Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Улады Барысава працягваюць перасьлед самай буйной у Менскай вобласьці незалежнай штотыднёвай газэты Барысаўскія Навіны. Сёньня ўраніцу ў яе рэдакцыі распачалася трэцяя за апошнія паўгады фінансавая праверка.

Гэтым разам рэвізыяй Барысаўскіх Навінаў заняўся аддзел фінансаў мяйсцовага гарадзкога выканаўчага камітэту. Напрыканцы мінулага году газэту правяралі падатковыя ворганы. Крыху раней, улетку ды ўвосень, прадстаўнікі Менскай вабласной управы Дзяржкамдруку цікавіліся правільнасьцю афармленьня на старонках выданьня рэклямных публікацыяў.

Усе гэтыя рэвізыі завяршаліся штрафнымі санкцыямі на сотні мільёнаў рублёў. Хаця на абсалютную бальшыню прэтэнзыяў, якія прад'яўлялі да рэдакцыі рэвізоры, кіраўнік газэты Анатоль Букас меў важкія апраўданьні.

Акрамя ўсяго іншага, цяпер з газэтаю судзяцца два высокапастаўленыя мяйсцовыя чыноўнікі за нібыта абражаныя публікацыямі гонар і годнасьць. Іхныя зыскавыя патрабаваньні да Барысаўскіх Навінаў і спадара Букаса складаюць у агульным падсумаваньні больш як 1300 даляраў (паводле афіцыйнага валютнага курсу). Праўда, цяпер гэты працэс прыпыніўся, бо паводле факту дарожна-транспартавага здарэньня, у дачыненьні да якога падазраюцца згаданыя чыноўнікі і пра якое больш як год таму згадвалі журналісты, раённы суд вынес рашэньне распачаць крымінальную справу.

Але ўлады не даюць спакою незалежнаму штотыднёвіку, які даволі часта крытыкуе іх за розныя гаспадарчыя хібы ды палітычныя цкаваньні іншадумцаў. Вось і нядаўна Анатоля Букаса выклікалі ў аддзел друку Менскага вабласнога выканаўчага камітэту.

Навошта? Анатоль Букас лічыць, што дзеля таго, "каб папярэдзіць аб тым, што гэта ўстанова рыхтуе паперы ў Дзяржкамдрук аб пазбаўленьні рэгістрацыйнага пасьведчаньня".

"Гэта значыць, што наша выданьне могуць закрыць. У размове з чыноўнікам гэтай установы я даведаўся, што кіраўнік вабласнога выканаўчага камітэту меў тэлефонную размову са старшынём Барысаўскага гарадзкога выканаўчага камітэту Васілём Бургуном. Старшыня гарадзкога выканаўчага камітэту вядзе мэтаскіраваную палітыку супраць нашае газэты.:Сёньня ў нас павялічыўся тыраж, пашырылася геаграфія. Газэта прадаецца ня толькі ў Барысаве, але і ў Крупках, Смалявічах і Жодзіне. Вось гэта і турбуе ўлады… Напрыклад, з нас за паслугі ў падпісцы Белпошта ўзяла 34 адсоткі падпіснога кошту. Гэта амаль мільярд рублёў. У той жа час з газэты Адзінства – толькі 22 адсоткі", – зазначыў Анатоль Букас, які паведаміў, што ў Барысаве афіцыйнае выданьне Адзінства і незалежныя Барысаўскія Навіны працуюць у розных умовах з-за рознага стаўленьня да іх з боку ўладаў.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў

P.S. Як стала вядома, сёньняшняя фінансавая рэвізыя незалежнага штотыднёвіка Барысаўскія Навіны завяршылася накладаньнем на рэдакцыю самага буйнога за апошняе паўгодзьдзе штрафу. За тое, што рэдакцыя сваечасова не ўзгадняла з адпаведнымі службамі Менскага вабласнога выканаўчага камітэту неаднаразовыя падвышэньні кошту газэты ў розьнічным гандлі й парушыла пры гэтым адпаведны дэкрэт Лукашэнкі калектыву журналістаў належыць заплаціць 300 мільёнаў беларускіх рублёў.

XS
SM
MD
LG