Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёлетні год быў даволі багатым на палітычныя ды іншыя акцыі, якія зарганізавала ў краіне беларуская апазыцыя. Альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары, Кангрэс дэмакратычных сілаў, раскол у Народным Фронце й Марш Свабоды – гэта толькі найбольш яркія падзеі 99-га году. А былі яшчэ й менш гучныя акцыі, якія аднак заканчваліся звычайна аднолькава для іх удзельнікаў – арыштамі й судамі.

Коратка нагадаю храналёгію падзеяў.

1999 палітычны год пачаўся для беларускай апазыцыі 10 студзеня. Менавіта ў гэты дзень дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня прынялі рашэньне аб правядзеньні ў Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў.

Апазыцыйныя парлямэнтары матывавалі сваё рашэньне тым, што паводле Канстытуцыі сёлета сканчаюцца прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, і ў краіне павінны адбыцца новыя выбары. Правядзеньне выбараў было даручана дэпутату Віктару Ганчару, і ўжо праз тыдзень ён сфармаваў структуры выбарчых камісіяў.

Улады адрэагавалі імгненна. Гэнэральны пракурор Алег Бажэлка распачаў крымінальную справу паводле факту спробы "незаконнага прысваеньня ўладных паўнамоцтваў", і афіцыйна папярэдзіў апазыцыянэраў аб адказнасьці.

Аб сваім жаданьні ўдзельнічаць у выбарах заявілі Міхал Чыгір і Зянон Пазьняк.

27 студзеня ў Менску адбылася 10-тысячная акцыя пратэсту працоўных, а галоўным вынікам Кангрэсу дэмакратычных сілаў, у якім удзельнічала прыкладна тысяча чалавек, стала прыняцьцё агульнае палітычнае плятформы беларускай апазыцыі. На Кангрэсе таксама была створана Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў. Напрыканцы студзеня таксама зьявіўся дэкрэт Лукашэнкі аб перарэгістрацыі палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафэсійных зьвязаў.

Люты. 2-гі сойм Маладога Фронту абраў сваім старшынём Паўла Севярынца і ажно 10 ягоных намесьнікаў, а на зьезьдзе АГП ледзь не дайшло да расколу, калі частка кіраўніцтва й сяброў партыі ўвайшла ў перадвыбарчую каманду Міхала Чыгіра.

Расколу удалася пазьбегнуць дзякуючы таму, што адзін зь лідэраў АГП Генадзь Карпенка адмовіўся ўдзельнічаць у апазыцыйных выбарах.

У лютым жа адбыліся і дзьве вулічныя акцыі, зарганізаваныя Маладым Фронтам і Хартыяй-97, якія скончыліся шматлікімі затрыманьнямі іх удзельнікаў.

Багатым на палітычныя падзеі былі сакавік і красавік. Першы веснавы месяц пачаўся з затрыманьня Віктара Ганчара ды іншых сябраў Цэнтарвыбаркаму, якія сабраліся на сваё паседжаньне. У выніку, старшыня ЦВК атрымаў 10 сутак арышту, пад час якога ён трымаў сухую галадоўку.

У сярэдзіне месяцу прадстаўнікі "Народнае Грамады" зарганізавалі дэманстрацыю й мітынг з нагоды Дня Канстытуцыі, а ў канцы сакавіку традыцыйную акцыю "Дзень незалежнасьці БНР" правёў БНФ.

Гэтыя акцыі былі колькасна нешматлікімі, але пасьля іх заканчэньня некалькі дзясяткаў чалавек апынуліся ў Менскім спэцпрыймальніку. А пасьля арышту 30 сакавіка Міхала Чыгіра, другі кандыдат у прэзыдэнты Зянон Пазьняк запатрабаваў ад міжнародных структураў гарантыі бясьпекі для людзей, якія працуюць у ягонай выбарчай камандзе.

У гэтым жа месяцы апазыцыя згубіла аднаго са сваіх лідэраў – раптоўна памёр Генадзь Карпенка.

Тым часам у краіне закончыўся збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Традыцыйны "Чарнобыльскі Шлях" 25 красавіка сабраў толькі 5 тысячаў удзельнікаў.

Пачатак травеня – дэманстрацыя на дзень салідарнасьці працоўных сацыял-дэмакратаў, затрыманы Мікола Статкевіч. Два дні страйкуюць прадпрыймальнікі сталічнага стадыёну "Дынама" ды іншых рынкаў, пратэстуючы супраць уціску ўладаў.

Цэнтарвыбаркам Ганчара абвясьціў аб пачатку датэрміновага галасаваньня і ў гэты ж час зьнікае Юры Захаранка.

Зянон Пазьняк абвінаваціў Ганчара ў фальсыфікацыях у ходзе выбараў ды зьняў сваю кандыдатуру, аднак старшыня ЦВК даводзіць распачатую справу да канцу. 19 траўня Ганчар абвяшчае вынікі галасаваньня – выбары адбыліся, але пераможцы няма. Ніхто з кандыдатаў не набраў дастатковае колькасьці галасоў.

Многія праціўнікі цяперашняе ўлады лічылі выбары моцнай паразаю дэмакратычных сілаў. Аднак ужо ў чэрвені апазыцыянэры пачалі рыхтавацца да заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі – 20 ліпеня. А 21-га апазыцыя зьбіралася правесьці ў сталіцы буйную акцыю пратэсту.

Аднак чаканага выніку яна не дала. Пратэставаць супраць узурпацыі ўлады выйшла некалькі тысячаў чалавек. Ніхто зь лідэраў апазыцыі не рызыкнуў узначаліць вулічны пратэст, а Вярхоўны Савет фактычна не прыняў у гэты дзень на сваёй сэсіі аніякага канкрэтнага рашэньня.

Апынуўшыся перад небясьпекаю арышту, Сямён Шарэцкі зьехаў у Вільню.

27 ліпеня некалькі апазыцыйных партыяў правялі традыцыйную акцыю, прысьвечаную Дню Незалежнасьці, а напрыканцы месяцу пачаў работу зьезд БНФ.

Ягоныя вынікі сталі сапраўднай сэнсацыяй і прывялі ўрэшце да расколу ў гэтай арганізацыі. Пры галасаваньні за кандыдатуру старшыні сымпатыі дэлегатаў падзяліліся прыкладна пароўну паміж Зянонам Пазьняком і Вінцуком Вячоркам. Другую сэсію зьезду было вырашана правесьці ў кастрычніку.

Жнівень быў прыкметным бадай тым, што Сямён Шарэцкі вырашыў не вяртацца ў Беларусь, а ў канцы месяца група маладых палітыкаў (Вячорка, Лябедзька, Статкевіч ды іншыя) абвясьцілі аб новых мэтадах барацьбы з уладаю, прыкладам чаго павінен быў стаць Марш Свабоды.

Прыкметамі палітычнага жыцьця верасьня сталі страйкі гандляроў на рынках, акцыя пратэсту прафэсійных зьвязаў.

16 верасьня таямніча зьнік Віктар Ганчар.

А цэнтральнымі падзеямі кастрычніка бяспрэчна сталі 20-тысячны Марш Свабоды, пад час якога адбыліся жорсткія сутычкі дэманстрантаў зь сіламі правапарадку, і канчатковы раскол на зьездзе Народнага Фронту на БНФ Вячоркі й БНФ Пазьняка.

Пасьля Маршу, паводле крымінальных абвінавачваньняў, арыштаваныя Статкевіч і Шчукін, якія правялі ў турме 2 тыдні.

У лістападзе й сьнежні апазыцыя зарганізавала шэраг несанкцыянаваных акцыяў: Гадзіна Смутку й трэцюю гадавіну рэфэрэндуму, супраць стварэньня беларуска-расейскага хаўрусу й некаторыя іншыя. Пасьля васьмімесячнага зьняволеньня на свабоду выйшаў Міхал Чыгір.

Такім быў у Беларусі палітычны год 99-ы.

А вось як ацэньваюць яго вынікі лідэры асноўных апазыцыйных сілаў краіны. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Для мяне, як для кіраўніка Беларускага Народнага Фронту, натуральна, вельмі важным было другое, новае дыханьне БНФ "Адраджэньне", партыі БНФ, тактычнае абнаўленьне фронту, якое адбылося, дзякуючы шостаму зьезду нашай арганізацыі. Яно непасрэдна зьвязанае, непарыўна, і ў пэўным сэнсе абумовіла і новую атмасфэру ў асяродзьдзі беларускіх неазлежніцкіх і дэмакратычных сілаў. Я маю на ўвазе іхную значна большую гатоўнасьць дзейнічаць скаардынавана і кааліцыйна. Якраз такая кансалідацыя дае магчымасьць ператварыць 2000 год у год паваротны ў найноўнай беларускай гісторыі".

Гэта быў кіраўнік адной з частак БНФ Вінцук Вячорка.

А вось думка лідэра Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Міколы Статкевіча:

(Статкевіч: ) "Упершыню за апошнія гады беларускае грамадзтва спыніла распаўсюджваньне, пашырэньне гэтай хамскай улады. Гэта здарылася 17 кастрычніка. Я думаю, што гэта была галоўная падзея году. Усе іншыя акцыі, якія ў гэтым годзе праводзіліся, яны няздольныя былі прадэманстраваць такую жорсткую і рашучую волю да свабоды. Чым будзе адметны наступны год? Я думаю, што ён будзе вызначальным для беларускай дзяржаўнасьці".

Лічыць сп.Статкевіч.

Вынікі палітычнага году для Радыё Свабода таксама падсумаваў і намесьнік старшыні АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Галоўны вынік 1999 году ў тым, што Беларусь засталася незалежнай дзяржавай. Найбольш яскравая падзея – гэта Марш Свабоды, які прайшоў у кастрычніку і прадэманстраваў патэнцыял беларускай апазыцыі. Негатыўныя моманты – зьнікненьне людзей, якое стала абсалютна новай зьявай у палітычным жыцьці Беларусі. Калі гаварыць пра наступны год, дык ён будзе ня менш складаным і цяжкім, бо я думаю, што менавіта там будзе вырашацца будучыня Белаурсі як краіны, і будзе вырашацца будучыня ўлады – якой яна будзе".

Паведаміў сп.Лябедзька.

Такім чынам, на думку вядомых палітыкаў галоўным вынікам 99-га палітычнага году стаў Марш Свабоды і раскол у шэрагах БНФ. Прадстаўнікі т.зв.маладой хвалі беларускай палітыкі таксама лічаць, што дзьвюхтысячны год стане вызначальным для дзяржаўнай незалежнасьці нашай краіны.

XS
SM
MD
LG