Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Праваслаўны сьвет рыхтуецца сустрэць вялікае сьвята – Раство Хрыстовае. Праваслаўныя Каляды сталі нагодай для візыту прадстаўнічай ўрадавай беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Сьвятую Зямлю, ў Ізраіль. Як успрымаюць візыт кіраўніка, прэзыдэнцкія паўнамоцтвы якога скончыліся больш поўгоду таму назад, у Ізраілі? Мы зьвязаліся па тэлефоне зь Міністэрствам замежных справаў Ізраілю…

Як мне растлумачыла прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Ізраілю Яса Бен Ары па телефоне з Ерузаліму, візыт Лукашэнкі ў Ізраіль – прыватны, а не афіцыйны. Яшчэ больш году таму назад каталіцкі і праваслаўныя патрыярхі Ізраілю і Палестыны ў паразуменьні з ўрадам Ізраілю і кіраўніцтвам Палестынскай аўтаноміі накіравалі лідэрам амаль усіх хрысьціянскіх дзяржаваў запросіны сустрэць 2000-ю гадавіну Раства Хрыстовага ў Ізраілі, у Бэтлееме, дзе паводле Бібліі нарадзіўся заснавальнік хрысьціянства.

Шмат хто ўжо скарыстаў з гэтых запросінаў. Напрыклад, 24 – 25 сьнежня ў Бэтлееме сьвяткавалі каталіцкія Каляды прэм'еры Італіі і Гішпаніі Массіма Д'Алема і Хозе Марыя Азнар. Але найбольш актыўна на гэтыя запросіны адгукнуліся лідэры праваслаўных дзяржаваў. У Ізраілі цяпер кіраўнікі Грэцыі, Румыніі, Малдовы, Украіны, Грузіі, былы расейскі прэзыдэнт Ельцын. Зьбіраўся, нават, прыехаць прэзыдэнт Югаславіі Мілошавіч, але ў апошні момант адмовіўся. Відаць, для чалавека, якога абвінавачвае ў ваенных злачынствах Міжнародны трыбунал у Гаазе, падобнае падарожжа занадта небяспечнае.

Ну а Лукашэнка атрымаў запросіны яшчэ ў той час, калі ягоныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы былі легітымнымі. І вось цяпер ён з дапамогай гэтых старых запросінаў намагаецца прарваць тую дыпляматычную блякаду, якой атачыў Беларусь цывілізаваны сьвет.

У маёй размове па тэлефоне з міністэрствам замежных справаў Ізраілю я папрасіў загадчыка усходнеэўрапэйскага аддзелу міністэрства Шымона Штайна пракамэнтаваць афіцыйную дзяржаўную пазыцыю Ізраілю ў спрае візыту Лукашэнкі. Всоь ягоны каментар:

(Штайн: ) "Запросіны для прэзыдэнта Лукашэнкі – гэта не запросіны з афіцыйным візытам. І толькі ў такім кантэксьце яго трэба разглядаць. Я добра ўсьведамляю сабе ўсю складанасьць сытуацыі вакол Беларусі. І таму я падкрэсьліваю: спадар Лукашэнка быў запрошаны праваслаўным патрыярхам удзельнічаць у калядных сьвятах. Яго ніхто не запрашаў з афіцыйным візытам у Ізраіль. Гэты візыт можна разглядаць толькі ў рэлігійным кантэксьце, а не ў палітычным кантэксьце. Ізраіль заўсёды выступаў за свабоду паломніцтва на Сьвятую Зямлю. І таму мы ня ў стане нікому забараніць удзельнічаць у рэлігійных сьвятах, ні прэзыдэнту, ні звычайнай асобе. І таму я падкрэсьліваю, што ўсе павінны разглядаць гэты візыт толькі ў гэтым кантэксьце, і ня ў якім іншым".

А ці заўважальны візыт Лукашэнкі ў ізраільскім палітычным жыцьці? Як ставяцца да яго ізраільскія палітыкі, у тым ліку і нядаўнія эмігранты з былога Савецкага Саюзу? Каб атрымаць адказы на гэтыя пытаньні я пазваніў галоўнаму рэдактару найбольш папулярнай і шматтыражнай расейскамоўнай ізраільскай газэты "Вести" Максу Лур'е і папрасіў яго пракамэнтаваць візыт Лукашэнкі. Ён, аднак, запрасіў да тэлэфону адказнага рэдактара газэты, былога менчука Ігара Рубінштэйна, які спэцыяльна сочыць за ходам лукашэнкаўскага візыту. На пытаньне пра рэакцыю ізраільскага грамадзтва на візыт Лукашэнкі ён адказаў:

(Рубінштэйн: ) "Перш за ўсё я хачу падкрэсьліць, што гэта не падзея для Ізраілю. Ізраільскі істэблішмэнт і, асабліва, ізраільскі народ ня дужа хвалюцца з нагоды гэтага візыту. Наколькі мне вядома, візыт Лукашэнкі – гэта не афіцыйны дзяржаўны візыт прэзыдэнта Беларусі ў Ізраіль. Гэта візыт у сьвятую зямлю з нагоды сьвяткаваньня Калядаў. Перш за ўсе ён паехаў у Бэтлеем. Ен там сустрэнецца з Арафатам. Ня будзе сустрэчы з прэм'ерам Ізраілю Баракам. Барак цяпер знаходзіцца ў ЗША, ён там праводзіць перамовы з сырыйцамі. Мне здаецца, што падзея гэтая не хвалюе ізраільскі народ".

Нелігітымнасць Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці актуальнага прэзыдэнта Беларусі прызнаецца пераважнай бальшынёй краінаў цывілізаванага сьвету. Не прызнае ягоных паўнамоцтваў Эўрапейскі Зьвяз, Рада Эўропы і шэраг іншых міжнародных арганізацыяў. Чаму ж тады ў гэтай сытуацыі яго ў якасьці кіраўніка краіны прымаюць у Ізраілі? Чаму на сустрэчу зь ім згадзіўся прэзыдэнт краіны Эзэр Вэйцман? Чаму Ізраіль такім чынам неяк вылучаецца з краінаў дэмакратычнага сьвету? Ігар Рубінштэйн адказвае:

(Рубінштэйн: ) "У Ізраілю, у ізраільскага істэблішмэнту, і, асабліва, ў цяперашняга ізраільскага ўраду ёсць вельмі багаты вопыт сустрэчаў з нелігітымнымі асобамі. Можна ўзгадаць тут Ясіра Арафата. Можна ўзгадаць Хафеза Асада, зь якім зараз Ізраіль вядзе перамовы. Ізраіль вельмі цьвёрда крочыць па гэтым шляху, і мяне не зьдзіўляе той факт, што Лукашэнка прыймаецца ў прэзыдэнцкім палацы ў Ерузаліме. Мне здаецца, што візыт Лукашэнкі вельмі адпавядае той палітычнай лініі, якая, на жаль, вядзецца ўрадам Ізраілю. Але я падкрэсьліваю, што ў гэтым канкрэтным выпадку візыт Лукашэнкі ў Ізраіль не ўспрымаецца ў якасьці візыту афіцыйнай асобы. Гэта візыт з нагоды сьвяткаваньня Калядаў, і нішто іншае".

Наколькі я ведаю, некаторыя ізраільскія палітыкі, якія атрымалі запросіны на сустрэчу прэзыдэнта Эзэра Вэйцмана з Аляксандрам Лукашэнкам, адмовіліся прымаць у ёй удзел. Я маю на ўвазе перш за ўсё міністра ўнутраных справаў Ізраілю і былога савецкага дысыдэнта Натана Шчаранскага. Гаворыць Ігар Рубінштэйн:

(Рубінштэйн: ) "Я ведаю рэакцыю толькі аднаго палітыка з так званага нацыянальнага лягеру. Нацыянальны лягер – гэта блёк правых партыяў. І вось палітык Авігдор Лібэрман, які ўзначальвае партыю "Ізраіль бейтэну" (перакладаецца як "Наш дом Ізраіль") адмовіўся ад сустрэчы з Лукашэнкам, але не з нагоды таго, што Лукашэнка зьяўляецца нелегітымным, а таму, што прэзыдэнт Ізраілю Эзэр Вэйцман – фігура вельмі кантравэрсійная. Цяпер у ізраільскіх газэтах, часопісах друкуецца шмат артыкулаў наконт таго, што Вэйцман, калі ён быў дзеючым палітыкам, не намінальным, як зараз, ён атрымліваў незаконныя грошы з-за мяжы. І адмова Лібэрмана тлумачыцца больш унутранымі ізраільскімі прычынамі, а ня тым, што Лукашэнка лічыцца нелегітымным на Захадзе і ўнутры Беларусі.

Ніводзін палітык, які зьяўляецца былым савецкім грамадзянінам, не прыедзе да прэзыдэнта, каб сустрэцца з Лукашэнкам. Гэта факт".

Напярэдадні ад'езду прэзыдэнта Лукашэнкі ў Ізраіль на спэцыяльна скліканай у Менску прэсавай канфэрэнцыі старшыня Асацыяцыі яўрэяў Беларусі Якаў Гутман напрамую назваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі антысеміцкай і заклікаў афіцыйных прадстаўнікоў Ізраілю не сустракацца зь ім. Падобную заяву зрабіў і лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка. Ці гэтая рэакцыя беларускай апазыцыі дайшла да Ізраілю? Адказны рэдактар ізраільскай газэты "Весьци" Ігар Рубінштэйн адказвае:

(Руюінштэйн: ) "Гэта дайшло да Ізраілю, і ў наступным нумары нашай газэты мы цытуем Гутмана, мы цытуем Вячорку, мы цытуем іх выказваньні. Гутман у сваім лісьце да Вэйцмана нагадаў вельмі цікавую рысу. Я зараз прачытаю, што ён напісаў. Цытую: "Не сомневаюсь, что вы достойно выйдете из сложившейся ситуации, и не войдёте в историю как те евреи, которые приветствовали установление нацистского режима в Германии, которые пытались наладить сотрудничество с Гитлером". Тое, што ўзгадаў у гэтым лісьце спадар Гутман, – гэта гістарычная падзея, гістарычны факт. Гэта ўжо было, і дзеяньні Вэйцмана, калі ён сустрэнецца з Лукашэнкам, будуць вельмі нагадваць тое, што было ў 30-я гады ў Эўропе. І гэта вельмі абражае".

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ізраіль заплянаваны на 4 дні. Сёньня ўвечары вялікі прыём з нагоды візыту наладжвае беларуская амбасада ў Тэль-Авіве. На яго запрошаныя шматлікія прадстаўнікі ізраільскага сьвету, палітыкі, эканомікі і культуры. Але ці прыдуць яны? Калі ўзважыць адносіны ізраільскага грамадэтва да візыту чалавека, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі, наўрад ці…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG