Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Фінансавы рынак Беларусі стаў арэнаю жорсткага змаганьня за прыбыткі ад валютнага бізнэсу. З аднаго боку, у гэтым змаганьні бяруць удзел лягальныя ўстановы – камэрцыйныя банкі, а з другога – ценявыя структуры. Перамогу, як правіла, сьвяткуе той, хто прапануе лепшыя ўмовы кліентам.

У першыя дні студзеня розьніца паміж валютнымі курсамі ў банкаўскіх абменных пунктах і ў ценявых структурах зноў стала адчувальнай. 5 студзеня на Камароўскім рынку Менску, да прыкладу, вулічныя мянялы куплялі 1 даляр ЗША па 830 новых (ці 830 тысячаў старых) беларускіх рублёў. У іншых пунктах чорнага рынку ўмовы былі не такімі выгоднымі, але нідзе за даляр не давалі меней як 800 рублёў.

У камэрцыйных банках курс ніжэйшы. У прыватнасьці "Беларусбанк", які мае найбольшую ў краіне колькасьць абменных пунктаў, купляў даляры па 790 рублёў.

Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў пракамэнтаваў для нашага радыё гэтую сытуацыю наступным чынам:

"Ценявік больш апэратыўна адрэагаваў і павялічыў курс у сувязі зь некаторымі пасьлянавагоднімі зьменамі ў сацыяльна-эканамічным жыцьці краіны. Рэч у тым, што зь 1 студзеня ў Беларусі павялічваецца мінімальны заробак. Яна будзе ўжо 2200 рублёў (у новых грашах). Гэта выкліча пераразьлік заробкаў працаўнікоў бюджэтнае сфэры ў бок павелічэньня. Натуральна, такое павелічэньне ня можа не спрычыніцца да росту курсу даляра. Таму што грошай у абарачэньні будзе болей, чымсьці дагэтуль. Попыт на валюту з боку насельніцтва павялічыцца. Банкі яшчэ, магчыма, не адрэагавалі гэтак апэратыўна на такое разьвіцьцё падзеяў. Ценявік можа ймгненна прымаць рашэньне пра памер курсу, імгненна мяняць яго, а банкі – больш інэртныя структуры. Патрэбныя подпісы, узгадненьні. Але гэтая зьява часовая. Мы эканамічна задушым ценявікоў, паколькі сёньня для гэтага ў нас ёсьць усе магчымасьці. Бо банкі зараз самастойныя ў вызначэньні курсу, у прынцыпе неабмежаваныя ў каціроўках", – паведаміў начальнік управы інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў.

Такім чынам, двубой на фінансавым рынку паміж ценявымі й лягальнымі структурамі будзе працягвацца. Як вядома, выніку гэтага дужаваньня надае вялікую ўвагу Аляксандар Лукашэнка. Напрыканцы мінулага году ён забавязаў старшыню Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча й міністра нутраных справаў Юрыя Сівакова забясьпечыць поўную перамогу камэрцыйных банкаў.

Паколькі, маўляў, банкі з прыбыткаў ад валютнага бізнэсу плацяць дзяржаве падаткі, а нелегалы – не. Неабыякавасьць Лукашэнкі да становішча з рынкам наяўнае валюты мае і яшчэ адно важкае тлумачэньне. Не выклікае сумневу, што дзяржава ў адпаведнасьці з указаньнем Лукашэнкі ў любы момант можа сканфіскаваць у банкаў набытую ў насельніцтва валюту на свае бягучыя патрэбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG