Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Рашэньне прэзыдэнта Расеі – гэраічны ўчынак, зьдзейсьнены ў інтарэсах расейскае дзяржавы і расейскага народу – заявіў у інтэрвію нашаму Радыё намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Іван Пашкевіч. Спадар Пашкевіч лічыць, што сыходам у адстаўку Барыс Ельцын даказаў, што ён моцны палітык.

У такі спосаб Ельцын прадэманстраваў упэўненасьць у тым, што эканамічныя і палітычныя рэформы ў Расеі ня будуць згорнутыя, і паклаў канец інсынуацыям, нібыта ён чапляецца за ўладу, у тым ліку і шляхам аб'яднаньня з Беларусьсю, – заўважыў Іван Пашкевіч. На ягоную думку, прэзыдэнт Расеі згуртаваў палітычную эліту сваёй краіны.

Нагадаем, што 8 сьнежня пад час падпісаньня ў Крамлі дамовы аб утварэньні саюзнай беларуска-расейскай дзяржавы, Лукашэнка казаў аб плянах падпісаць да заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Барыса Ельцына яшчэ адну дамову, ужо аб саюзанй дзяржаве. На волю Ельцына, гэтыя паўнамоцтвы скончыліся сёньньня.

Камэнтуючы для Радыё Свабода гэты аспэкт беларуска-расейскіх адносінаў, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Пашкевіч сказаў, што зараз трэба засяродзіць увагу на выкананьні праграмы рэалізацыі палажэньняў дамовы, падпісанай 8 сьнежня. З гэтага вынікае, што да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў сакавіку 2000 году, падпісаньне новых інтэграцыйных дакумэнтаў не плянуецца.

На заканчэньне інтэрвію Іван Пашкевіч нагадаў пра заслугі Ельцына ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Расеі і ў іншых краінах СНД і дадаў (цытую): "Мы верым у вялікую Расею. Яна заўсёды будзе рабіць значны ўплыў на Беларусь, і таму мы зацікаўленыя ў стабільнай Расеі"(канец цытаты).

Апошні белавескі зубр сыйшоў сам, сыйшоў у гісторыю. Разграміўшы ў жніўні 1991 году камуністычны путч і падпісаўшы ў сьнежні таго ж году сьмяротны прысуд таталітарнай імпэрыі, Барыс Ельцын здабыў свабоду і неазлежнасьць ня толькі для Расеі, але і для Беларусі.

XS
SM
MD
LG