Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Беларуская школа ў 1999 годзе: страты, набыткі, пэрспэктывы…

Колькасна беларускае школьніцтва ў прамінаным годзе скарацілася да чыста сымбалічных лічбаў. Скарацілася не само сабой, і не па волі бацькоў, як на тое любяць ківаць адказныя чыноўнікі. Скарацілася ў выніку мэтанакіраванай палітыкі зьнішчэньня беларускіх школаў ды клясаў, як асяродкаў фармаваньня нацыянальнага сьветабачаньня моладзі краіны.

І тое, што гэта не стыхійны працэс, а наўмысная палітыка дзяржавы, прызнала надоечы Міністэрства адукацыі. Гэтае прызнаньне запісанае ў распрацаваным на даручэньне намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта сп. Пашкевіча праекце падтрымкі беларускамоўнае адукацыі.

Ва ўводнай частцы праекту чыноўнікі канстатуюць, што "сытуацыя сьведчыць аб неабходнасьці прыняцьця захадаў у прыпыненьні працэсаў пераводу беларускамоўных школаў, клясаў на расейскую мову навучаньня".

Дзеяньні апошніх гадоў у зьліквідаваньні нацыянальнага школьніцтва ўлада назвала адназначна. Назвала й прызнала, выдаўшы днямі распараджэньне тэрмінова сабраць заявы бацькоў, чые дзеці сёлета былі гвалтоўна пераведзеныя на расейскую мову навучаньня. Прызнала, што аніякае бацькоўскае волі не было.

Пытаньне ў тым, аднак, навошта зараз заднім парадкам спатрэбіліся гэтыя заявы? Некаторыя аналітыкі зьвязваюць гэта з вынікамі перапісу насельніцтва, якія паказалі нежаданыя для ўлады суадносіны беларусаў з прадстаўнікамі этнічных расейцаў: 81,2 да 11.

Улады ж усе гады знаходжаньня Лукашэнкі ў прэзыдэнцкім крэсьле спрабавалі давесьці, што тытульная нацыя краіны мае ня больш за палову ў агульнай колькасьці жыхароў.

Пад гэта падганялася й школьная статыстыка. Паводле яе ў гарадох Беларусі зараз толькі 6,8% беларусаў, менавіта столькі сёлета гарадзкіх беларускіх школьнікаў. Русыфікацыя поўным ходам вялася і ў вясковых школах – там сёлета не вучыцца на роднай мове траціна дзяцей спрадвечных беларусаў.

Аналітыкі мяркуюць, што афіцыйныя вынікі перапісу так доўга не друкаваліся менавіта з прычыны нязручных для ўлады лічбаў.

Каля сямі мільёнаў грамадзянаў краіны назвалі беларускую мову роднай, але ў Беларусі няма аніводнае беларускае вышэйшае навучальнае ўстановы. Як гэта можна растлумачыць тым жа міжнародным экспэртам, якім яшчэ зусім нядаўна здолелі ўвесьці ў вушы, што беларусы ня маюць дастатковае крытычнае масы, каб рашуча перамяніць нацыянальную скіраванасьць насельніцтва краіны? Ня будзеш жа ім падсоўваць адукацыйны стандарт, які сёлета зацьверджаны Міністэрствам адукацыі ды згодна зь якім студэнты ВНУ мусяць праслухаць курс беларускае мовы 60 гадзінаў, каб авалодаць прафэсійнай лексыкаю?

Вось і надумалі спыніць працэс пераводу школаў на расейскую мову навучаньня, а ў ВНУ адчыніць паралельныя беларускамоўныя плыні. Гэта закладзена ў згаданы ўжо міністэрскі праект.

Але, па-першае, ягоныя палажэньні прапануюць захады, якія не скіраваныя на тое, каб сапраўды беларусізаваць школьную сыстэму, а па-другое, нават плянаваныя паўсправы пакуль што яшчэ не зацьверджаныя.

І таму невядома, ці не прыйдзецца беларускім дзецям ды іхным настаўнікам ды бацьком ў будучым годзе зноў даказваць сваё канстытуцыйнае права вучыць і вучыцца на роднай мове на вулічных акцыях пратэсту.

Імі быў адметны год адыходзячы. Пікеты й мітынгі з удзелам беларускіх вучняў былі ў 1999 годзе масавымі ды ў многіх выпадках плённымі.

Зрэшты вэтэраны беларускага школьнага руху, сябры Саюзу Беларускае Моладзі, якія за сваё жаданьне вучыцца на роднай мове, былі кінутыя сталінскім рэжымам у турмы ды лягеры, ня вераць ані дэклярацыйнай беларускасьці цяперашняга рэжыму, ані агульнанацыянальнаму эфэкту вулічнага змаганьня. Гаворыць сябра Саюзу Беларускае Моладзі вязень ГУЛАГу Антось Фурс:

(Фурс: ) "На Каляды я слухаў прамую трансляцыю з касьцёла Дзевы Марыі зь Менску, ну і вялікае ўражаньне на мяне зрабіла гэтая Імша. Яна вялася выключна на беларускай мове, і з-за гэтага, нягледзячы на тое,што я праваслаўны, вельмі ж на мяне паўзьдзейнічала дадатна. Аказваецца Пан Бог і па-беларуску разумее. І мне падумалася, што нашыя дзеці, якім няма магчымасьці вучыцца ў беларускіх школах, павінны былі б гарнуцца да касьцёла. Там яны навучацца дабрыні, любові да ўсяго свайго роднага. Будзе ў нас менш манкуртаў і калябарантаў".

У актывістаў Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны настроі іншыя. З нагоды апублікаваньня афіцыйных вынікаў перапісу яны поўныя аптымістычнае рашучасьці ў сваім змаганьні супроць русіфікацыі.

Пра што й заявілі днямі ў адмыслова прынятай заяве, якая заканчваецца заклікам да суайчыннікаў "і надалей адстойваць сваё права на самавызначэньне ды нацыянальную паўнавартнасьць. Грамадзяне Беларусі ўжо зрабілі свой выбар на карысьць мовы карэннае нацыі, далейшая справа – за дзяржаваю. Патрабуем ад дзяржавы як мага хутчэй забясьпечыць беларускай мове рэальны статус дзяржаўнае, дзеля чаго стварыць неабходныя ўмовы для выкарыстаньня беларускае мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адпаведна вынікам апошняга перапісу насельніцтва".

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG