Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2000 г.


Юрась Карманаў, Менск

Прадстаўнікі праваабарончых і гэбрайскіх арганізацыяў выказваюць зьдзіўленьне з нагоды маючых адбыцца сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі з афіцыйнымі прадстаўнікамі Ізраіля. Пра гэта сёньня было заяўлена на прэсавай канфэрэнцыі, якую ў штаб-кватэры БНФ правялі старшыня Ўсясьветнага згуртаваньня беларускіх гэбраяў Якаў Гутман, старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, а таксама прадстаўнікі БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі.

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ізраіль, які распачынаецца сёньня, стаў нагодаю для прэсавай канфэрэнцыі, на якой было заяўлена, што праявы антысэмітызму ў Беларусі за часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі значна ўзмацніліся.

Старшыня Ўсясьветнага згуртаваньня беларускіх гэбраяў Якаў Гутман паведаміў, што арганізацыю, якую ён узначальвае, афіцыйныя беларускія ўлады не зарэгістравалі. У Беларусі няма аніводнай гэбрайскай школы, дагэтуль ня створаны мэмарыял ахвярам нацызму. Гэбрайскую маёмасьць не вяртаюць гаспадарам. У Беларусі засталося толькі 28 тысячаў гэбраяў у параўнаньні са 112 тысячамі, якія былі ў 1989 годзе. "Гэбраі галасуюць нагамі супроць той палітыкі, якую праводзіць Аляксандар Лукашэнка", – заявіў Якаў Гутман.

Паводле ягоных словаў, у гэтай сытуацыі незразумелыя матывы, паводле якіх Аляксандар Лукашэнка атрымлівае магчымасьць афіцыйных сустрэчаў у часе наведваньня Ізраіля. Сп. Гутман выказаў (як ён заявіў) "шчырае зьдзіўленьне" з нагоды маючай адбыцца сустрэчы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Ізраіля, а таксама заплянаваных сустрэчаў у ізраільскім парлямэнце – Кнэсэце. Якаў Гутман паабяцаў, што паінфармуе сваіх ізраільскіх калегаў пра наступствы, якія могуць мець гэтыя сустрэчы.

"Ногі прэч ад Сьвятой зямлі!", – патасна падсумаваў сваю прамову сп. Гутман, які лічыць, што Лукашэнка, у вадрозьненьне ад летувіскага прэзыдэнта, едзе ў Ізраіль зусім ня дзеля таго, каб папрасіць прабачэньня за вынішчэньне гэбраяў.

Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна " Алесь Бяляцкі заявіў, што супроць гэбраяў, якія займаюцца ў Беларусі палітыкаю, ужываюцца асабліва жорсткія мэтады – 19 сьнежня ў Віцебску быў зьбіты вядомы апазыцыйны дзяяч Барыс Хамайда, месяц таму зьбілі кінарэжысэра Леаніда Міндліна.

"У гульні ў "гэбрайскую карту" афіцыйныя ўлады актыўна выкарыстоўваюць кіраўніка гэбрайскіх абшчынаў у Беларусі Леаніда Левіна, які вядзе палітыку на далучэньне гэбрайскага руху да ўсіх афіцыйных структураў", – пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі заявіў кінарэжысэр Юры Хашчавацкі.

Намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык паведаміў, што старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" Вінцук Вячорка накіраваў прэм'еру Ізраіля Бараку ліст, у якім нагадаў пра завяршэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі 20 ліпеня летась і пра цытаты Лукашэкі пра Адольфа Гітлера, а таксама выказаў неўразуменьне з нагоды маючых адбыцца сустрэчаў "прыхільніка Гітлера з прадстаўнікамі афіцыйных ізраільскіх уладаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG