Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У паўночных ваколіцах Грознага чачэнскія аддзелы пачалі магутны контрнаступ на расейскія пазыцыі. Раён Ханкала, пра кантроль над якім расейцы заяўлялі некалькі дзён таму – ізноў у руках паўстанцаў. Агенства Associated Press паведамляе пра цяжкія баі ў іншых частках і ваколіцах чачэнскай сталіцы. Расейскія жаўнеры, якія не захацелі быць названымі сказалі карэспандэнту агенства, што ў часе адной з атакаў на паўднёвым захадзе Грознага паўстанцы ўзялі ў палон 60 вайскоўцаў. Расейскія афіцыйныя асобы гэты факт не пацьвердзілі.

Чачэнскія лідэры цьвердзяць, што ўчорашнія і сёньняшнія атакі ёсьць пачаткам зьменаў у ходзе гэтай вайны. Агэнства Интерфакс падае словы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Апці Баталава, які сказаў: "Пэрыяд урачыстага шэсьця расейскага войска праз тэрыторыю Ічкерыі – закончыўся, цяпер надыйшоў паваротны момант".

Але чачэнскі наступ можа быць не працяглым. Нягледзячы на пераможны настрой, паўстанцкім аддзелам не хапае боезапасаў. Адначасна расейцы пачалі ўводзіць ў бой дадатковыя сілы.

Расейскія жаўнеры працягваюць скардзіцца на адсутнасьць узгодненасьці паміж аддзеламі фэдэральнага войска. Калі ўчора яны казалі, што трапілі пад гарматны абстрэл сваёй гарматніцы, то сёньня паведамляюць, што почасту не разумеюць, хто на іх нападае – паўстанцы, ці іншыя расейскія аддзелы.

Тым часам, міністар абароны Расеі Ігар Сяргеев заявіў, што вайсковыя аддзелы перагрупаваліся такім чынам, каб не дазволіць чачэнцам контраатакаваць. "Нашаму наступу нічога не пагражае, – сказаў Сяргеев карэспандэнту Интерфаксу і дадаў: – У Чачні ўсё ідзе паводле заплянаванага".

Сёньняшняя ангелькая газэта "Independent" адносна падзеяў у Чачні і новага прызначэньня Пуціна падае выказваньне кандыдата-рэспубліканца на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў Джона МакКэйна, які сказаў: "Год таму ніхто і ня чуў пра Пуціна. Цяпер жа ён – архістратэг. Гэта неверагодна. Брутальны наступ у Чачні падымае папулярнасьць ягонага ўраду". "Мяне хвалюе, што папулярнасьць Пуціна зьвязаная з Чачнёй", – у тон яму сказаў іншы кандыдат у прэзыдэнты ЗША, сэнатар-рэспубліканец Джорж Буш. Абодвы рэспубліканцы выказаліся за ўвод эканамічных санкцыяў супраць Расеі з прычыны чачэнскага крызысу.

Кандыдат ад дэмакратаў, цяперашні віцэ-прэзыдэнт Злучаных Штатаў Эл Гор лічыць, што адстаўка Ельцына, як і ашаламляльны ўзьлёт Пуціна наўпрост зьвязаныя з сытуацыяй у Ічкерыі. Тым ня менш, афіцыйны Вашынгтон працягвае лічыць, што дзеяньні расейцаў на Паўночным Каўказе ня маюць апраўданьня. "Пачатковыя посьпехі іхнага наступу супраць чачэнцаў, – сказаў Гор, – могуць зьмяніцца на запаволены і цяжкі рух наперад, што можа ўрэшце прынесьці пералом у настроі расейскіх выбаршчыкаў."

Тым часам, сёньня Савет Фэдэрацыі Расеі вызначыў дату наступных датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў – 26 сакавіка. Паводле новага закону пра выбары, адразу пасьля ягонага апублікаваньня выбарчыя аб'яднаньні і ініцыятыўныя групы грамадзянаў змогуць выстаўляць сваіх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Для рэгістрацыі трэба заява кандыдата на згоду балятавацца, а таксама зьвесткі пра прыбыткі, маёмасьць і банкаўскія рахункі ня толькі кандыдата, а й ягонай жонкі і дзяцей.

Для рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты пры датэрміновых выбарах трэба здаць у Цэнтарвыбаркам 500 тысячаў подпісаў выбаршчыкаў. Дакумэнты мусяць быць пададзенымі не пазьней 13-га лютага, пасьля чаго цягам 8-мі дзён іх будуць спраўджаць.

У выбарах новага прэзыдэнта Расеі возьмуць удзел і расейскія грамадзяне, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. У часе нядаўных выбараў у расейскую Дзяржаўную Думу такіх выбаршчыкаў было 3.440.

XS
SM
MD
LG