоднюю падзею на фоне візыту Лукашэнкі ў Ізраіль не было б нічога дзіўнага, калі б не адная акалічнасьць: саму экспазыцыю не паказалі. Ці выпадковасьць гэта? Аказваецца, не. Патэлефаніўшы ў Мотальскі музэй, я даведалася, што экспазыцыі больш не йснуе. Вось што паведаміла дырэктар краязнаўчага музэю Вольга Мацукевіч:

(Мацукевіч: ) "Выстава была прысьвечаная 125-м угодкам Хаіма Вейцмана. Яшчэ захавалася хата Вейцмана ў вёсцы Моталь, толькі яна ўжо ня ў тым выглядзе, у якім была пры Вейцмане, бо яе ўжо два разы перараблялі і перанесьлі зусім у іншае месца. На тым месцы пабудаваны рэстаран.

Што цікавага было ў экспазыцыі? Гэта ўспаміны самога Вейцмана аб сваім жыцьці, аўтабіяграфічныя, якія нам даслалі з Ізраіля. На ідзешы, і перакладзеныя на рускую мову. Два асобнікі ў нас было. Даслалі нам ксэракопіі здымкаў бацькоў Хаіма Вейцмана і яго ў маленстве. Гэта таксама цікавіла матылянаў і тых, хто наведваў музэй, бо гэтых дакумэнтаў у нас не было.

Перадалі нам таксама цікавыя кнігі з Брэсцкага музэя. Тыдні два-тры павісела. Гэта выстава. Выстава часта мяняецца. Па-другое, мы бралі частку экспанатаў з Брэсцкага краязнаўчага музэя, а ім яны патрэбныя былі, можа, яны баяліся, каб яны не прапалі ў нас. І вітрыны ў іх бралі. Яны таксама былі ім патрэбныя. У нас няма выставачнага абсталяваньня для музэя".

Наўрад ці прычыну закрыцьця экспазыцыі можна лічыць дастаткова сур'ёзнай. Тым больш, што ў дзень адкрыцьця старшыня Берасьцейскага вабласнога выканаўчага камітэту Ўладзімер Заламай у інтэрвію нашаму радыё пераконваў, што ў вобласьці вельмі шануюць памяць пра землякоў-гэбраяў – асабліва такіх знакамітых, як Вейцман. Няўжо цяжка было знайсьці сродкі на выраб тых жа вітрынаў?

Высьвятляецца яшчэ адная цікавая акалічнасьць. Аказваецца, Берасьцейскі вабласны выканаўчы камітэт навогул не хацеў ствараць экспазыцыю і адмовіўся ад паслуг ізраільскага фонду Вейцмана. Толькі пасьля звароту ў адміністрацыю Лукашэнкі справа паступова зрушылася. Верагодна, там зразумелі, што гэта будзе добрай падставаю дзеля арганізацыі візыту Лукашэнкі ў Ізраіль.

Да Другой сусьветнай вайны мотальскія гэбраі складалі 40% насельніцтва вёскі. Сёньня тут няма аніводнага гэбрая.

Усяго ў Берасьцейскай вобласці колькасьць гэбраяў за апошнія гады зьменшылася ў тры разы, і цяпер яны складаюць 0,1% насельніцтва вобласьці. А Беларуская тэлевізія ўчора заявіла, што колькасьць гэбрайскага жыхарства ў вобласьці застаецца нязьменнай на працягу многіх гадоў.

XS
SM
MD
LG