Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

У сувязі з тым, што Аляксандар Лукашэнка напярэдадні праваслаўных Калядаў накіроўваецца ў Ізраіль, галоўныя ўрачыстасьці юбілейнага для хрысьцiянства году перанесеныя ў Беларусi на травень.

4 студзеня Аляксандар Лукашэнка вылятае ў Iзраiль i Палестынскую аўтаномiю для ўдзелу ў сьвяткаваньнi 2000-х угодкаў хрысьцiянства. Магчымасьць удзелу ў гэтай імпрэзе маюць лідэры ўсіх без выключэньня краінаў, дзе бальшыня вернікаў – праваслаўныя. Іншая справа, наколькі ўтульна будзе адчуваць сябе ў сьвятых мясьцінах чалавек, які называе сябе "праваслаўным атэістам".

Дзякуючы юбілейным урачыстасьцям у Лукашэнкі зьявілася рэдкая магчымасьць – прысутнічаць сярод легітымных кіраўнікоў розных краінаў. Разьлік, відавочна, робіцца й на тое, што ў сьвяточнай атмасфэры ніхто ня будзе зьвяртаць асаблівую ўвагу на легітымнасьць беларускага госьця.

Палестынская вандроўка Лукашэнкі кардынальна зьмяніла пляны Нацыянальнага аргкамiтэту ў падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагодзьдзя й сьвяткаваньня 2000-х угодкаў хрысьцiянства.

Камітэт меркаваў, што цэнтральнай падзеяй юбiлейнага году павiнныя стаць афiцыйныя ўрачыстасьцi й вялiкi канцэрт 7 студзеня 2000 году. Аднак у гэты дзень Лукашэнка будзе ўдзельнiчаць ва ўрачыстасьцях у Бэтлееме.

У выніку вырашылі перанесьцi сьвята на травень. Пры гэтым спасылаюцца на ініцыятыву Беларускага экзархату Расейскае праваслаўнае царквы.

Папярэдняя праграма вiзыту Лукашэнкі ў Ізраіль прадугледжвае наведваньне афiцыйных урачыстых акцыяў, мэмарыяльнага комплексу-музэю «Яд Вашэм», сустрэчу з выхадцамi зь Беларусi ў «Гаi памяцi беларускiх гэбраяў, якiя загiнулi ў гады Галакосту». Заплянаванае таксама наведваньне горада Ашдод i ўдзел у цырымонii адкрыцьця новага памяшканьня мiжнароднага Цэнтру культурна-спраўных сувязяў «Iзраiль-Беларусь».

Мяркуецца, што Лукашэнка сустрэнецца з прэзыдэнтам Дзяржавы Iзраiль Эзерам Вэйцманам, кiраўнiком Палестынскай нацыянальнай адмiнiстрацыi Ясiрам Арафатам, Патрыярхам Ерусалiму Дзiядорам І.

Разам з Лукашэнкам у сьвятыя мясьціны зьбіраюцца кiраўнiк адмiнiстрацыi Мясьнiковiч, мiнiстар замежных справаў Латыпаў, мiтрапалiт Фiларэт.

Паводле некаторых зьвестак, зьбіраўся туды й намесьнік кіраўніка гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў» Уладзімер Канаплёў. Але Лукашэнка адмовіўся ўзяць яго з сабою. Верагодна, прычынаю стала тое, што Канаплёў мінулай восеньню пад час паездкі ў Ізраіль прыйшоў на размову з Патрыярхам Ерусаліму ў… тэнісцы. І гэты эпізод быў паказаны Беларускай тэлевізіяй, што й выклікала гнеў Лукашэнкі. Сьцвярджаюць, што Лукашэнка тады сказаў: «Ён бы яшчэ ў міліцэйскім шынялі туды прыпёрся…»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG