Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Каля 4 мільёнаў выбаршчыкаў-харватаў бяруць удзел сёньня ў парлямэнцкіх выбарах. Гэта – першыя парлямэнцкія выбары на эўрапейскім кантынэнце, ды й ва ўсім сьвеце ў новым 2000 годзе. Палітычныя камэнтатары адзначаюць, што вынікі іх могуць карэнным чынам зьмяніць палітычнае аблічча Харватыі. Прапануем вашай увазе агляд перадвыбарчай палітычнай сытуацыі ў гэтай балканскай краіне.

Сёньня кіруючая партыя Харватыі – Харвацкі Дэмакратычны Зьвяз – практычна кіруе краінай без кансультацыяў зь іншымі палітычнымі сіламі. У парлямэнце яна мае 75 дэпутатаў на 127 дэпутацкіх месцаў. А яе лідэр Франьё Туджман на працягу апошніх 9 гадоў, практычна ад моманту абвяшчэньня харвацкай незалежнасьці на руінах былой Югаславіі, займаў пасаду прэзыдэнта краіны. Але 10 сьнежня мінулага году Туджман памёр. Былі прызначаныя новыя прэзыдэнцкія выбары, якія адбудуцца 24 студзеня сёлета. І ў краіне стварыўся своеасаблівы палітычны вакуўм, пераадолець які і павінны сёньняшнія парлямэнцкія выбары.

Да выбараў краіна прыйшла ў даволі дрэнным фінансавым і эканамічным стане. У лістападзе мінулага году беспрацоў'е дасягнула рэкорднага ўзроўню – 20,4%. Мінулагодні эканамічны рост (1,5%) ні ў якім разе ня ў стане кампэнсаваць тую вялізную прорву ў матэрыяльным дабрабыце паміж Харватыяй і заходнімі краінамі, якая існуе цяпер. Сярэдні заробак у Харватыі сёньня – прыблізна 400 амэрыканскіх даляраў.

Усё гэта выклікае даволі значнае незадавальненьне народных масаў, і таму да ўлады ў Харватыі могуць прыйсьці новыя сілы. Магчыма, гэта будзе кааліцыя дзьвюх апазыцыйных партыяў: сацыял-дэмакратычнай і сацыяльна-лібэральнай. Сацыял-дэмакраты – гэта былыя камуністы, рэфармаваныя пасьля заваяваньня Харватыяй незалежнасьці. Сацыял-лібэралы – новая палітычная сіла, якая выступае за правядзеньне сьмелых рынкавых рэформаў.

На выбарах за 140 парлямэнцкіх мандатаў змагаюцца прадстаўнікі 55 палітычных партыяў і груповак. Але толькі некаторыя зь іх могуць рэльна прэтэндаваць на перамогу.

Паводле вынікаў апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага напярэдадні выбараў, гэтая кааліцыя можа атрымаць да 35% галасоў, што дае 64 мандаты ў парлямэнце. І, як бачым, сама кааліцыя будзе неяў стане стварыць урад. І таму пасля выбараў ёй, магчыма, трэба будзе шукаць падтрымкі ў іншай кааліцыі, у якую ўваходзяць аж 4 партыі: Лібэральная, Харвацкая сялянская партыя, Народная партыі і Істрынскае дэмакратычнае аб'яднаньне. Гэтая кааліцыя ў стане атрымаць 18,5% галасоў выбаршчыкаў. І гэта дасьць ёй 29 парлямэнцкіх мандатаў.

Але Харвацкі Дэмакратычны Зьвяз па-ранейшым застанецца, як сьведчаць вынікі перадвыбарчых апытаньняў, мацнейшай партыяй будучага харвацкага парлямэнту. Яна будзе мець 44 мандаты (25,7% галасоў выбаршчыкаў), і па ранейшаму будзе ў стане адыгрываць важную ролю ў харвацкай палітыцы.

Першыя вынікі харвацкіх выбараў будуць вядомыя прыблізна праз тры гадзіны пасля закрыцьця выбарчых участкаў. Гэта прыблізна а 9 гадзіне менскага часу. Мы раскажам аб іх у нашых выпусках навінаў.

XS
SM
MD
LG