Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Фінансавы сьвет адзначыў першую гадавіну зьяўленьня новай валюты – эўра. Мы паведамлялі, што пачатак працэсу валютнай інтэграцыі адзінаццаці эўрапейскіх краінаў выдаўся зусім ня гладкім: на працягу 1999 году назіралася дэвальвацыя эўра. А як да новай валюты паставіліся ў Беларусі?

Сёньня пасьля тыднёвага перапынку аднавіла працу Беларуская валютна-фондавая біржа. Як засьведчылі вынікі першага ў 2000 годзе дня валютнага гандлю, эўра захавала на беларускім рынку мінулагоднія пазыцыі. Паводле сёньняшніх валютных апэрацыяў на біржы, кошт 1 эўра склаў 328 новых беларускіх рублёў.

Вядучы эканаміст біржы Сяргей Новік патлумачыў для нашага радыё, што на працягу першага году існаваньня эўра гандаль гэтай валютаю меў рэгулярны характар. Знаходзіліся як прадаўцы яе, так і пакупнікі. Разам з тым, паводле ягоных словаў, аб'ёмы біржавога гандлю эўра пакуль ня ўражваюць.

У прыватнасьці, сёньня на біржы было рэалізавана 75 тысячаў эўра. Сапраўды, як сьведчыць фінансавая статыстыка, за тыдзень памеры продажу й набыцьця гэтай валюты на біржы складаюць у сярэднім ад 50 да 150 тысячаў эўра. Гэтыя сумы значна саступаюць аб'ёмам куплі-продажу даляраў, расейскіх рублёў і нямецкіх марак.

Дзьмітры Курачкін, сябра Рады ў пытаньнях эўра – воргану, які быў створаны беларускім урадам – лічыць згаданую тэндэнцыю аб'ектыўнай.

Рэч у тым, зазначыў ён, што такая тэндэнцыя вынікае з падзеяў усясьветнага фінансавага рынку. Эўра за 12 месяцаў існаваньня патаньнеў на 15-16 адсоткаў. Беларускія ж фінансісты й гаспадарнікі, зазначыў спадар Курачкін, уважліва адсочваюць сытуацыю з новай валютаю.

"Некаторыя глядзяць: курс падае, таму лічаць за лепшае мець перш за ўсё справы з далярам. Валюта ЭўраЗьвязу паводле папулярнасьці ў Беларусі пакуль ня можа на роўных канкураваць з грашыма Злучаных Штатаў Амэрыкі. Даляр на беларускім рынку, паводле майго меркаваньня, будзе займаць дамінуючае становішча яшчэ не адзін год. А для папулярнасьці эўра пакуль час не настаў", – мяркуе сябра Рады ў пытаньнях эўра Дзьмітры Курачкін.

Паводле ягоных словаў, сытуацыя можа йстотна зьмяніцца ўжо праз два гады, калі надыйдзе новы этап эўрапейскай валютнай інтэграцыі. А менавіта: калі сябры гэтак званага Эўралэнду ўвядуць у абарачэньне наяўныя грошы. Наяўны эўра, паводле меркаваньня адмыслоўца, здольны выклікаць рэзкі рост прыхільнікаў, у тым ліку й сярод грамадзянаў Беларусі.

XS
SM
MD
LG