Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Аляксандар Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію ізраільскай расейскамоўнай газэце Вести вымушаны быў прызнаць, што цяперашні стан беларуска-ізраільскіх стасункаў нездавальняючы. Лукашэнка спадзяецца, што пад час візіту ў Ізраіль, які распачынаецца сёньня, яму ўдасца зьмяніць сытуацыю ў лепшы бок. Наколькі абгрунтаваныя такія спадзяваньні? І як ставяцца да першай асобы Беларусі ў Ізраілі?

3 студзеня ў інтэрвію Беларускай тэлевізіі амбасадар Беларусі ў Ізраілі Генадзь Лавіцкі паведаміў, што Аляксандра Лукашэнку нібыта вельмі чакаюць у гэтай краіне, і што праваслаўны патрыярх у Ерусаліме яшчэ год таму паведаміў, што першым запрошаным сярод іншых кіраўнікоў праваслаўных краінаў будзе менавіта Лукашэнка.

На людзей, якія ня ведаюць пра дэталі візыту Лукашэнкі ў агульным кантэксьце сьвяткаваньня хрысьціянскага юбілею, гэтыя словы, відаць, зробяць уражаньне.

Але гэта ні што іншае як жаданьне дагадзіць Лукашэнку, бо ў сапраўднасьці запрашэньні былі дасланыя кіраўнікам ня менш як дзесяці краінаў СНД і Ўсходняй Эўропы, дзе бальшыня вернікаў – праваслаўныя. Пра ўдзел у сьвяткаваннях Барыса Ельцына загаварылі яшчэ тады, калі пра візыт Лукашэнкі ў Ізраіль нават не ўзгадвалі.

У межах сьвяткаваньняў адбудуцца й двухбаковыя сустрэчы (зазначу: ва ўсіх прэзыдэнтаў – аднолькавыя) – у прыватнасьці, зь лідэрам Палестыны й прэзыдэнтам Ізраіля. Апошні, дарэчы, выконвае ў Ізраілі толькі цырыманіяльную ролю, і гаварыць пра сустрэчу зь ім як пра вельмі значную не даводзіцца.

У ізраільскай прэсе (нават у расейскамоўнай) надзвычай зрэдку ўзгадваюць пра Беларусь. За 26 дзён, праведзеных у Ізраілі мінулым летам, я знайшла толькі адну інфармацыю з красамоўнай назваю "Заяц" упаў". Пра трагічныя ж падзеі на Нямізе ізраільцяне даведаліся праз расейскую тэлевізію.

Што тычыцца непасрэдна асобы Лукашэнкі, дык у яго там ўстойлівы нэгатыўны імідж. Нядаўна я атрымала ліст ад старога ізраільцяніна, які нарадзіўся на Гарадзеншчыне. Ён пытаецца, ці сапраўды цяпер у Беларусі ўсталяваўся сталінска-берыеўскі рэжым у адносінах да апазыцыі? Пытаньне такое ўзьнікла пасьля таго, як адзін ягоны зямляк напісаў, што вымушаны хавацца за мяжою, бо выступаў у СМІ з крытыкай уладаў, пасьля чаго яго пачалі перасьледваць.

Лукашэнка мае намер сустрэцца зь ізраільскімі бізнэсоўцамі ў горадзе з пераважна расейскамоўным насельніцтвам – Ашдодзе, што прыкладна ў 30 кілямэтрах ад Тэль-Авіву.

Тры гады таму тавараабарот паміж Беларусьсю ды Ізраілем вымяраўся сьціплай лічбаю – 28 мільёнаў даляраў. Цяпер ён складае ўсяго 24 мільёны. Гэта пры тым, што асобныя ізраільскія фірмы маюць гадавы абарот у мільярд даляраў. Бізнэсоўцы хочуць мець надзейныя гарантыі сваіх інвэстыцыяў, стабільнае заканадаўства, якое б не падмянялі бясконцыя дэкрэты і ўказы.

І апошняе. Лукашэнка любіць гаварыць пра сваю эфэктыўную нацыянальную палітыку. Але менавіта пры ім перасталі ўзгадвацца ў Беларусі факты антысэмітызму, зьнікла з тэлеэфіру перадача "Мост", прысьвечаная культурным стасункам паміж Беларусьсю ды Ізраілям. А гэбрайскага жыхарства ў краіне пры Лукашэнку засталося ўсяго 0,3 адсоткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG