Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

У Маскве сёньня жартуюць, што самы каштоўны навагодні падарунак атрымаў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін, якому цяпер ужо былы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын 31 сьнежня перадаў свае паўнамоцтвы. Але як доўга Расея будзе заставацца без сапраўднага, абранага ўсеагульным галасаваньнем, прэзыдэнта, калі тут адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, і якія пляны мае на гэты конт Уладзімер Пуцін? Прапануем вашай увазе кароткі агляд актуальных падзеяў у Расеі і водгукі на іх усясьветных сродкаў масавай інфармацыі.

Паводле дзеючай расейскай канстытуцыі прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца ў працягу трох месяцаў пасьля адстаўкі прэзыдэнта. У канстытуцыі, аднак, не ўдакладняецца: ці выбары павінны адбыцца праз месяц, два ці праз тры пасьля адстаўкі. І вось цяпер прапанова: калі праводзіць выбары – залежыць выключна ад Уладзімера Пуціна.

Раней у камэнтарох расейскіх сродкаў масавай інфармацыі называлася дата 26 сакавіка, як дзень магчымых прэзыдэнцкіх выбараў. Але для Пуціна гэтая далёкая дата ня надта выгодная. Ягоная папулярнасьць напасрэдна залежыць ад посьпехаў у чачэнскай вайне, а апошнія паведамленьні з чачэнскіх франтоў ня надта аптымістычныя.

Вось чаму адной зь першых рабочых сустрэчаў, якія Уладзімер Пуцін правёў пасьля перайманьня абавязкаў прэзыдэнта, была кансультацыйная размова са старшынём Канстытуцыйнага Суда Расеі Маратам Валгаем. Пасьля яе Валгай паведаміў журналістам, што новы кіраўнік расейскае дзяржавы імкнецца да строгага захаваньня дэмакратычных нормаў. У хуткім часе ён, паводле словаў Валгая, выступіць із прапановай аб даце выбараў на форуме ніжняй палаты расейскага парлямэнту – Думе.

Але, калі ў Думе ня цяжка назьбіраць неабходную Пуціну бальшыню галасоў дзеля зацьверджаньня выгоднай яму даты выбараў, дык у вышэйшай палаце – Радзе Фэдэрацыі – зрабіць гэта будзе куды цяжэй. Пераважная бальшыня губэрнатараў, прадстаўленых ў Радзе, належыць да апазыцыйнага прэзыдэнцкай камандзе блёку "Айчына – Уся Расея". А менавіта Рада Фэдарацыі мае вырашальнае канчатковае слова ў прызначэньні даты выбараў.

На думку маскоўскіх аглядальнікаў, значна пашкодзіла аўтарытэту Пуціна ягоная практычна першая афіцыйная заява пасьля заняцьця пасады прэзыдэнта. Прыгадаю, што Пуцін гарантаваў Ельцыну і ягонай сям'і імунітэт супроць кожнага судовага перасьледу ў справе карупцыі падчас ягонага прэзыдэнцтва.

І вось цяпер, каб неяк паправіць свой палітычны імідж напярэдадні выбараў, Пуцін пачаў звальняць з пасадаў людзей з ельцынскай прэзыдэнцкай каманды. Першай страціла сваю пасаду спэцыяльнага дарадчыка прэзыдэнта дачка Барыса Ельцына Тацяна. Пасьля яе разьвітаўся са сваім крамлёўскім кабінэтам прэсавы сакратар Ельцына Дзьмітры Якушкін. Магчыма, за імі прыйдзе чарга і на наступныя "ахвяры".

Былы прэзыдэнт Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў у інтэрвію італьянскай газеце "Ля Стампа" пракамэнтаваў расейскія падзеі некалькіх мінулых дзён наступным чынам. Ён лічыць, што Ельцын пайшоў у адстаўку разам з усім сваім атачэньнем. Дакладней кажучы, менавіта члены так званай "сям'і" змусілі яго пайсьці на гэты крок. На думку Гарбачова, вялікі ўплыў на пастанову Ельцына мелі і парады ягоных лекараў, якія лічаць, што ягонае далейшае прэзыдэнцтва можа мець "фатальны" вынік для ягонага стану здароў'я.

Аднак адстаўлены Пуціным Якушкін у інтэрвію радыёстанцыі "Эхо Москвы" заявіў, што Ельцын прыняў пастанову аб адстаўцы самастойна. "Зразумела, – дадаў Якушкін, – Ельцын лічыць, што Пуцін ідэальны для Расеі выбар. І Ельцын зразумеў, што ягонае знаходжаньне пры ўладзе перашкаджае далейшай кар'еры Пуціна".

На заканчэньне прыгадаем, што нягледзячы на бурлівыя маскоўскія падзеі апошніх дзён, сам Ельцын разам з патрыярхам Расейскай Праваслаўнай царквы Алексіем ІІ, накіроўваецца ў Ізраіль, каб ў Бэтлееме разам зь іншымі праваслаўнымі прэзыдэнтамі сустрэць Раство Хрыстова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG