Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Кастусь Бандарук, Прага

Чытачы прэсы ў Нямеччыне, Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатах маюць магчымасьць пераканацца, што тэмай нумар адзін ў міжнародным друку зьяўляецца выключная дата ў календары: заканчэньне аднаго стагодзьдзя і тысячагодзьдзя і пачатак наступнага. Аднак тэмаў, якія міжнародны друк закранае безьліч і яны самыя розныя.

Парыскі каментатар "International Herald Tribune" Флёра Луіс лічыць, што сьвет патрабуе манцейшай Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. "Злучаныя Штаты нарэшце велікадушна заплацілі свой уклад ў скарбонку ААН, каб ня страціць права голасу ў наступным годзе. Гэта ня сьведчыць аб вядучай ролі ЗША ў сьвеце, іхнай глябальнай адказнасьці і незаменнасьці. На думку Флёры Луіс ў апошнія гады бягучага стагодзьдзя становіцца усё больш відавочна, што усе патрабуюць і ўсе скарысталі б на моцнай, эфэктыўнай ААН".

Газэта "New York Times" засяроджвае сваю ўвагу на сымболіцы першага дня Новага Году. Заканчэньне ХХ стагодзьдзя і другога тысчагодзьдзя – дата надзвычай важная для гісторыкаў, палітыкаў, літаратараў. Як і для тых, хто прадказвае нейкі катаклізм. Незалежна ад розьніцы ў часе, новы год выклікае той жа самы набор пачуцьцяў, ад узьнёсласьці да заклапочанасьці і надзеі на мір і лепшую будучыню для сьвету. Гэтыя спадзяваньні, піша "New York Times", паўсюдныя і аднолькавыя ў маленькіх вёсках на далёкіх кантынэнтах і на ньюёрскай Таймс Сквэр.

Лонданская газэта "Times" зьвяртае увагу на навуковыя дасягненьні, якія апярэджваюць зьмены, што адбываюцца ў сьвядомасьці людзей. "Эвалюцыя сьляпая, але чалавек поўны рашучасьці да дзеяньня. Навука перш шукае адказу на розныя пытаньні, аднак канчае тым, што гэтыя адказы скарыстоўвае для падпарадкаваньня сабе прыроды. Зараз мы ведаем як узьнікаюць і функцыянуюць гены і заданьне на наступнае стагодзьдзе, разумна скарыстаць гэтыя веды. Першыя крокі у гэтай галіне поўныя нерашучасьці і боязі, што нам пагражае маніпуляваньне сьвятасьцю жыцьця. Генная тэрапія сустрэлася з расчараваньнем і, на жаль, ёсьць ўжо першая ахвяра, але адначасова генэтычная мадыфікацыя збожжа выклікалі фурор падобны да таго, які ў свой час выклікала тэорыя Дарвіна".

Лонданская газэта "Times" падсумоўвае наступным чынам: "З часу калі пачалася навуковая рэвалюцыя людзі заўсёды былі гатовыя даказваць, што пара яе спыніць нягледзячы на ейныя посьпехі. На шчасьце гэтыя галасы былі заўсёды ў меншасьці, бо малюнак прыроды, прадстаўлены навукай, нагэтулькі прыгожы і вядзе ў правільным накірунку, што ніякая данавуковая міфалёгія ня можа зь ёю раўняцца. Той факт, што праўда вынікае з экспэрымэнту, а не з загаду і што навуковыя веды мусяць быць, паводле слоў Фрэнсіса Бэкана скарыстаныя для ўслаўленьня Бога і дабра чалавека, гэта інспіравала эпоху Асьветніцтва і павінна быць стымулам для нас", –піша лонданская газэта "Times".

Журналіст амэрыканскай газэты "Washington Post" Краўтгамер піша, што часопіс "Times" няправільна назваў "Чалавекам стагодзьдзя" Альбэрта Энштэйна. На ягоную думку, ніхто ня можа раўняцца з брытанскім прэм'ерам пэрыяду ІІ Сусьветнай вайны Вінстанам Чэрчылям.

І далей Краўтгамер працягвае падмацоўваць сваю выснову:
"Энштэйн быў без сумненьня лепшым розумам стагодзьдзя і пры тым чалавекам глыбока гуманнага і філясофскага духу. Я б назваў яго самай выдатнай асобай стагодзьдзя. Але ці самай важнай? Калі б Энштэйна не было, яго ідэі, магчыма, былі б адкрытыя пазьней. Але безумоўна, яны маглі нарадзіцца і без яго".

І далей Краўтгамер піша: "Адыміце Чэрчыля ў перыяд 1940 году – Брытанія ў такім разе апынулася б у згодзе з Гітлерам. Нацызм бы перамог. Гітлер мог бы дасягнуць таго, чаго не дасягнуў ніводзін з іншых тыранаў, нават той жа Напалеон, – панаваньня ў Эўропе. Цывілізацыя магла б апынуцца ў пацёмках, якіх яна раней ня ведала. Такім чынам, яшчэ раз можна заключыць – прысутнасьць аднаго чалавека можа ўсё зьмяніць па-іншаму. Такім чалавекам быў Чэрчыль".

Камэнтатар нямецкай газэты "Die Welt" Каця Рыдэнбуш спыняе сваю ўвагу на апошнім дзесяцігодзьдзі мінулага веку. Гэтую дэкаду яна называе "дэкадай сэрбаў", прычым, заўважае, што гэтае вызначэньне зроблена з адваротным падтэкстам: "На працягу гэтых дзесяці гадоў Бялград распачаў чатыры вайны і ўсе прайграў. Сотні тысячаў людзей былі зьнішчаныя або выгнаныя. У выніку, краіна застаецца разбуранай, а грамадзтва брутальна траўмаваным".

Нямецкі камэнтатар далей піша: "Дэкада сэрбаў пачалася з канца ілюзіі, што кволая і штучная форма дзяржавы, сканструяваная Ёсіпам Броз Ціта, здольная надоўга спаяць у міры рэгіён, падзелены эканамічнымі, рэлігійнымі і этнічнымі межамі. Дэкада скончылася вяртаньнем крывавых дэманаў гісторыі, якія трыюмфавалі ў новых канфліктах і, асабліва. у жахлівым фінале Косава, міфічнай калыскі сэрбскай сярэднявечнай гісторыі. Дэкада сэрбаў непарыўна зьвязаная з адным чалавекам – Слабаданам Мілошавічам. Гэта ён у сваім выступленьні на косавым Полі яшчэ ў 1987 годзе сказаў: "нікому ня будзе дазволена біць вас" – і гэтая заява стала своеасаблівым сігналам для барабаннага пошчаку нацыяналізму. Які пакаціўся па Балканах". Дэкада сэрбаў сканчаецца парадоксам, сумным трыюмфам Cлабадана Мілошавіча, які, паводле словаў амэрыканскага камандзёра Веслі Кларка, застаецца ў гісторыі адзіным дыктатарам, што ўмацаваў сваю ўладу, дазволіўшы разбурыць сваю краіну".

Азіраючыся на самыя апошнія падзеі у Эўропе, яшчэ адзін камэнтатар "Die Welt" Ёерг Эйгендорф зьвяртае ўвагу на зьяўленьне новых грошай. Год таму адзінаццаць краінаў Эўрапейскага Зьвязу ўвялі эўра, тым самым пасылаючы народам знак, што ім неабходна адкрыць шлях да эканамічных рэформаў, новых сацыяльных ідэяў і тэхналягічнага прагрэсу. Каментатар "Die Welt" лічыць, што старт эўра на працягу году быў досыць слабым, і яго курс на валютных біржах вельмі часта апускаўся да крытычнай мяжы. Так, на самым канцы 99га году, эўра толькі на палову пфенінга было мацнейшае за даляр. Нагадаем, што супольная эўрапейская валюта стваралася як канкурэнцыя валюце амерыканскай.

Урок з усяго гэтага такі, адзначае аўтар, толькі калі большасьць людзей ў гэтых краінах засьведчаць сваю адкрытасьць да новых ідэяў і рэформаў, толькі тады зона эўра будзе здольная адчуць выгады ад пастаяннага росту інвэстыцыяў. І тут журналіст прыводзіць вядомае выслоўе – кожны народ мае такіх палітыкаў, якіх заслугоўвае. І валюту, дарэчы, таксама, – дадае каметатар "Die Welt".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG