Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пракурор Фёдар Шэдаў папрасіў суд прызнаць экс-міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава вінаватым у хабарніцтве ды крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці і пакараць яго васьмю гадамі турмы з канфіскацыяй маёмасьці. З гэтага пачаліся сёньня судовыя спрэчкі на працэсе, што аднавіўся у Вярхоўным судзе. Са свайго боку адвакаты заявілі пра тое, што абвінавачваньні ў судзе не былі даказаныя і заклікалі судзьдзяў цалкам апраўдаць Васіля Лявонава.

Прамова пракурора рэспубліканскай пракуратуры Фёдара Шэдава доўжылася ня больш за дваццаць хвілінаў, за якія ён пасьпеў выкласьці тое, што пераканала яго ў вінаватасьці Васіля Лявонава – "аднаго з былых лідэраў эканомікі і нават аднадумцы Аляксандра Лукашэнкі", – так выказаўся пракурор на карысьць Лявонава і нават узгадаў, што калісьці Лукашэнка называў Лявонава сваім настаўнікам.

Аднак з тых часоў шмат што зьмянілася – Лявонаў, як лічыць Фёдар Шэдаў, стаў на сьлізкі шлях злачынства і павінен за атрыманьне хабару ад старшыні гаспадаркі "Расьвет" атрымаць восем гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці, за крадзеж дзяржаўнай маёмасьці ў выглядзе атрыманьня ад таго ж "Расьвета" харчовых паднашэньняў – столькі ж, і яшчэ тры гады за незаконнае захоўваньне патронаў ад аўтамата Калашнікава й вінтоўкі Вінчэсьцер.

У выніку пракурор прапанаваў суду абмежавацца для Лявонава васьмю гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй. Астатніх эпізодаў абвінавачваньня пракурор увогуле не закрануў. Гаворка йдзе пра тое, быццам былы міністар дапамог фірме "Руст-інвэст" выйграць тэндэр на пастаўку збожжа і за гэта, нібыта, яму дапамаглі пабудаваць катэдж, а таксама пра тое, што ён (зноў жа ў карысьлівых мэтах) спрыяў угодзе паміж фірмаю "Руст" і аб'яднаньнем "Нафтан".

У перапынку пракурор Шэдаў патлумачыў нашаму радыё: "…Гэта два эпізоды, што былі інкрымінаваныя Лявонаву, я лічу, не былі даказаныя ворганамі сьледзтва, і таму я адмовіўся ад падтрымкі гэтых абвінавачваньняў і прасіў суд па іх Лявонава апраўдаць", – сказаў пракурор. І потым дадаў, што не падцьвердзілася, на ягоную думку, і абвінавачваньне ў тым, што Лявонаў у карысьлівых мэтах прымусіў кіраўніка "Расьвету" Васіля Старавойтава ўзяць крэдыт, каб потым зарабіць на гэтым працэнты.

І ўсё ж і даказаных эпізодаў, на думку Шэдава, дастаткова, каб адправіць аднадумцу й настаўніка Лукашэнкі за краты. "Чаму ж так атрымалася?", – папрасіў я пракамэнтаваць пракурора. І пачуў у адказ пра тое, што аднадумца стаў на шлях злачынства.

А ці не стала прычынаю крытыка сельскагаспадарчае палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі, зь якой Лявонаў выступіў напярэдадні свайго арышту?

"…Справа у тым, што да 11 лістападу, да арышту, ён ніколі не крытыкаваў прэзыдэнта. Пра гэта нідзе не паведамлялася, ні ў якіх сродках масавай інфармацыі. І гэты ліст, пра які вы кажаце, можа, ён і быў, але я пра гэта ня ведаю і мяркую, прэзыдэнт пра яго ня ведае", – падзяліўся сваімі меркаваньнямі пракурор Шэдаў.

Пасьля яго выступіла абарона экс-міністра. Адвакат Леанід Мінчанкоў засяродзіў увагу на мэтодах, з дапамогаю якіх сьледчыя зьбіралі гэтак званыя доказы віны Лявонава. Як кіраўніцтва сьледчых загадвала ім распрацаваць тых былых супрацоўнікаў Міністэрства сельскае гаспадаркі, каго Лявонаў-міністар раскрытыкаваў ці пакрыўдзіў. Аднаго такога сьведку знайшлі, але і ён у судзе адмовіўся ад сваіх паказаньняў, заявіўшы, што даваў іх пад маральным ціскам.

Абаронца Сьвятлана Ўласава казала пра тыя маральныя зьдзекі, якія давялося вытрымаць былому міністру за два гады ў няволі. "Сёньня мы маем магчымасць параўноўваць вынікі ягонае працы з вынікамі працы тых, хто спрабуе зараз накарміць народ малаком аднаадсоткавай тлустасьці", – казала дачка Лявонава.

Грамадзкі абаронца ад Гэльсынскага камітэту Барыс Звозкаў прывёў факты, якія сьведчаць, што гэтая справа ёсьць крымінальны перасьлед Лявонава за ягоную палітычную пазыцыю.

Звозкаў нагадаў, што Лявонаў адстойваў курс на набыцьцё сельскімі гаспадаркамі эканамічнае незалежнасьці, і гэта выклікала шалёны супраціў дзяржаўнае намэнклятуры. Па-другое, Лявонаў як міністар пальцам не крануў, каб спрыяць правядзеньню ганебнага рэфэрэндуму 1996 году. І нарэшце, 11 лістапада экс-міністар у тэлефоннай размове даў згоду падтрымаць Васіля Старавойтава, якога ужо перасьледвалі, а празь некалькі гадзінаў абодвух арыштавалі.

Адвакатка Вольга Зудава лічыць, што сьледчыя проста падганялі факты пад патрабаваньне пасадзіць міністра. Вольга Зудава потым сказала:

"…Аказалася, сьледчыя былі недастаткова кампэтэнтавыя і недастаткова высокіх маральных якасьцяў, паколькі яны сабе дазволілі кіравацца не законамі, а нечым іншым. А па-другое, гэта быў загад улады, паколькі яны сабе дазволілі рабіць што заўгодна", – лічыць адвакат Зудава.

Усе абаронцы адзінадушна заклікалі суд прызнаць Лявонава невінаватым і апраўдаць. Кропка ў гэтым працэсе, відаць, будзе пастаўленая 11 студзеня, калі прагучыць апошняе слова Васіля Лявонава, а потым прысуд.

XS
SM
MD
LG