Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая небясьпека чакае нас ад выкарыстаньня традыцыйных крыніцаў энэргіі?


Мікола Іваноў

(эфір 7 студзеня 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

Калі б заўтра чалавецтва было пазбаўленае традыцыйных крыніцаў энэргіі: газу, нафты і вугалю, дык народы нашай плянэты перажылі б сапраўдную катастрофу. Але падобны сцэнар практычна немагчымы. Запасаў гэтых карысных выкапняў хопіць яшчэ як мінімум на 100-150 гадоў. Затое магчымыя іншыя адмоўныя наступствы і нават малыя трагэдыі, зьвязаныя зь іх выкарыстаньнем.

На працягу апошніх 200 гадоў сусветная цывілізацыя пачала актыўна выкарыстоўваць галоўныя на сёньня крыніцы энэргіі. Спачатку гэта быў амаль выключна вугаль, пазьней да яго дадаліся нафта і газ. Сёньня на іх прыпадае 80% энэргіі, якую спажывае чалавецтва.

Роля гэтых крыніцаў энергіі стала цяпер нагэтулькі паўсюднай, што безь яе немагчымая дзейнасьць чалавека ці ня ў кожнай сфэры. Вугаль, нафта і газ выкарыстоўваюцца ня толькі дзеля таго, каб абагрэць нашыя дамы ўзімку, але бязь іх зьнікне сьвятло ў нашых дамох, затрымаюцца кампутары, мы ня зможам перасоўвацца па плянэце на аўтамашынах, чыгункай ці самалётам. Мы ня зможам зьбіраць ураджаі з нашых палёў без трактароў ды іншых сельскагаспадарчых машынаў, нас ня змогуць лячыць у шпіталях без электрычнасьці, якая галоўным чынам ёсьць прадуктам спальваньня вугалю, газу і нафты.

Роля традыцыйных крыніцаў энэргіі сёньня нагэтулькі паўсюдная і натуральная зьява, што чалавецтва заўсёды непакоіла праблема: на як доўга хопіць запасаў гэтага "чорнага" і "блакітнага" золата, якое знаходзіцца ў нетрах Зямлі?

Ня ўсе ведаюць, што жахлівы сусьветны эканамічны крызыс 1929-1931 гадоў быў часткова выкліканы панікай, якая ўзьнікла ў сувязі з інфармацыяй, што нафты ў нетрах зямлі засталося ўсяго на 5-7 гадоў. Інфармацыя гэтая, дарэчы, не была фальшыўкай. Зусім не. Проста яна была заснаваная на тагачасным стане ведаў пра запасы падземнага паліва.

Ад таго часу вялізны крок наперад зрабіла ня толькі гэалягічная навука, якая адкрыла новыя вялізныя нафтавыя радовішчы. Вялікі прагрэс зрабіла тэхналёгія нафтаздабычы. Перад чалавецтвам адкрыліся велізарныя пэрспэктывы здабыцьця нафты з марскога дна. Сёньня мільёны тонаў нафты штогод здабываюцца з марскога шэльфу, але з кожным годам яе здабытчыкі ідуць глыбей і глыбей у акіян.

Тэхнічны прагрэс спрычыніўся і да таго, што цяпер перад чалавецтвам не стаіць пагроза нястачы ў бліжэйшым стагодзьдзі нафты і іншых энарганосьбітаў. Больш таго, ў сьвеце цяпер назіраецца іншая праблема – праблема занадта вялікай здабычы нафты. У выніку на нафтавым рынку назіраеца даволі значная канкурэнцыя, а цана на нафту ўжо даволі доўгі час трымаецца на нізкім узроўні.

Нафта, газ і вугаль прыносяць цяпло ў нашыя дамы, робяць нашае жыцьцё значна больш камфортным, чымся гэта было за часы нашых дзядоў ці бацькоў. Але адначасна іх спаленьне пазбаўляе нас камфорту жыцьця ў чыстым, незабруджаным навакольным асяроддзі. Эколягі сьцвярджаюць, што бескантрольнае карыстаньне нафтай, газам і вугалем можа прывесьці ня толькі да забруджваньня некаторых раёнаў, але і да незваротных кліматычных зьменаў на нашай плянэце.

Больш за тое, сёньня клопат пра чыстыю прыроду – гэта ўжо ня толькі справа вузкай групы экалягічна сьвядомай інтэлігенцыі, але й масавага экалягічнага руху, аб'яднанага ў дзесяткі нацыянальных зялёных партыяў. Праціўнікі бескантрольнага выкарыстаньня гэтых носьбітаў энэргіі – гэта ўжо сапраўдная сіла, зь якой ня могуць не лічыцца тыя, хто кантралюе прыбыткі ад нафты і газу. Але куды больш моцныя пазыцыі маюць тыя, хто зрабіў на нафце сваю кар'еру, здабыў багацьце, атрымаў зь ейнай дапамогай уладу.

"Клюб вуглякіслага газу" – так называюць прадстаўнікі экалягічнага руху наднацыянальнае аб'яднаньне тых, хто кантралюе ў маштабах усяго сьвету прыбыткі ад здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. На думку некаторых эколягаў, гэта нейкі ўсясьветны наднацыянальны ўрад, без якога нішто не вырашаецца на нашай плянэце. Гэтая амаль нічым неабмежаваная ўсеўладнасьць "клюбу" рабіла любое змаганьне зь ім амаль немагчымым. Але апошнім часам эколягі знайшлі ў яго своеасаблівую "ахілесаву пяту". Гэта – пацяпленьне клімату.

Мультымільянэры – кіраўнікі сусветнага "клюбу вуглякіслага газу" – таксама людзі, яны таксама дыхаюць тым самым паветрам, што і ўсе мы. І ім не абыякава, на якой плянэце яны жывуць.

Джэрэмі Легэрт, нефармальны сябра гэтага клюбу, які зарабіў на гандлі нафтай і газам мільёны даляраў, сёньня сярод тых, хто змагаецца за чыстую плянэту. У сваёй надаўна выдадзенай кніжцы "Рэпартажы канца нафтавага стагодзьдзя" ён сьцьвярджае, што сёньня ў чалавецтва малы выбар: альбо быць атручаным у сваім уласным доме, альбо перайсьці на выкарыстаньне выключна экалягічных крыніцаў энэргіі. Палітыку гіганцкіх нафтавых кампаніяў ён называе "нафтавай тыраніяй", і прыраўноўвае яе да палітыкі таталітарных рэжымаў.

У кнізе Джэрэмі Легэрта таксама сьцьвярджаецца, што сёньня самая вялікая небясьпека для навакольнага асяродзьдзя зыходзіць ад краінаў Цэнтральнай і Паўднева-Усходняй Азіі, якія разьвіваюцца надзвычай хуткімі тэмпамі, не заўсёды пры гэтым зьвяртаючы ўвагу на экалёгію.

У 1980 годзе, калі кітайскі лідэр Дэн Сяопін распачаў палітыку эканамічных рэформаў, пераважная бальшыня кітайскага насельніцтва была нагэтулькі бедная, што ў кітайскіх вёсках не было такога паняцьця, як пакупка паліва дзеля абагрэву ўласных дамоў узімку. Кітайцы па-просту прызвычаіліся стагодзьдзямі жыць у халодных хатах. Сёньня ж бальшыня кітайцаў-вяскоўцаў купляе вугаль, каб абаграваць свае дамы ўзімку. У выніку ў хатах кітайскіх сялянаў зімой зрабілася цёпла, але сама КНР ператварылася ў адну з самых забруджаных на нашай плянэце краінаў. Вугаль складае сёньня 73% энэргэтычнага балянсу краіны, і калі кітайцы будуць спажываць яго на сёньняшнім узроўні, яго запасаў хопіць яшчэ як мінімум на 300 гадоў. Вось чаму 9 з 10 найбольш экалягічна забруджаных гарадоў сьвету знаходзяцца ў Кітаі, а прычына кожнай трэцяй сьмерці тут непасрэдна зьвязаная з надзвычайным забруджваньнем вады і паветра.

Да 2020 году кітайскі ўрад плянуе ў тры разы павялічыць спажываньне энэргіі ў краіне. Калі так здарыцца, і кітайцы захаваюць прапорцыі свайго сёньняшняга энэргэтычнага балянсу, КНР ператворыцца ў першага ў сьвеце забруджвальніка навакольнага асяродзьдзя.

Больш за тое, калі ў Заходняй Эўропе, ЗША, Аўстраліі ды Японіі ідзе працэс стабілізацыі шкодных выкідаў у атмасфэру з тэндэнцыяй пазьнейшага зьніжэньня, дык у Кітаі і іншых краінах, якія хуткімі тэмпамі разьвіваюцца, назіраецца зусім іншая тэндэнцыя – тэндэнцыя росту паскоранымі тэмпамі шкодных выкідаў у атмасфэру.

Сёньня ўсясьветным лідэрам у галіне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру зьяўляюцца ЗША. Галоўным чынам у сувязі з надзвычайнай прыхільнасьцю амэрыканцаў да аўтамабіляў. Выхлапныя газы аўтамабіляў – гэта 40% амэрыканскіх выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру.

Як доўга хопіць чалавецтву запасаў нафты, газу і вугалю на нашай плянэце? Пытаньне гэтае страціла сёньня сваю актуальнасьць. Перад чалавецтвам сёньня стаіць зусім іншае пытаньне: калі мы надалей будзем спальваць так шмат паліва, мы можам спаліць нашу плянэту, альбо спаліць месца, ў якім мы жывем на ёй.

У трэцім тысячагодзьдзі ня так проста будзе зьмяніць чалавецтву свае адносіны да нафты, газу і вугалю. Каб надалей жыць на Зямлі, чалавецтва павінна перайсьці на альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. І добрым знакам зьяўляецца тое, што ўсьведамленьне гэтай неабходнасьці сёньня становіцца ўсеагульнай зьявай.

А пакуль-што чалавецтва павінна навучыцца больш ашчадна выкарыстоўваць тое паліва, што спажываецца сёньня. Кітай і Расея, напрыклад, змаглі ўдвая зьменшыць свае патрэбы ў нафце, газе й вугалі, калі пачалі выкарыстоўваць больш ашчадныя лямпы, электраматоры ды электрычны дрот. Ёсьць значныя рэзэрвы ашчаднасьці і ў ЗША, калі яны пяройдуць на выкарыстаньне больш ашчадных аўтамабіляў.

Чалавецтва, нарэшце, павінна прыпыніць вайну і заключыць мір з навакольным асяродзьдзем. Гэта заданьне ХХІ стагоддзя.

XS
SM
MD
LG