Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

Эканамічны агляд тыдню прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Адышоў заключны тыдзень году. Калі гаварыць аб яго самым галоўным ды існым, то апошнімі днямі людзі чакалі толькі аднаго – калі ўрад і Аляксандар Лукашэнка спраўдзіць свае абяцаньні аб падвышэньні заробкаў і прыбыткаў жыхарства.

Цікава, чаму высокія ўрадавыя чыноўнікі перад самым новым годам сталі ўзмоцнена гаварыць аб неабходнасьці неадкладнага падвышэньня прыбыткаў насельніцтва?

Проста таму, што ў 1999 годзе правалены галоўны сацыяльны паказьнік – рост прыбыткаў жыхароў краіны. Паводле афіцыйнае статыстыкі атрымаўся ня плюс, а мінус на 1%. Трэба штосьці рабіць, каб супакоіць незадаволенасьць людзей. Вось і ўзнялася балбатня аб павышэнні заробкаў ды іншых прыбыткаў жыхарства. Яна завершылася на апошнім тыдні году двума захадамі, якія, нажаль, ствараюць толькі бачнасьць клопатаў аб "электараце".

Першая падзея тычыцца ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 770 "Аб захадах ва ўдасканаленьні ўмоваў аплаты працы работнікаў арганізацыяў, фінансуемых з бюджэту", апублікаванага ў друку літаральна за два дні да Новага году.

Чаму толькі бюджэтнікаў? Ды таму, што заробкі настаўнікаў, лекараў, супрацоўнікаў культуры ды сфэры сацыяльнага забесьпячэньня, не гаворачы ўжо пра калгасьнікаў, даўно ўжо далучылі гэтых людзей за рысу беднасьці.

Калі ўлады прачнуліся й пачалі нешта рабіць, для сотняў тысячаў спэцыялістаў, то гэта добра. Насьцярожвае толькі бюракратызм і палавіністасьць прымаемых захадаў. Сапраўды, надбаўкі да заробкаў у памеры да паловы акладу будуць прызначаць кіраўнікі арганізацыяў. Значыць – каму дадуць, а каму й не…

А што датычна навуковых супрацоўнікаў і лекараў, то за выдатны ўклад у працоўную дзейнасьць яны могуць атрымаць пэрсанальныя даплаты ў памеры ажно 30 тарыфных ставак 1 разраду тэрмінам на 1 год.

Але канчатковае рашэньне у такіх надбаўках будзе прымаць сам Лукашэнка. Такога бюракратызму дагэтуль яшчэ не было.

С 1 студзеня будзе ўведзена новая тарыфная стаўка першага разраду, памерам ня меней 35% бюджэту пражытачнага мінімуму. Але, каб зьнізіць гэтую стаўку, будзе ўзяты сярэдні пражытачны бюджэт у цэнах верасьню, а ня сьнежню, што было б лягічна. Да таго ж указ Лукашэнкі не вызначае ані захадаў, ані падыходаў да росту заробкаў у рэальным сэктары.

Другой сацыяльнай падзеяй апошняга тыдню году ёсьць паведамленьне міністра сацыяльнай абароны Вольгі Даргель аб тым, што ў студзені зноў будуць падвышаныя пэнсіі. Мінімальная – на 58%, сярэдняя – на 8,5%, а максімальная на 6,5%.

Але гэтыя лічбы не зьяўляюцца абнадзейнымі, бо мінімальныя пэнсіі хоць і будуць падвышаныя болей як на палову, але дасягнуты толькі 7,8 тысячы дэнамінаваных рублёў, ці складуць дзесьці каля паловы пражытачнага бюджэту.

А што тычыцца сярэдніх і максімальных пенсіяў, то гэты рост не пакрые тыя страты пэнсіянэраў, якія яны панесьлі ад інфляцыі ў кастрычніку, лістападзе й сьнежні, калі цэны падвысіліся болей як на палову.

Аб прапагандысцкім характары клопату аб народзе сьведчаць наступныя супастаўленьні. Высокія ўрадавыя чыноўнікі заяўляюць, што заробак бюджэтнікаў у студзені будзе падвышаны ці не на 60%. А якім коштам, дзе крыніца гэтага росту? Адказу на гэтае пытаньне няма.

Указ аб удасканаленьні ўмоваў аплаты працы Аляксандар Лукашэнка падпісаў у самым канцы году, а колькі тыдняў таму паставіў свой подпіс пад прагнознымі паказьнікамі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2000 год, дзе чорным па беламу запісана, што рэальныя прыбыткі жыхарства ў наступаючым годзе падвысяцца толькі на 1%.

Невядома якому подпісу Лукашэнікі можна верыць, калі разам з гэтым інфляцыя запраектавана на 2000 год у памеры 70-80%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG