Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 студзеня 2000 г.


Юрась Карманаў, Менск

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы з просьбаю пацьвердзіць або абвергнуць заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што зьніклыя Юры Захаранка й Віктар Ганчар знаходзяцца ва Ўкраіне. Афіцыйнае сьледзтва пакуль аніяк не пасунулася ў дасьледаваньні абставінаў зьнікненьня палітыкаў. Разам з тым зьяўляюцца ўсё новыя сьведкі выкраданьня Юрыя Захаранкі…

Сьпікэр Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі вырашыў у чарговы раз спраўдзіць заявы Аляксандра Лукашэнкі, гэтым разам пра тое, што Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага нібыта бачылі ва Ўкраіне. З адпаведнай заяваю Сямён Шарэцкі зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы.

На сувязі Вільня, гаворыць Сямён Шарэцкі:

(Шарэцкі: ) "У свой час Лукашэнка заявіў у адной са сваіх прамоваў аб тым, што нібыта Віньнікава знаходзілася ў той час, як ён выступаў у Дзяржаўнай Думе Расеі, паміж Ізраілем і Лёнданам, Англіяй, а Ганчар, Захаранка нібыта знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Вось я і зьвярнуўся да ўладаў Украіны, у прыватнасьці, прэзыдэнта спадара Кучмы, даць нам нейкае тлумачэньне наконт гэтага. У яго ёсьць улада, ён можа даць даручэньне сваім спэцслужбам, якія павінны даць адказ на гэта. Я спадзяюся на тое, што такі адказ будзе. Таму што гэта кідае нейкі цень і на дзяржаву суседняю, на Ўкраіну".

Паведаміў сьпікер Сямён Шарэцкі.

Ініцыятар звароту да прэзыдэнта Кучмы, дэпутат Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька паведаміў нашаму радыё, што днямі сустракаўся з амабасадарам Украіны ў Беларусі сп. Дронем і праз дыпляматычныя каналы перадаў зварот у Кіеў. Паводле словаў сп. Лябедзькі, бліжэйшым часам аналягічны запыт будзе скіраваны ў Інтэрпол.

"Мы павінны паставіць кропку ў той кампаніі дэзынфармацыі, якая апошнім часам разгорнутая ў дзяржаўных СМІ", – лічыць Анатоль Лябедзька.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што афіцыйнае сьледзтва аніяк не пасунулася ў выяўленьні абставінаў зьнікненьня Ганчара й Захаранкі. Больш за тое, сьледчыя ворганы, што шукаюць Віктара Ганчара, пачалі намякаць, што, паколькі пашпарту Ганчара няма, то палітыка трэба шукаць па-за межамі Беларусі. Анатоль Лябедзька ў сувязі з гэтым заявіў, што днямі трымаў у руках пашпарт Ганчара й пры неабходнасьці жонка Ганчара Зінаіда можа прадэманстраваць яго ўсім цікаўным.

Старшыня грамадзкае камісіі ў дасьледваньні абставінаў зьнікненьня Юрыя Захаранкі Алег Волчак паведаміў, што апошні раз прадстаўнікі афіцыйнага сьледзтва зьвярталіся ў грамадзкую камісыю два з паловаю месяцы таму.

Факт узбуджэньня пракуратураю крымінальнае справай паводле артыкулу "наўмыснае забойства" аніяк не паўплываў на пасьпяховасьць пошукаў Захаранкі.

Затое пачалі зьяўляцца новыя сьведкі выкраданьня экс-міністра. Газэта "Народная Воля" надрукавала пад зьмененымі прозьвішчамі прызнаньні відавочцаў, якія 7 травеня назіралі захоп Захаранкі. У сувязі з гэтым Алег Волчак заявіў:

(Волчак: ) "Як сташыня, магу сказаць, што мае прыпушчэньні пацьвярджаюцца і іншымі сьведкамі. Гэта яшчэ раз даказвае, што ня ўсё было спакойна тады, 7 травеня, калі скралі Захаранку. Маладая сям'я знаходзілася на кухні позна ўвечары, фортка была расчыненая, яны чулі крык аб дапамозе, паглядзелі ў вакно і ўбачылі, як чалавека, падобнага да Захаранкі, запіхвалі ў "жыгулі" трое невядомых з ужыцьцём сілы. Гэта бачылі і іншыя людзі, якія жывуць на вуліцы Магілеўскай №8, корпус 3".

Паведаміў Алег Волчак.

Нагадаю, што ўсе вядомыя зьвесткі пра зьніклых палітыкаў сыходзяць не ад афіцыйных сьледчых ворганаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG