Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Учора ў Пінску цэнтральны калгасны рынак аказаўся пустым – ніхто з прадпрымальнікаў ня выйшаў гандляваць. Распачаўся страйк, абяцаны гандлярамі яшчэ напярэдадні Калядаў.

Нагадаю слухачам, што яшчэ ў сьнежні, напярэдадні Калядаў, прадпрымальнікам абвесьцілі, што тым зь іх, хто ня мае даведак аб сэртыфікацыі і гігіенічнай рэгістрацыі сваіх тавараў, гандлёвыя месцы на студзень прадавацца ня будуць. Такую практыку ў Пінску спрабавалі ўжыць яшчэ ў лістападзе, аднак тады, пасьля тыднёвага страйку, адміністрацыя кірмашу саступіла, і месцы ізноў пачалі прадаваць.

Гэтым разам гандляры саступак не дачакаліся. Аднак, належным чынам правесьці сэртыфікацыю тавараў, каб пасьля атрымаць гандлёвае месца, амаль немагчыма: у Пінску дагэтуль ня створаная танная і хуткая сістэма сэртыфікацыі. Акрамя гэтага, прадпрымальнікі гавораць, што пачынаючы з гэтага году акрамя фіксаванай стаўкі пададтку, яны будуць вымушаныя сплочваць яшчэ 20 адсоткаў падатку на дабаўленую вартасьць. Калі да гэтага дадаць яшчэ аплату за шэраг неабходных цяпер дакумэнтаў, дык, паводле словаў прадпрымальнікаў, бізнэс ператвараецца ў цалкам стратны.

Намесьнік начальніка гарадзкой падатковай інспэкцыі Пятро Наварка пацьвердзіў нашаму Радыё, што пастанова аб гэтым падатку сапраўды існуе, аднак з Берасьця пакуль ніякіх тлумачэньняў не паступала. Але, сказаў ён, у хуткім часе будзе вядомая канкрэтная сістэма спагнаньня падатку на дабаўленую вартасьць з прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынку. Спадар Наварка адзначыў таксама, што не разумее, чаму прадпрымальнікі вырашылі не працаваць.

Аднак гандляры маюць намер страйкаваць, пакуль улады не прапануюць ім прыймальнай працэдуры сэртыфікацыі, а таксама простай і разумнай сістэмы падаткаабкладаньня.

Як нам стала вядома, у чацьвер, 6 студзеня, гандляры зьбяруцца на агульны сход, каб вырашыць, што апрача страйку яны могуць зрабіць, каб абараніць свае правы.

XS
SM
MD
LG