Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мы будзем у наступным тысячагодзьдзі рабіць са сьмецьцем?


Алена Ціхановіч

(эфір 4 студзеня 2000)

Аўтар і вядучы – Алена Ціхановіч.

Сёньня наш погляд скіраваны ў бок сьметнікаў і звалак, у брыдкія і сьмярдзючыя закуткі, месцы, зь якімі звычайна не зьвязваюць паняцьце будучыні. І ўсё ж… Якая будучыня ў сьметнікаў і што можа прынесьці сюды цывілізацыя?

Падзертыя джынсы. Скрынка ад халадзільніка. Зношаны чаравік. Прабітая шына. Пакрышаная чорная цэгла колішняй печы. Пустыя бутэлькі. Скарыстаныя гігіенічныя пакеты. Праламаная канапа. Ванначка, у якой купалі дзіця. І над усім гэтым – вецер ганяе шматкі жоўтых газэтаў, якія кружляюць разам з чорным вараньнём. Урбаністычны пейзаж канца ХХ стагодзьдзя. Могілкі прадметаў, якія сталі чалавеку непатрэбнымі.

Плошча гэтых сьмярдзючых пахавальняў распаўзлася па плянэце да сотняў тысячаў гэктараў. Не першае дзесяцігодзьдзе чалавечая думка працуе над тым, куды падзець адыходы цывілізацыі. Бо чым больш цывілізацыі, тым больш сьмецьця. Падлічана, што, напрыклад, амэрыканцы за год выкідаюць 195 мільёнаў тонаў сьмецьця, пры гэтым на кожнага мужчыну, жанчыну ці дзіця прыходзіцца па 725 кіляграмаў.

Між тым, у амэрыканцаў жа ёсьць прыказка: "ваша сьметніца можа стаць маім скарбам". Гэта і ёсьць ляканічная фармулёўка прынцыпу, які знаёмы нам як прынцып выкарыстаньня другаснай сыравіны. Адзін з вэтэранаў амэрыканскага экалягічнага руху Гары Ліс са штату Каліфорнія ўвогуле лічыць, што сам па сабе сьметнік павінен застацца часткай горшага мінулага чалавецтва. Сп. Ліс спасылаецца на прыроду, дзе паняцьця сьмецьця не існуе: тое, што памірае ці становіцца непатрэбным ў адной частцы экасістэмы, пераходзіць у яе іншую частку. Чалавецтва, сьцьвярджае амэрыканскі эколяг, яшчэ павінна навучыцца такой тэхналёгіі існаваньня ў прыроды – але для гэтага патрэбныя новыя тэхналёгіі і рашучая перамена паводзінаў.

І з гэтым асабіста магу пагадзіцца. Гады два назад ва ўсіх офісах, дзе месьцяцца супрацоўнікі Радыё Свабода ў Празе, зьявіліся па тры сьметніцы. І нават ў невялічкім пакойчыку, дзе я пішу гэты матэрыял, сьметніцаў таксама тры. На адной зь іх напісана "папера", на другой – "плястык, шкло", на трэцяй – "іншае сьмецьце".

Вып'еш Кока-колу – бутэльку кідаеш у "плястык", прачытаеш газэту – у "паперу", зьясі банан – лупінка павінна адправіцца ў "іншае сьмецьце". Напачатку гэта раздражняла – бо сьметніцы занялі шмат месца, а прыбіральшчык не заўсёды ставіў іх падпісаным бокам да вачэй. Але пасьлядоўная палітыка кампаніі не мянялася – так літаральна насаджалася перамена звычак.

Дарэчы, гэтая палітыка культывуецца ня толькі ў амэрыканскай радыёкампаніі: якраз за апошнія гады яна стала прыжывацца ў былой сацыялістычнай Эўропе, у тым ліку і ў Чэхіі. Чэхі зь некаторым спазьненьнем перанялі вопыт сваіх суседзяў немцаў . Цяпер на кожным з буйных перакрыжаваньняў вуліцаў Прагі стаіць некалькі кантэйнэраў: адзін – на паперу, адзін – на плястык, адзін – на каляровае шкло, адзін – на шкло некаляровае.

Гэтак у жыцьці выглядае першы крок да цывілізаванага абыходжаньня са сьмецьцем: яго сартоўка паводле матэрыялу.

Усьлед за гэтым многія краіны пайшлі далей: пачалі асобна зьбіраць небясьпечныя адкіды. Ва ўсіх сродках грамадзкага транспарту ў Празе зараз зьмешчаны плякат: на ім малюнкі таго, што не павінна трапляць у звычайную сьметніцу – лёзы для галеньня, перагарэлыя лямпачкі, бутэлькі ад тэхнічных вадкасьцяў, нягодныя лекі і батарэйкі. У кожным зь мікрараёнаў раз на месяц зьяўляецца спэцыяльны грузавік, які зьбірае падобнае сьмецьце. На кожнай упакоўцы лекаў, якую мне даводзіцца купляць, ёсьць надпіс: няўжытыя лекі вярніце ў аптэку. У кожнай аптэцы ёсьць скрынка для нягодных таблетак.

Мне прыходзіцца бачыць, як чэскія гаспадыні выстройваюцца у чаргу, чакаючы спэцыяльнага грузавіка. Выкідваючы плястыкавыя бутэлькі, я неяк сустрэла пажылую чэшку, якая прынесла ў той жа кантэйнэр можа сотню кілімкаў з-пад ёгурту – перамытых і рассартаваных. На мой здзіўлены позірк яна адказала: я ўжо старая, але думаю, на якой зямлі будуць жыць мае ўнукі.

Такім чынам, асобныя кантэйнэры – гэта ня толькі прыкмета новых тэхналёгіяў і цывілізацыі, гэта – тэст на экалягічную сьвядомасьць. На жаль, на большай частцы плянеты яны яшчэ адсутнічаюць, і там мала хто дбае, што кожная перапоўненая сьметніца, высыпаная без разбору ў сьмеццеправод, сапраўды сыплецца на галовы ўнукаў.

Але – яшчэ пра лепшы вопыт. У дацкім месьце Калундборг пабудаваны цэлы эка-індустрыяльны парк, дзе можна на свае вочы пабачыць выгоды і магчымасьці новых тэхналёгіяў комплекснага расходаваньня сыравіны і энэгргіі. У гэтым выпадку ў адзін ланцуг свае вытворчасьці зьвязалі электрастанцыя, фармацэўтычная фірма, нафтаперапрацоўчы завод і цэх па вытворчасьці абкладнай пліткі. Так, напрыклад, электрастанцыя прадае двувокіс серы, які яна спэцыяльна адфільтроўвае са сваіх трубаў, кампаніі па вытворчасьці пліткі. Дзясяткі падобных эка-індустрыяльных паркаў зараз ствараюцца па цэлым сьвеце.

Дадатковыя інструмэнты у "разграбаньні" сьмецьця дае біятэхналёгія. Так, вынайдзены спэцыяльныя мікробы, якія могуць уздзейнічаць на таксічныя рэчывы, якімі забружаная зямля – прычым, як яе цьвёрдая паверхня, так і балаціна, гразь. Гэтыя мікробы ператвараюць таксіны ў бясшкодныя рэчывы.

Свой унёсак прапануе й такая сучасная навука як генная інжэнэрыя. Так, шмат увагі надае гэтаму амэрыканскі часопіс "Journal of Industrial Ecology" – які, паводле сваёй назвы прысьвечаны праблеме індустрыяльнай экалёгіі. Аўтар адной з публікацыяў часопісу прапануе, напрыклад, паглядзець на тую ж кукурузу. Колькі вагі кожнай расьліны займае сам зернявы пачатак, а колькі ўсё астатняе – лісты, вялізная сцябліна. Амэрыканскія сэлекцыянеры ужо блізкія да таго, каб новыя гатункі кукурузы мелі сьцябло і лісты такой структуры, якая б дазволіла іх перапрацоўваць на паперу.

Але экалягічнае выхаваньне, перамены паводзінаў, тэхналёгіі перапрацоўкі і біяінжэнэрыя – гэта яшчэ ня ўсё, што вызначыць будучыню сьмецьця. Спэцыялісты лічаць, што менавіта зараз адбываецца пераход чалавецтва з індустрыяльнага ўзросту ва ўзрост інфармацыйны. Адбываецца свайго роду дэ-матэрыялізацыя рэчаў і каштоўнасьцяў.

На простых прыкладах гэта можна патлумачыць так: стварэньне кампутараў перавяло большую частку дакумэнтацыі ў электронную форму, чым значна паўплывала і на маштабы ўжываньня, расходаваньня і эканоміі паперы, а, значыць, і часткова вырашыла праблему папяровага сьмецьця. Стварэньне плястыкавых картак дэ-матэрыялізавала вялікія грашовыя масы. Інтэрнэт замяніў сабой бібліятэкі і крамы.

Брэд Эленбай , адзін зь вядучых амэрыканскіх спэцыялістаў у галіне тэлекамунікацыі, падсумоўвае гэтую праблему так: магчыма у трэцім тысячагодзьдзі людзі будуць аглядацца на сваё мінулае жыцьцё са сьмецьцем як даравальную памылку маладосьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG