Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Аляксандар Лукашук

У брудзе і з гарэлкай, з новымі цяжкімі стратамі сустракаюць парваслаўнае Раство расейскія салдаты ў Чачні.

Густы туман, сьнег і дождж у Чачні не дазваляюць расейцам выкарыстоўваць гэлікоптэры і авіяцыю, а таксама артылерыю супраць паўстанцаў. Паветраныя рэйды з аэрадрому ў Маздоку могуць быць затрыманыя на некалькі тыдняў. Тым часам чачэнскія паўстанцы наладжваюць маршрут паміж базамі ў гарах і абаронцамі Грознага. Камандуючы расейскімі войскамі гэнерал Шаманаў пацьвердзіў тое, што раней афіцыйна адмаўлялася – чачэнцы вырваліся праз аблогу Грознага і зноў захапілі места Алхан-Юрт. Расейкае камандаваньне лічыць, што мэта маршруту – эвакуацыя параненых. Але заходнія экпэрты дапускаюць, што па ім будзе дастаўляцца дапамога і боепрыпасы для абаронцаў сталіцы.

Нягледзячы на аслабленьне актыўных баёў з прычыны надвор'я, ахвяры расейцаў працягваюць расьці. Паводле афіцыйных паведамленьняў, за апошнія 24 гадзіны 8 саладат было забіта, 41 паранены. Расейцы сьцьвярджаюць, што страты паўстанцаў нашмат боьшыя. Аб'ектыўна пацьвердзіць гэтую інфармацыю немагчыма.

Каля 500 вайскоўцаў міністэрства ўнутраных справаў Расеі сканцэнтраваныя ў Старой Сунжы на паўночным усходзе Грознага – гэты раён лічыцца тылам. Агенцтва France Press прыводзіць словы афіцэра войскаў МУС, які заявіў, што ніякай рэлігійнай службы ня будзе. Проста салдаты вып'юць гарэлкі болей, чым звычайна.

Вайскоўцы месьцяцца ў пакінутых дамах на цэнтральнай вуліцы і грэюцца ля вогнішчаў, на якіх таксама гатуюць ежу. Газу і электрычнасьці няма. Каб здабыць дровы, групы ў 10 –15 чалавек робяць вылазкі ў суседні лес праз амаль непралазны бруд. Нярэдка іх сустракае агонь снайпэраў, і прыпасы даводзіцца здабываць на бронетранспартэры. У вайскоўцаў няма доступу да радыё і тэлебачаньня, бліжэйшы сатэлітны тэлефон знаходзіцца ў Гудэрмесе за 30 км. Большасьць ня ведае, што адбываецца на пярэднім краі, у Грозным – звычайна туды пасылаюць на месяц. За кожны месяц выплочваецца грашовае ўзнагароджаньне, але салдаты не называюць суму. З перадавой потым вяртаюцца ў тыл – тыя, хто ацалеў.

Ангельская "Daily Telegraph" адзначае, што спыненьне наступу на Грозны пасьля двух тыдняў баёў можа нэгатыўна адбіцца на шанцах Уладзімера Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі. Сёньня нават гэнералы і прадстаўнікі крамлёўскай адміністрацыі выказваюць трывогу і нэрвовасьць з прычыны няўдачы. Грозны плянавалася узяць раней, прызнаў Мікалай Кошман, найвышэйшы расейскі цывільны кіраўнік ў раёне баёў. Камандзір абаронцаў Грознага Іса Мунаеў заявіў агенцтву Интерфакс, што мэтай паўстанцаў ёсьць не абарона Грознага ад уварваньня расейцаў, а, наадварот, плянуецца ўцягнуць іх як мага глыбей і зьнішчыць як мага болей жывой сілы і тэхнікі.

Як паведамляе сёньня "New York Times" , апроч жорсткіх баёў за Грозны, перад расейцамі паўстала новая праблема – рэйды чачэнцаў у тыле. У чацьвер чачэнскія паўстанцы пад покрывам густога туману перасеклі лінію агню і падпалілі адзін з чатырох расейскіх палявых шпіталяў у Чачні. Паўстанцы таксама выстаўляюць міны на дарогах у расейскім тыле. Расейскае камандаваньне папярэджвае пра небясьпеку засылкі тэрарыстычных групаў у раёны, якія цяпер кантралюцца расейцамі.

Чачэнцы спадзяюцца, што з ростам ахвяраў і зацяжкай баявых дзеяньняў падтрымка вайны ў Расеі зьнізіцца. Пасьпяховая атака на палявы шпіталь у станіцы Чэрвленная, піша "New York Times", сьведчыць пра здольнасьць чачэнцаў наносіць удары глыбока ў тыле праціўніка.

XS
SM
MD
LG