Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Судовы працэс над экс-прэм'ерам Міхалам Чыгіром прызначаны на 19 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Гэтае рашэньне сёньня абвесьціў гарадзкі судзьдзя Аляксандар Васілевіч, які будзе старшынём на працэсе.

Каб прыняць рашэньне, ці варта судзіць Міхала Чыгіра, калі пачынаць працэс і каго дапусціць да абароны, гарадзкі судзьдзя Аляксандар Васілевіч раіўся са сваімі памочнікамі больш як дзьве гадзіны. Журналісты й прадстаўнікі грамадзкасьці ўжо жартавалі, што, мабыць, сапсавалася сувязь паміж Менскам і Бэтлеемам, дзе ў гэты час знаходзілася вышэйшае кіраўніцтва краіны. Інакш як было растлумачыць такую вялікую затрымку ў вырашэньні, здавалася б, простага пытаньня.

Нарэшце судзьдзя зьявіўся ў залі і абвесьціў: першае – судзіць Міхала Чыгіра трэба, бо ў ягоных дзеяньнях ёсьць прыкметы злачынства. (Гэтыя прыкметы судзьдзі ўбачылі ў матэрыялах, сабраных сьледчымі); другое – працэс пачнецца 19 студзеня ў зале гарадзкога суду, паседжаньні будуць адкрытыя.

Трэцяе рашэньне тычыцца будучых абаронцаў экс-прэм'ера. У якасьці адваката дапушчаная Юлія Чыгір, у якасьці грамадзкага абаронцы – Гары Паганяйла, прадстаўнік Гэльсынскага камітэту.

Заяўлена, што на першым паседжаньні могуць дапусьціць да абароны й адваката зь Летувы, калі зьявіцца адпаведнае хадайніцтва. Не дапушчаны да абароны Чыгіра прадстаўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна" Барыс Гюнтар – у дакумэнтах, што былі прад'яўленыя "Вясной", судзьдзі знайшлі памылку. Адхіленае і хадайніцтва абаронцаў Чыгіра аб прыпыненьні справы з прычыны адсутнасьці злачынстваў у дзеяньнях экс-прэм'ера.

Міхал Чыгір заявіў журналістам, што незадаволены такім рашэньнем судзьдзяў. "Мы хадайнічалі аб спыненьні справы й прасілі судзьдзю Васілевіча хаця б патлумачыць, якія мае парушэньні ён бачыць у тых дзеяньнях, якія пададзеныя сьледчымі як мае злачынствы. Бо закон патрабуе ад судзьдзяў пад час распарадчага паседжаньня ацаніць абвінаваўчае заключэньне. Аднак судзьдзя прайгнараваў гэтае патрабаваньне і тым самым парушыў закон. Я, безумоўна, буду абскарджваць рашэньне судзьдзі Васілевіча аб перадачы мяне суду" – заявіў нашаму радыё Міхал Чыгір.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG