Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня актывісты праваабарончых арганізацыяў Менску перадалі дзецям з адзінага ў Менску прыватнага дзіцячага прытулку па вуліцы Солтыса навагоднія падарункі, сабраныя пад час учорашняй вечарыны для грамадзкасьці.

Праваабарончыя арганізацыі Цэнтар "Вясна", праваабарончы цэнтар Веры Страмкоўскай і арганізацыя "Праўная дапамога насельніцтву" ўчора ўвечары наладзілі ў Зьвязе кінематаграфістаў перадсьвяточную імпрэзу, пад час якой сабралі падарункі для дзяцей, што жывуць у дзіцячым прытулку па вуліцы Солтыса ў Менску.

Сёньня гэтыя некалькі вялікіх скрынях ужо адвезеныя ў прытулак – і дваццаць хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі падарункі да Новага году. Гэта адзеньне, цацкі, ласункі, і канешне ж, словы віншаваньняў і падтрымкі, якія так неабходны ўсім нам, а асабліва дзецям, і асабліва тым, што жывуць у прытулку. Зразумела, што гэта дзеці зь цяжкім лёсам, якіх арганізатары прыюту – пад кіраўніцтвам мастака Аляксандра Чарніцкага сабралі літаральна з вуліцаў гораду.

Аляксандар Чарніцкі шмат жахаў можа распавесьці пра мінулае сваіх дзяцей: "…Многія зь іх кралі, некаторыя нават распаўсюджавалі наркотыкі, некаторыя, на жаль, ужо займаліся прастытуцыяй. Але цяпер яны ўсё гэта пакінулі ў мінулым. Мы ўвесь час распавядаем ім пра грэх, пра тое, што трэба кінуць такі лад жыцьця, спрабуем іх адарваць ад таго нэгатыўнага-вулічнага жыцьця, якое ў нас пануе", – распавёў Аляксандар Чарніцкі.

Прытулак быў адкрыты разам з адзінадумцамі з прыходу эвангельскай царквы. Зьнялі на свае горшы чатырохпакаёвую кватэру, дзе знайшлі прытулак больш за дваццаць бяздомных дзяцей. Акрамя гэтага з траўня для дзяцей адкрылі бясплатную сталоўку, колькасьць наведвальнікаў якой увесь час павялічваецца.

Аляксандар Чарніцкі: "…Сталоўку наведвае недзе 300 дзяцей, плюс мы пачалі яшчэ харчаваць іхных маці, бо бывае сытуацыя, што прыходзяць дзеці разам з маці, і пакуль дзіцё есьці, маці стаіць галодная і глядзіць, а дзіцё, зразумела, хавае для яе кавалак хлеба ці што іншае".

Паводле Чарніцкага, выхаванцы прытулку ў паводзінах ужо бачна адрозьніваюцца ад сваіх былых сяброў па вуліцы. Яны самі ймкнуцца стаць лепшымі, бо вельмі ўдзячны за дабрыню й рэальную дапамогу дарослых. Іншыя яны і ў параўнаньні са сваімі аднагодкамі з нармальных сем'яў – дзеліцца назіраньнямі Аляксандар.

"Я зь дзецьмі з прыюту гуляю па горадзе, прапаную ім нешта купіць, а яны мяне ўгаворваюць берагчы грошы. Пагадзіцеся, нашыя ўласныя дзеці паводзяць сябе ў такой сытуацыі наадварот. Затое мае выхаванцы ня проста ўдзячныя за дапамогу, яны пачынаюць самі дапамагаць, чым могуць. І нават ёсьць ужо выпадкі, калі пад уплывам дзяцей іхныя маці кідаюць піць гарэлку й робяцца нармальнымі", – адзначыў Аляксандар.

"Мы хацелі б стварыць цэлую сетку такіх прыютаў і сталовых, але пакуль ня маем дзеля гэтага матэрыяльных магчымасьцяў", – паведаміў Аляксандар. Ня дзіва, што ён вітаў ініцыятыву беларускіх праваабаронцаў далучыцца да дапамогі дзецям. "…Мы гатовыя супрацоўнічаць з усімі, хто будзе дапамагаць дзецям. Мы вітаем іх усіх, усім ўдзячныя і гатовыя ісьці на кантакт", – сказаў спадар Чарніцкі.

А вось як адазваўся пра акцыю праваабаронцаў вядомы беларускі палітык Аляксандар Дабравольскі, які таксама ўзяў удзел у зборы навагодніх падарункаў для дзяцей.

(Дабравольскі: ) "Арганізатары прыдумалі такую форму, якую трэба было выкарыстоўваць, можа, і раней і трэба будзе выкарыстоўваць у будучыні. Правялі вечарыну для тых людзей, якія прынесьлі падарункі дзецям – адзеньне, цацкі, іншае. Гэта проста ввельмі добрая ідэя, таму я браў удзел і прынес свае падарункі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG