Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Для беларускіх бізнэсоўцаў 1999 год выдаўся адным з самых складаных за ўвесь час існаваньня ў краіне недзяржаўнага сэктару эканомікі…

Аляксандар Лукашэнка так і не пераадолеў сваёй даўняй няпрыязнасьці да эканамічнае свабоды, і таму сёлета назіраўся актыўны працэс ліквідацыі прыватных фірмаў, а іх кіраўнікі нярэдка патраплялі за краты. Да таго ж з прычыны эканамічнага крызісу ў Беларусі ўлады, каб папоўніць дзяржаўную казну, абкладалі дзейных прадпрыймальнікаў празьмерна высокімі падаткамі, штрафавалі іх або канфіскоўвалі іхную маёмасьць.

Паводле апошніх зьвестак, у Беларусі зарэгістравана зараз каля 167 тысячаў суб'ектаў гаспадараньня, якія маюць недзяржаўную форму ўласнасьці. Чвэрць зь іх складаюць фірмы, астатнія – прыватныя прадпрыймальнікі.

Усяго ў недзяржаўным сэктары айчыннай эканомікі занята 1 мільён і 400 тысячаў грамадзянаў або 37 адсоткаў ад усіх працуючых. Пераважная бальшыня іх узгадае 1999 як год змаганьня за сваё выжываньне.

Рэч у тым, што гэта быў год пагаршэньня ў Беларусі прадпрыймальніцкага клімату. Такой думкі прытрымліваюца як самі прадстаўнікі бізнэсу, так і незалежныя аналітыкі, міжнародныя арганізацыі. У прыватнасьці, нэгатыўныя ацэнкі эканамічных ўмоваў для прадпрыемстваў недзяржаўнае формы ўласнасьці былі дадзеныя экспэртамі Міжнароднага валютнага фонду, Усясьветнага банку, Міжнароднае фінансавае карпарацыі.

Зьезды грамадзкіх аб'яднаньняў прадпрыймальніцкіх структураў, якія прайшлі ўлетку, таксама засьведчылі беспрасьветную долю беларускага бізнэсу. Зразумела, умовы ягонае дзейнасьці на беларускім рынку пагаршаліся ня самі па сабе, а ў выніку пэўных прынятых уладамі нарматыўных актаў. І найперш дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Гаворыць сябра Рады Беларускага зьвязу прадпрыймальнікаў Сяргей Балыкін: "11-ты дэкрэт – гэта непасрэдны ўдар па прадпрыймальніцтву. Дэкрэт аб так званым упарадкаваньні дзяржаўнае рэгістрацыі і перарэгістрацыі суб'ектаў гаспадараньня ўстанавіў для іх бадай што самыя жорсткія ў сьвеце патрабаваньні.

Далей, у цалкам бяспраўнае становішча паставіў прыватную ўласнасьць у Беларусі прыняты надоечы дэкрэт № 40. Аляксандар Лукашэнка ў адпаведнасьці зь ім атрымаў неабмежаваныя магчымасьці распараджацца маёмасьцю любога бізнэсмэна.

Скараціліся прыбыткі прадпрыймальнікаў, скарацілася колькасьць прадпрыймальнікаў. Улады, вядома, імкнуцца сьцьвярджаць, што прадпрыймальніцтва ў Беларусі, наадварот, квітнее, бо нібыта назіраецца рост падатковых паступленьняў ад іх у дзяржаўную казну.

Я ж лічу, што такі рост зьвязаны, хутчэй, зь інфляцыйнымі працэсамі. Бо калі фінансавыя справы перавесьці ў цьвёрдыя грошы, то прыбыткі прадпрыймальнікаў, заробкі іхных наёмных працаўнікоў падаюць", – зазначыў Сяргей Балыкін.

Сапраўды, ягоныя словы падцьвярджаюцца статыстычнымі дадзенымі. Зь іх вынікае, што за няпоўны 1999 год колькасьць недзяржаўных фірмаў скарацілася ў краіне на 5 адсоткаў і на 15 адсоткаў зьменшылася колькасьць індывідуальных прадпрыймальнікаў.

99-ы таксама быў годам рэпрэсіяў супраць прадстаўнікоў банкаўскага бізнэсу і тых прадпрыймальнікаў з рэальнага сэктару эканомікі, каму банкіры давалі крэдыты.

Нагадаю, дзясяткі асобаў з гэтых колаў былі кінутыя за краты ў рэчышчы абвешчанай Аляксандрам Лукашэнкам ў сакавіку кампаніі па спагнаньні гэтак званых нявернутых крэдытаў. Шмат хто зь іх і зараз працягвае знаходзіцца ў зьняволеньні, нягледзячы на адсутнасьць важкіх доказаў з боку праваахоўных ворганаў.

Бізнэсмэн, кіраўнік фірмы "Красіка" Анатоль Красоўскі, які пасьля неабгрунтаванага абвінавачваньня ў крэдытных махлярствах быў выпушчаны на волю, пазьней стаў ахвяраю таямнічага зьнікненьня разам з публічным палітыкам Віктарам Ганчаром.

Крыху раней, у красавіку 99-га зноў жа пры нявысьветленых па сёньняшні дзень абставінах загінуў у аўтакатастрофе яшчэ адзін вядомы ў краіне прадпрыймальнік – Арнольд Пячэрскі. Як старшыня прафэсійнага зьвязу прыватных прадпрыймальнікаў Менску й Менскай вобласьці "Садружнасьць" Арнольд Пячэрскі ствараў шмат праблемаў для ўладных структураў. Ініцыятывы прафзьвязовага лідэра мелі шырокі розгалас у асяродзьдзі прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Неаднаразовыя акцыі пратэсту прыватных прадпрыймальнікаў у 1999 годзе прымушалі ўлады зьмякчаць сваё стаўленьне да недзяржаўнага сэктару эканомікі.

Што ж тычыцца прагнозаў на 2000 год, то, як лічаць назіральнікі, беларускім бізнэсоўцам ён не абяцае лёгкага жыцьця. Прынамсі, цяперашнія ўлады краіны, паводле агучаных намераў, прыемных пераменаў ім ня плянуюць.

XS
SM
MD
LG