Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

За дзевяць апошніх гадоў колькасьць захворваньняў на алькагольныя псыхозы ў Беларусі вырасла ў восем разоў. Не ў апошнюю чаргу таму, што людзі атручваюцца нядабраякаснымі напоямі ды сурагатамі, спажываньне якіх рэзка ўзрастае пад час сьвятаў.

Учора давялося назіраць ажыятаж ў краме садавіны і гародніны, дзе гандлююць танным віном. Па сумнеўнага выгляду напой моцнасьцю 18о стаяла чарга. Некаторым прадаўшчыца раіла браць адразу па дзесяць бутэлек – тады, маўляў, можна добра напіцца. Да гэтай парады многія прыслухоўваліся.

Я назірала, як адная пажылая сямейная пара ўзяла адразу скрынку таннага віна. І хоць у бабулі ў чарзе нехта скраў рукавіцы, яна не хавала радасьці з тае прычыны, што ўдалося добра "атаварыцца" і цяпер будзе чым адзначыць Каляды.

На жаль, колькасьць людзей, якія вызначаюць удаласьць сьвяткаваньня колькасьцю выпітага, у Беларусі ўсе апошнія гады павялічваецца.

Гэтая так бы мовіць "традыцыя" прывяла да таго, што нацыя ўсё больш уцягваецца ў п'янства. Паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, у параўнаньні з 1990 годам захворваньне на алькагольныя псыхозы летась у краіне павялічылася ў восем разоў.

Дні сьвятаў для многіх беларускіх сем'яў ператвараюцца ў паласу п'яных сварак, боек, а то й забойстваў. П'яныя нярэдка засынаюць з запаленай цыгарэтаю. Толькі за два навагоднія дні ў Беларусі здарылася 67 пажараў, загінулі 34 чалавекі.

У бальшыні ж сваёй людзі проста паміраюць павольнай сьмерцю, бо губляюць здароўе, атручваючы сябе няякаснымі напоямі, вядомымі ў народзе пад назваю "чарніла". Іх кошт вагаецца сёньня ад 216 да 300 тысячаў рублёў за бутэльку. Кошт жа самай таннай гарэлкі перасягнуў за паўмільёны. Зразумела, чаму аддаюць перавагу выпівакі.

Летась Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў скараціць выпуск нядобраякасных напояў і абмежаваць колькасьць ліцэнзіяў на гэтую прадукцыю. Аднак ці скарацілася паступленьне ў гандаль моцнага віна? У Міністэрстве гандлю на гэтае пытаньне катэгарычна адмовіліся адказаць.

Такая сакрэтнасьць наводзіць на думку, што Міністэрства па-ранейшаму заклапочанае тым, каб павялічваць гандаль танным віном, бо гэта павялічвае тавараабарот. Якаснае ж вінаграднае віно каштуе сёньня ў Беларусі ад пяці да васьмі мільёнаў рублёў за бутэльку. Зразумела, што бальшыня насельніцтва ня ў стане яго купіць.

За апошнія дзевяць гадоў, паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, вытворчасьць слабых алькагольных напояў у Беларусі практычна не павялічылася, безалкагольных – зьменшылася, і толькі колькасьць моцных напояў павялічылася больш чым у паўтара разы.

Між тым, многія адмыслоўцы–нарколягі лічаць, што Беларусь ужо дайшла да той крытычнае мяжы, за якой яе чакае гэнэтычная катастрофа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG