Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

"Чачэнскія аддзелы выціскаюць расейскіх наступантаў" – так называецца артыкул Даніэля Вільямса, які зьявіўся на старонках сёньняшняй "International Herald Tribune". Прапануем увазе чытачоў пераказ ягонага зьместу, а таксама іншыя паведамленьні з чачэнска-расейскае вайны.

Чачэнскія паўстанцы пачалі контраатакі на заходнім накірунку ад сталіцы рэспублікі Грознага. Расейскім аддзелам, якія атачылі места, давялося прыкласьці вялікія намаганьні каб стрымаць гэты наступ.

Паведамляецца пра рост стратаў у расейскім войску, пра скаргі жаўнераў на адсутнасьць каардынацыі дзеяньняў паміж наступантамі на Грозны, а таксама пра тое, што шпіталі запаўняюцца параненымі.

Аблога наземнымі войскамі Грознага ўжо амаль два тыдні падтрымліваецца амаль бесперапыннымі авіяналётамі і вагнём гарматніцы. Тым ня менш, чачэнцы ў жорсткім супраціве заблякавалі расейцаў на ўскарайку места. Расейскае вайсковае кіраўніцтва цьвердзіць, што сілы міністэрства ўнутраных справаў прамацваюць абароназдольнасьць чачэнцаў у розных накірунках і, нават, захапілі, прынамсі, адно з паўночна-заходніх прымесцьяў Грознага – Старапрамыслоўскі раён. Але іншыя паведамленьні паказваюць, што ў гэтых заявах больш аптымізму, бо рэальнасьць выглядае крыху інакш.

У панядзелак чачэнцы ўпершыню пачалі контраатакі на захадзе чачэнскае сталіцы ў накірунку ўжо месяц як занятых расейцамі мястэчак Алхан-Кала і Алхан-Юрт. "Баявыя дзеяньні ў раёне Алхан-калы працягваюцца, – сказаў у месьце Маздок начальнік штабу расейскае групоўкі на Каўказе Васілій Чырман, – мы зьнішчылі групу, якая зрабіла спробу нас атакаваць".

Дзяржаўная тэлевізійная кампанія ОРТ паведаміла, што паўстанцы, абложаныя ў Алхан-Юрце, будуць зьнішчаныя.

Тым часам, чачэнскія афіцыйныя асобы заявілі, што іхныя сілы вярнулі пад свой кантроль тры мястэчкі: Алхан-Кала, Алхан-Юрт і Куралі, якія фармуюць трохкутнік на захадзе ад Грознага.

Прадстаўнік паўстанцаў Маўладзі Ўдугаў сказаў, што чачэнскае войска зьнішчыла штаб кіраўніка заходняга фронту, гэнерала Владзіміра Шаманава. Гэтыя словы былі адрынутыя расейскім бокам, а незалежныя крыніцы ня здолелі спраўдзіць гэтую інфармацыю.

Значэньне атакі чачэнцаў на захад паказвае на тое, што яны не спрабуюць уцякаць з Грознага, каб працягваць барацьбу ў горным поўдні. Яны спабуюць прабіцца ў расейскія тылы, каб адтуль працягваць сваю барацьбу. Іхныя невялікія самастойныя аддзелы ўжо дзейнічаюць у тыле расейцаў, але нічога не паказвае на тое, што іхныя дзеяньні скаардынаваныя.

Выглядае, што штурм Грознага будзе больш працяглым, чым прадказвалі расейскія вайскоўцы ў розныя часы. "Мы ня будзем спэкуляваць на тэрмінах перамогі і вызначаць канчатковую дату", – сказаў выканальнік абавязкаў расейскага прэзыдэнта Владзімір Пуцін.

Калі б расейцы ўзялі Грозны, гэта паставіла б пад іхны кантроль найбольш населеную частку Ічкерыі, што, магчыма, сталася б вяршыняй іхнага наступу. Калі ў вайне 1994-96 гадоў чачэнцы дэ-факта атрымалі незалежнасьць, то гэтая вайна можа перарасьці ў доўгачасовую партызанскую вайну.

Цяпер, пры спробе увайсьці ў Грозны, расейцы сутыкнуліся са сталым вагнём снайпераў і засадамі. "Снайперы амаль ніколі не прапускаюць ахвяраў, – сказаў узводны лейтэнант Канстанцін Куханавец.

У Старапрамыслоўскім раёне расейскія жаўнеры скардзіліся тэлездымачнай групе, што іхны кантроль над гэтай тэрыторыяй – мана. "Жаўнеры гінуць тузінамі… Нас зьнішчае вагонь нашых жа мінамётаў".

У панядзелак паўстанцы таксама атакавалі расейцаў на дарозе, якая вядзе ў Аргунскую цясьніну і далей да мяжы з Грузіяй. Вайсковае кіраўніцтва не прызнае, што ў гэтым месцы расейцы пацярпелі сур'ёзную паразу, аднак жаўнеры ў перадгорнай вёсцы Аўтуры сказалі, што такая атака, падтрыманая вагнём мінамётаў, была.

Чачэнцы падкрадаюцца да нас, – гавораць расейцы. – Аднаго мы злавілі літаральна за 10 мэтраў ад нашых пазыцыяў, але перад тым ён знайшоў час кінуць гранату ў нашую бронемашыну. Потым ён хацеў уцячы, але ня змог…"

І яшчэ адно паведамленьне. Пяць расейскіх вайсковых машынаў на дарозе з Дагестану ў Ічкерыю наехалі на міну. Ніхто з жаўнераў не пацярпеў, – заявіла расейскае вайсковае кіраўніцтва.

XS
SM
MD
LG