Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Пярэдадзень Новага году ў Барысаве адзначаны стварэньнем ды рэгістрацыяй новых грамадзкіх арганізацый. Так учора ўвечары тут быў створаны першы ў краіне рэгіянальны грамадзкі камітэт барацьбы з карупцыяй.

Гэты камітэт стварылі кіраўнікі Барысаўскага цэнтру няўрадавых арганізацыяў, рэгіянальнага прадстаўніцтва БГК, а таксама шэрагу мяйсцовых суполак вольных прафэсійных зьвязаў.

Канкрэтнай нагодаю дзеля таго сталася сканчэньне месячнага тэрміну, цягам якога Пракуратура Рэспублікі Беларусь павінна была адказаць на запыт бізнэсоўца Ігара Ледніка. Ён абвінаваціў барысаўскія сілавыя структуры ў нежаданьні расьледваць ўзбуджаную яшчэ год таму крымінальную справу паводле фактаў нядобрасумленнай канкурэнцыі ды незарэгістраванай прадпрыймальніцкай дзейнасьці на тутэйшым акцыянэрным таварыстве "Лесахімік".

Слухачы Радыё Свабода памятаюць, як драматычна склалася змаганьне Ігара Ледніка за маёмасныя правы – свае ды іншых акцыянэраў – парушаныя кіраўнікамі згаданага таварыства.

Замест таго, каб заступіцца за праўдашукальніка, мяйсцовыя сьледчыя ворганы ўзбудзілі крымінальную справу супраць Ігара Ледніка ды падкінулі ў яе некалькі сфальшаваных дакумэнтаў, што надоечы было даказана на судзе. А вось справа супраць адміністрацыі "Лесахіміка" за гэты час некалькі разоў зачынялася ды спынялася.

Было зразумела, каму спачуваюць ворганы дазнаньня й пракурорскага нагляду. Вось і зараз гэнэральны пракурор краіны спадар Бажэлка так і ня даў адказу Ледніку на пытаньне: калі ж, нарэшце, у Барысаве закон станецца абавязковым для ўсіх?

Цяпер гэтым ды іншымі падобнымі прыкладамі нежаданьня сілавых структураў змагацца супраць карупцыі і будзе займацца першы ў краіне грамадзкі рэгіянальны антыкарупцыйны камітэт.

Як жа ён будзе дзейнічыць? Паводле Ігара Ледніка, які быў абраны першым старшынём гэтага праўнага асяродку, сябры камітэту зь ліку юрыстаў будуць праводзіць сваё сьледзтва, а таксама: "паказваць на кожным кроку, хто адказны ў якім канкрэтным выпадку, у якой ступені за парушэньне заканадаўства. І фіксаваць, фіксаваць. Самае галоўнае ў нашай працы – маніторынг", – зазначыў Ігар Леднік.

Як сказаў спадар Леднік, ён разумее, што зарэгістраваць камітэт будзе ня так проста. Але дзейнічыць гэтае ўтварэньне будзе нават ва ўмовах нелегітымнасьці.

Дарэчы, гэтымі днямі прызнаньня свайго йснаваньня дамаглася нарэшце мяйсцовая жаноцкая арганізацыя "Правінцыя", якую дзевяць месяцаў не рэгістравала ўправа юстыцыі Менскага вабласнога выканаўчага камітэту. З гэтае нагоды Ігар Леднік, які таксама ёсьць дырэктарам рэгіянальнага цэнтру няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, павіншаваў старшыню "Правінцыі" журналістку з Барысаўскіх Навінаў Алену Аўтушку з перамогаю над намэнклятурным бюракратызмам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG