Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Беларускае кіраўніцтва зрабіла калядны падарунак жыхарам: значна падвышаныя кошты на бэнзын і дызэльнае паліва. Паказальна, што гэта было зроблена 4 студзеня, калі Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся за мяжою.

Паводле афіцыйных тлумачэньняў, падвышэньне коштаў на нафтапрадукты адбылося з-за падаражаньня расейскае нафты, а таксама ў сувязі з увядзеньнем новага парадку выплаты падатку на даданую вартасьць. Агэнцыя БелаПАН перадало таксама, што канцэрн "Белнафтахім" лічыць рост коштаў неабходным для таго, каб стварыць да вясны неабходныя запасы паліва для сельскае гаспадаркі.

Але якраз для калгасаў такое падаражаньне будзе асабліва балючым. Бо найбольш падвысіліся кошты на дызэльнае паліва – асноўнае паліва, якое выкарыстоўваецца ў аграпрамысловым сэктары. Яно падаражэла на 4% і цяпер каштуе амаль столькі ж, колькі 76-ы бензін – 190 тысячаў рублёў за літар. "Белнафтахім" абяцае, што для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў паліва будзе толькі на 5% даражэйшае за сабекошт.

Але ў любым выпадку гэта стане цяжкім выпрабаваньнем для сельскай гаспадаркі, якая і дагэтуль не магла абысьціся без падтрымкі дзяржавы. Рост цэнаў на паліва значна павялічыць сабекошт сельскагаспадарчае прадукцыі. Няскладана спрагназаваць, што ўрад паспрабуе ўтрымаць кошты на прадукты харчаваньня, што йзноў прывядзе да дэфіцыту.

Відавочна, кошты падвышаныя ў сувязі з тым, што дзяржава болей ня мае магчымасьці ўтрымліваць іх на нізкім узроўні. Дарэчы, нафтапрадукты ўжо даражэлі 3 сьнежня.

Хутчэй за ўсё, падаражаньне нафтапрадуктаў у Беларусі не зьяўляецца апошнім. Справа ня толькі ў тым, што ўрад так і ня здолеў перамагчы інфляцыю. Краіна цалкам залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў. На працягу некалькіх гадоў экспэрты папярэджвалі беларускі ўрад, што энэрганосьбіты трэба атрымліваць з разнастайных крыніцаў.

Паводле меркаваньня прадстаўніка Міжнароднага валютнага фонду Марка Хортана "нельга быць залежным ад танных рэсурсаў, таму што аднойчы яны могуць стаць недаступнымі". Залежнасьць ад расейскіх рэсурсаў прыводзіць да залежнасьці і ад расейскай палітыкі, і ад расейскіх коштаў. У выніку церпіць ня толькі сельская гаспадарка Беларусі, але і ўсе іншыя спажыўцы.

XS
SM
MD
LG