Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Расейскія вайсковыя сілы распачалі другі тыдзень наземнага штурму чачэнскай сталіцы. Расейцы заяўляюць, што добра разьмешчаныя на пазыцыях Грознага чачэнскія байцы выкарыстоўвалі хімічную зброю. "Барбарская вайна грузьне ў Чачні" – так характарызуе сытуацыю ангельская газэта "The Guardian".

У той час, як чачэнскі прэзыдэнт Аслан Масхадаў у навагодняй прамове заклікаў спыніць расейскае "барбарства" і заявіў, што чачэнцы распачалі поўнамаштабную партызанскую вайну, расейцы кідаюць бомбы на чачэнскую сталіцу хваля за хваляй і сьцьвярджаюць, што яны захапілі стратэгічныя вышыні ў паўднёвай горнай частцы гэтай непаслухмянай рэспублікі. Расейскі прэм'ер-міністар Уладзімір Пуцін першы дзень выкананьня абавязкаў прэзыдэнта скарыстаў, каб наведаць расейскія вайсковыя адзьдзелы ў акупаванай Чачні. Пуцін раздаваў ордэны, паляўнічыя нажы і жорсткую рыторыку.

Рэпартажы з Грознага гавораць аб дзесятках паветраных атакаў на сталіцу Чачні як і пра сотні снарадаў, якія валяцца на горад як дождж. Расейцы гавораць, што яны разьбілі абаронныя пазыцыі чачэнцаў, разьмешчаныя ў двух кілямэтрах ад цэнтру Грознага. Але верагоднасьць таго, што Расейская ваенная кампанія супраць Чачні будзе хутка завершаная, была вельмі малая, – піша "The Guardian".

"У нас няма намеру дзейнічаць неабдумана", – заявіў Уладзімер Пуцін, мы плянуем дзейнічаць найлепшым чынам, што азначае мінімальныя страты сярод нашых вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва."

Пуцін, якому ў сыботу амэрыканскі прэзыдэнт сказаў, што расейска-амэрыканскія дачыненьні маюць добрыя стартавыя ўмовы ў пасьляельцынаўскай эры, яшчэ раз пацьвердзіў сваю пазыцыю: "Усё, што мы зрабілі (маецца на ўвазе ў Чачні) – апраўдана".

У той час, як колькасьць загінулага цывільнага насельніцтва ў Грозным невядомая, лічба расейскіх сьмерцяў – устанаўляная. Пачынаючы са жніўня, калі Пуцін стаў прэм'ерам і ўзьнік канфлікт у Дагестане, расейцы згубілі 550 чалавек – сьцьвярджае ангельская газэта "The Guardian". Гэта афіцыйныя лічбы, аднак Камітэт салдацкіх мацярок гаворыць, што рэальная колькасьць загінулых з расейскага боку ўтрая большая. Кожны дзень мінулага тыдня шпіталь у Маздоку прымаў каля 30 моцна параненых расейскіх салдатаў з Грознага. Вось што заўважыў у нядзелю Сакратар у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Злучаных Штатаў Амэрыкі Сэндзі Бэргер

Гэта было меркаваньне сакратара ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Злучаных Штатаў Амэрыкі Сэндзі Бэргер.

Расейскія інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што прэзыдэнт Аслан Масхадаў абвесьціў памеры матар'яльнай узнагароды за зьнішчаныя адзінкі расейскай ваеннай тэхнікі. ИТАР-ТАСС спасылаецца на часовы прэсавы цэнтар усходняй групоўкі фэдэральных сілаў на Паўночным Каўказе. Паводле гэтай інфармацыі, за кожны зьбіты расейскі самалёт выплачваецца 10 тысячаў даляраў ЗША, за зьнішчэньне асабовага складу фэдэральнага блёкпосту – 5 тысячаў даляраў.

Расейскія вайсковыя крыніцы паведамляюць, ужо ня першы раз, што чачэнскі бок выкарыстоўваў у Грозным хімічную зброю. Зялёнае воблака таксычнага газу, які ўтварыўся ад хлёру і аміяку, пакрыла ўсходную частку сталіцы Чачні – месца дыслякацыі расейскіх сілаў.

Як было паведамлена, чачэнцы запалілі складзішчы зь хімічнымі рэчывамі, каб спыніць расейскі наступ.

Жорсткая барацьба, якая вялася ўсе сьвяточныя дні на Поўдні, ў горных раёнах Чачні, дзе чачэнскі супраціў самы моцны, і дзе чачэнскія партызаны маюць галоўныя сховішчы. Расейцы гавораць, што зьдзейсьнілі ў гэтым рэгіёне 100 баявых вылетаў.

Чачэнцы паведамлялі, што адбілі спробу расейцаў узяць вёску Дуба-Юрт. Расейцы гаварылі пра маштабны бой за Сержань-Юрт і заявілі, што ўстанавілі кантроль над стратэгічнай пазыцыяй у раёне Ведзено, базы камандзіра ісламістаў Шаміля Басаева.

"Ніколі зноў у ХХІ стагодзьдзі, ніводная дзяржава й ніводны народ ня маюць права зьнішчаць іншых людзей. Тое, што Расея робіць цяпер – гэта барбарства", – сказаў Аслан Масхадаў у сваім навагоднім звароце.

XS
SM
MD
LG