Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

"Палата прадстаўнікоў" мае намер ў студзені, пад час сваёй 9-й надзвычайнай сэсіі, прыняць у другім чытаньні Выбарчы кодэкс. Гэтае рашэньне можа яшчэ больш абвастрыць стасункі Беларусі з Захадам – у прыватнасьці, прывесьці да непрызнаньня сусьветнай супольнасьцю вынікаў парлямэнцкіх выбараў.

Праект Выбарчага кодэксу ўнесены ў парадак дню надзвычайнай сэсіі, якая пачалася 4 студзеня. Напачатку гэтага тыдню кіраўнік камісіі палаты па дзяржаўным будаўніцтве Анатоль Красуцкі паведаміў, што Лукашэнка пагадзiўся на ўнясеньне шэрагу прынцыповых паправак у праект кодэксу.

Паводле словаў Красуцкага, кiраўнiк дзяржавы, у прыватнасьцi, пагадзiўся зьнiзiць у другiм туры парламэнцкiх выбараў мяжу яўкi з 50% да 25%. Дадзена таксама згода выключыць з кодэксу палажэньне аб абмежаваньнi права вылучэньня кандыдатамi ў дэпутаты для асобаў, якiя прыцягвалiся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi ў судовым парадку. Акрамя таго, Лукашэнка пагадзiўся на тое, каб было скасаванае палажэньне, якое вызначае для кандыдатаў у дэпутаты колькаснае абмежаваньне ў выпуску агiтацыйных матэрыялаў.

Спасылаючыся на гэтую інфармацыю, намесьнік кіраўніка камісіі палаты па дзяржаўным будаўніцтве Мікалай Лазавік заявіў ў інтэрвію Радыё Свабода, што перад другім чытаньнем у праекце кодэксу былі ўлічаныя амаль усе прапановы, зробленыя групаю АБСЭ.

Я зьвярнуў увагу свайго суразмоўцы на тое, што Выбарчы кодэкс, прыняты нават з улікам прапановаў групы АБСЭ, але без перамоваў з апазыцыяй, можа быць не прыняты міжнароднай супольнасьцю, што нават толькі на гэтай падставе парлямэнцкія выбары могуць быць прызнаныя несвабоднымі і, адпаведна, нелегітымнымі…

Сябра "палаты прадстаўнікоў" Лазавік адказаў, што апазыцыя мела шмат магчымасьцяў узяць удзел у працы над Кодэксам і непасрэдна праз палату, і праз групу АБСЭ. Ён заявіў, што кіраўнік групы АБСЭ сп. Вік ніколі не казаў пра тое, што пагадненьне з апазыцыяй у прыняцьці выбарчага кодэксу ёсьць абавязковая ўмова прызнаньня выбараў сусьветнай супольнасьцю.

Ці сп. Лазавік нешта не зразумеў, ці ён не пачуў тое, што чулі многія іншыя людзі. Напрыклад, яшчэ летась 22 лістапада ў інтэрвію нашаму радыё Ганс-Георг Вік нядвухсэнсоўна заявіў, што зьмены ў выбарчым кодэксе, яго канчатковая рэдакцыя абавязкова павінны стаць вынікам перамоваў з апазыцыяй. Дыплямат тады заўважыў, што гэтае патрабаваньне было ўключанае ў выніковую дэклярацыю Стамбульскага саміту АБСЭ.

У пункце 22 дэклярацыі падкрэсьліваецца, што толькі рэальны палітычны дыялёг у Беларусі можа пракласьці шлях да свабодных і дэмакратычных выбараў. Кіраўнік групы АБСЭ тады заявіў, што нават калі выбарчы кодэкс будзе ўлічваць усе найбольш істотныя заўвагі АБСЭ, прыняцьцё такога дакумэнту немагчымае без удзелу апазыцыі.

Такім чынам, усё ж атрымліваецца, што, прыняўшы кодэкс без перамоваў з апазыцыяй, улады Беларусі парушаць свае міжнародныя забавязацельствы, якія яны ўзялі на сябе, падпісаўшы Стамбульскую дэклярацыю АБСЭ, рэзка пагоршаць стасункі з Захадам і створаць умовы, каб парлямэнцкія выбары не былі прызнаныя сьветам.

Гэтую сытуацыю я папрасіў пракамэнтаваць кіраўніка групы АБСЭ сп. Віка. Ён быў надзвычай дыпляматычны, сказаўшы, што ўрад цалкам разумее неабходнасьць перамоваў па сутнасьці. Іншыя крыніцы ў групе АБСЭ, ня так скаваныя дыпляматычным этыкетам, выказалі меркаваньне, што кодэкс ўсё ж ня будзе прыняты на гэтай сэсіі, што заявы ўладаў – проста спроба заняць пазыцыю на перамовах.

Як будуць разьвівацца падзеі, калі ўлады будуць настойваць на сваім, замежныя дыпляматы не камэнтуюць. Але, да прыкладу, экс-сьпікэр парлямэнту Мечыслаў Грыб, спасылаючыся на дасьведчаныя крыніцы, заявіў Радыё Свабода, што калі сусьветная супольнасьць не прызнае парлямэнцкія выбары 2000 году, Захад будзе працягваць прызнаваць адзіным законым парлямэнтам Беларусі Вярхоўны Савет 13-га скліканьня.

Гэтае прызнаньне, па словах Грыба, захаваецца нават пасьля 9 студзеня 2001 году, калі скончыцца пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету.

XS
SM
MD
LG