Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Уладзiмер Глод, Менск

Па-рознаму ўспрынялі адстаўку Барыса Ельцына з пасады Прэзыдэнта Расеі апазыцыйныя палітыкі Беларусі. Для некаторых зь іх, як, напрыклад, Уладзімера Нісьцюка, яна не была нечаканай, а вось Аляксандар Сасноў шчыра прызнаўся, што для яго гэта няспадзяванасьць…

Старшыня камісіі сродкаў масавай інфармацыі пры прэзыдыюме Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк даволі працяглы час вывучае палітычную сытуацыю і каньюнктуру ў Расеі. Мабыць таму, пад час інтэрвію нашаму радыё ён зазначыў, што яшчэ ў лістападзе пісаў менавіта пра сцэнар, які прадугледжвае датэрміновы зыход Барыса Ельцына з пасады прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі.

На думку дэпутата Вярхоўнага Савету, выбары ў Дзяржаўную думу сталi першым рубяжом, якi пасьпяхова ўзялi пад час цяперашняе палiтычнае барацьбы ў Расеi Ельцын i ягоная каманда. Далей, не страчваючы тэмпаў, трэба адольваць новую вышыню. У прэм'ера Пуцiна зараз найвышэйшы рэйтынг, а яго супернiкам на прэзыдэнцкiх выбарах будзе вельмi складана "раскруцiцца" за тры месяцы. Такiм чынам, лiчыць беларускi палiтык, крамлёўскiя стратэгi спрацавалi вельмi моцна й трапна.

Спадар Нiсьцюк таксама адзначыў, што "Лукашэнка з адстаўкаю Ельцына страчвае сваё самае магутнае апiрышча. Зараз яму давядзецца весьцi гаворку з зусiм iншым чалавекам, разумным, асьцярожным прагматыкам з моцнай воляй. Я не заўважыў у вачах Пуцiна нейкага бляску, калi Ельцын i Лукашэнка падпiсвалi дамову пра стварэньне беларуска-расейскае дзяржавы", – сказаў дэпутат Уладзімер Нiсьцюк.

Адзiн з кiраўнiкоў Нацыянальнага выканаўчага камiтэту – "ценявога" ўраду Беларусi Аляксандар Сасноў лічыць, што Барыс Ельцын вельмi дакладна вызначыў час, калi трэба праводзiць прэзыдэнцкiя выбары. Гэты крок пераканаўча паказвае, што расейскi прэзыдэнт зусiм не такi слабы, хворы й нерашучы чалавек, якiм яго спрабавалi падаць Зюганаў ды iншыя камунiсты.

Ацэньваючы пэрспэктыву беларуска-расейскiх стасункаў у сьвятле прызначэньня выконваючым абавязкi прэзыдэнта Расеi Ўладзiмера Пуцiна, Аляксандар Сасноў адзначыў: "З усiх расейскiх прэм'ераў апошняга часу Ўладзiмер Пуцiн, ня лiчачы, бадай, Сяргея Кірыенкi, самы правы. А правыя, як вядома, любяць i ўмеюць лiчыць грошы. Таму я не зьдзiўлюся, калi Беларусi будуць выстаўленыя вялiкiя фiнансавыя рахункi".

Аляксандар Сасноў не выключае, што калi ў сакавiку Пуцiн будзе абраны прэзыдэнтам Расеi, ён запатрабуе ўваходжаньня Беларусi ў склад Расеi на правох суб'екта Расейскае Фэдэрацыi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG