Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня грамадзкую прыёмную адміністрацыі Лукашэнкі наведалі прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі "Ліга правоў чалавека" з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі й прыцягненьнем да адказнасьці чыноўнікаў урадавага апарату.

"Лукашэнку – у адстаўку, чыноўнікаў – у суд", – такія патрабаваньні гучалі сёньня ў грамадзкай прыёмнай Аляксандра Лукашэнкі. Аб 11-й гадзіне раніцы каля будынку адміністрацыі сабралася каля 40 чалавек. Гэта былі пераважна прадстаўнікі "Лігі правоў чалавека" – арганізацыі, якая на сваім сходзе вызваліла ад пасады старшыню Лігі Яўгена Новікава і ў выніку не прайшла перарэгістрацыю. Ахова дазволіла ім прайсьці ў грамадзкую прыёмную Лукашэнкі й нават правесьці там сход.

Пад час сходу абмяркоўваліся пытаньні пра ўтварэньне арганізацыйнага камітэту дзеля правядзеньня зьезду асацыяцыі ахвяраў злачынстваў і злоўжываньняў уладаю; пра ўтварэньне камітэту дзеля арганізацыяў мітынгаў і пікетаў з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі.

Прадстаўнікі "Лігі правоў чалавека" перадалі пісьмовае патрабаваньне, адрасаванае Лукашэнку. У ім яны нагадалі пра колішнюю прамову Лукашэнкі, у якой ён абяцаў на працягу году спыніць інфляцыю, падняць эканоміку, кампэнсаваць грашовыя ўклады, навесьці парадак, а ў выпадку невыкананьня гэтых абяцаньняў пайсьці ў адстаўку. Узгадалі, што Лукашэнка неаднойчы казаў, што чыноўнікі перашкаджаюць яму працаваць, але нічога не зрабіў, каб прыцягнуць іх да адказнасьці. Прадстаўнікі Лігі прапанавалі Лукашэнку ўзяць прыклад з Барыса Ельцына й пайсьці ў адстаўку.

Раней, 15 лістапада, "Ліга правоў чалавека" ўжо зьвярталася да Лукашэнкі як да гаранта Канстытуцыі з прапановаю ўзначаліць Камісію ў справе дасьледваньня фактаў парушэньня правоў чалавека і парушэньня заканадаўства з боку чыноўнікаў. 24 сьнежня на гэта быў атрыманы адмоўны адказ уладаў.

XS
SM
MD
LG