Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 студзеня 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Афармленьне саюзу Беларусі й Расеі зьмяняе канфігурацыю Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Чым мацней робяцца сувязі паміж афіцыйным Менскам і Масквой, тым больш напружанымі становяцца стасункі Расеі зь іншымі дзяржавамі Садружнасьці. Такую заканамернасьць адзначаюць некаторыя расейскія выданьні. Натуральна, з гэтымі ацэнкамі не згаджаюцца афіцыйныя асобы ў апараце СНД. Аднак, відавочна, што прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй насамрэч выступаюць супраць рэформаў у Расеі, за аднаўленьне імпэрыі.

Як мы ўжо паведамлялі, прадстаўнік Беларусі ў СНГ Сяргей Посахаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску даволі нечакана выступіў з крытыкай некаторых дзеяньняў Крамля. Як вынікала зь ягоных словаў, Міхаілу Посахаву не спадабаўся той факт, што Ўладзімер Пуцін напярэдадні, а галоўнае – пасьля перамогі на выбарах у Думу блёку "Адзінства", выказаўся ў падтрымку Саюзу Правых сілаў, а галоўнае – пэрсанальна Анатолія Чубайса. Акрамя таго, ён скрытыкаваў расейскае кіраўніцтва за надта павольны, на ягоную думку, рух да стварэньня адзінай дязржавы.

У інтэрвію Радыё Свабода Сяргей Посахаў так патлумачыў сваю пазыцыю:

(Посахаў: ) "Зьмена палітычнага кіраўніцтва Расеі ніякім чынам не паўплывае на тэмпы й парадак выкананьня дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы. І кіраўнік нашай дязржавы, і кіраўнік Расеі аб гэтым казалі. Больш за тое, Уладзімер Пуцін ратыфікаваў дамову, ратыікаваную расейскім парлямэнтам. Гэта канкрэтны паказчык таго, што справа рухаецца. Аднак, я гатовы паўтарыць, што само па сабе нічога ня будзе рухацца, патрабуецца канкрэтная праца ў наладжваньні эканамічных сувязяў. Праграма іх шырока вядомая – рух насустрач адзінай валюце, ліквідацыя сыстэмы неплацяжоў, а таксама рэалізацыя агульных эканамічных праектаў у рамках нашага саюзу. У прыватнасьці, я павінен сказаць, прайшла сёньня інфармацыя, што лідэры правых сілаў заяўляюць, што яны будуць абскарджваць праз суд правамоцнасьць нашае дамовы, падпісанай Беларусьсю й Расейскай Фэдэрацыяй. Таму, што тычыцца Чубайса і што тычыцца Беразоўскага, іх падтрымка выклікае ў нас насьцярожанасьць, у грамадзкасьці, ў першую чаргу, таму што менавіта гэтыя людзі шырока вядомыя як праціўнікі нашага зьбліжэньня"

Сказаў у інтэрвію нашай радыёстанцыі Сяргей Посахаў.

На пытаньне, ці не ўзламвае саюзная дамова самую структуру СНД, прадстаўнік Беларусі ў СНД адказаў:

(Посахаў: ) "Я сьцьвярджаю, што ня толькі не ўзламвае, а наадварот, сыстэма шматузроўневай інтэграцыі ў рамках СНД надае большую ўстойлівасьць і большую жыцьцяздольнасьць".

Варта нагадаць, што ні Чубайс, ні, тым больш, Беразоўскі, якога ніяк нельга залічыць да Саюза правых сілаў, ніколі не выступалі супраць "збліжэньня" Расеі й Беларусі, ці супраць саюзнай дамовы. Чубайс ды іншыя прадстаўнікі правых гавораць усяго толькі аб больш асьцярожным ды рацыянальным падыходзе да стасункаў з эканамічна адсталым рэжымам Лукашэнкі. У канчатковым тэксьце Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы на стварэньне адзінай валюты нездарма адводзіцца ажно пяць гадоў.

Лібэральны маскоўскі тыднёвік "Новое Время" у апошнім мінулагоднім нумары надрукаваў артыкул Міхаіла Глабачова, які канстатуе, што гандлёвы абарот ва ўсёй Садружнасьці незалежных дзяржаваў, у першую чаргу з Расеяй, падае. Пазалетась ён скараціўся на 20 адсоткаў, летась – яшчэ больш. Узаемныя супярэчнасьці ўнутры СНД, піша "Новое Время", праявіліся, у прыватнасьці, у мытных ды інфармацыйных войнах з удзелам Масквы і рэспублік Цэнтральнае Азыі ды Казахстану. "Найбольш напружанымі выглядаюць адносіны Масквы з Грузіяй і Азэрбайджанам. Да абвінавачваньняў на адрас Тбілісі й Баку у падтрымцы чачэнскіх баевікоў дадалася заява Ўладзімера Пуціна аб намеры ўвесьці візавы рэжым з гэтымі дзяржавамі й шэраг пераходных мераў, што непасрэдна падрывае адзін з галоўных прыцыпаў Садружнасьці".

Аднак, галоўнай падзеяй у гэтым шэрагу аўтар артыкулу ў маскоўскім тыднёвіку лічыць зьяўленьне праграманага артыкулу міністра абароны Расеі Ігара Сяргеева пад назвай "Асновы ваенна-тэхнічнай палітыкі Расеі ў пачатку ХХІ стагоддзя". Ён быў надрукаваны на другі дзень пасьля падпісаньня Саюзнай дамовы Беларусі й Расеі. У гэты ж дзень маршал Сяргееў разам із сакратаром Рады Бясьпекі Сяргеем Івановым зьвярнуліся ў Думу з прапановай аб'яднаць працэдуры ратыфікацыі саюзнай дамовы і дамовы аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў (СНВ-2).

Дума, як вядома, саюз ухваліла, а дамову аб СНВ адхіліла. Аднак, піша "Новое Время", некаторыя назіральнікі ўбачылі ў маршальскім пляне, верагодна, ня толькі ўхваленым, але інсьпіраваным Крамлём, спробу прадэманстраваць чарговае брацкае ды непарушнае адзінства ўсіх галінаў расейскай улады ў адпоры "дзяржаве – агрэсару альбо кааліцыі дзяржаваў". Акрамя таго, што ў арыткуле Сяргеева ёсьць палажэньне аб тым, што Расея мае канкрэтныя мэты, а значыць, гатовая ўдзельнічаць ва ўсясьветнай ядзернай вайне, а яе ўзброеныя сілы ёсьць гарантам прагрэсіўнага разьвіцьця, тут упершыню зьявіўся тэзыс аб процідзеяньні "узмацненьню цэнтрабежных працэсаў у СНД".

Расейская ядзерная зброя, як вынікае з кантэксту, разглядаецца ў якасьці інструмэнту пагадненьня, – піша аўтар тыднёвіка. Дзе наогул, – задаецца ён пытаньнем, – павінен знаходзіцца цэнтар, спробы зьбегчы ад якога могуць запатрабаваць такогам ўзьдзеяньня з боку адной з краінаў-удзельніц, ці не на Арбаце?

У краінах СНД, на думку Глабачова, пакуль лічаць за лепшае дачакацца вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Хаця " наўрад ці іхны вынік – зыходзячы з усіх вядомых на сёньяняшні дзень раскладаў сілаў – здольны зьмяніць сытуацыю.

На заканчэньне артыкулу аўтар згадвае так званыя лістпадаўскія тэзісы Зьбігнева Бжэзінскага ў амэрыканскім часопісы "The Wall Street Journal". Бжезінскі выказаў, у прыватнасцьі, меркаваньне, што расейскія вайскоўцы, натхнёныя сваімі посьпехамі ва ўтаймаваньні Чачні, могуць усьлед за гэтым уварвацца ў Грузію і, нават, паспрабаваць ліквідаваць Шэварднадзе, каб падпарадкаваць ягоную дзяржаву.

Гэта толькі на першы выгляд здаецца фантазіяй. Бо той факт, што за праўрадавы блёк "Адзінства" большасць расейцаў прагаласавалі, дэманструючы падтрымку сілавой палітыкі Пуціна ў Чачні, прымушае яшчэ раз задумацца – зь якой дзяржавай аб'ядноўваецца Беларусь?…

XS
SM
MD
LG