Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сьнежня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У Грозным, а таксама ў іншых раёнах Ічкерыі, ідуць цяжкія баі. Шэсьць замежных карэспандэнтаў, арыштаваных расейцамі каля Грознага – адпушчаныя. Зьявіліся новыя зьвесткі пра растрэл мірных жыхароў і рабункі ў вёсцы Алхан-Юрт.

Як паведамляе агэнства "Reuters", статысячнае расейскае войска працягвае сьціскаць кола атачэньня вакол сталіцы Ічкерыі і весьці баёвыя дзеяньні ў вёсках Сэржань-Юрт і Дуба-Юрт, якія стаяць на ўваходзе ў дзьве галоўныя цясьніны, што лучаць горную і нізінную часткі рэспублікі. Паводле інфармацыі з расейскай ваеннай базы ў Маздоку, атакі на чачэнскія сілы былі пасьпяховымі ў некалькіх накірунках. Страты апошніх содняў маскоўцы ацэньваюць у 60 забітых чачэнскіх незалежнікаў і двух расейскіх вайскоўцаў.

Апрача гэтага, расейскае вайсковае кіраўніцтва заявіла, што у выніку пасьпяховага наступу ў Шаройскім раёне, чачэнскія аддзелы вымушаныя былі адступіць на кілямэтар.

Прадстаўнік кіраўніцтва Ічкерыі Маўладзі Ўдугаў у часе тэлефанічнага інтэрвію агэнству "Reuters" пацьвердзіў гэты факт і дадаў, што ў той самы час паўстанцы крыху прасунуліся наперад у раёне Ведзіно. Што ж да Грознага, то паводле Ўдугава, чачэнскія жаўнеры, пасьля працяглых жорсткіх баёў пакінулі дзьве вышыні – Карпінскі курган і раён старой тэлевізыйнай вежы, каб перайсці на больш бясьпечныя пазыцыі. Вакол пакінутых стратэгічных кропак, паводле чачэнскага боку, засталіся сотні забітых расейцаў і дзясяткі адзінак бронетэхнікі.

Сёньняшняя "Boston Globe" зьмясьціла на сваіх старонках інфармацыю пра затрыманьне ў Чачні шасьці заходніх журналістаў, сярод якіх – кіраўнік маскоўскага бюро "Boston Globe " Давід Філіпаў, карэспандэнт "Washington Post" Даніэл Вільямс, Маркус Ўорэн з брытанскай "Daily Telegraph", рэпартэр гішпанскага тэлебачаньня Рыкарда Артэга, брытанскі фатограф Майкл Джасокавіч і апэратар Тэймураз Габашвілі.

Як паведамляе газэта, гэтая група, нягледзячы на перашкоды з боку вайсковага кіраўніцтва, наведала расейскіх жаўнераў у прымесьцях Грознага. "Расейцы сапраўды не жадаюць бачыць журналістаў на тэрыторыі Ічкерыі, – сказаў Давід Філіпаў, – таму яны скарысталі факт, што мы ня мелі належнай акрэдытацыі, каб арыштаваць нас". Апрача таго расейцы запалохвалі журналістаў пэрспэктывамі апынуцца ў чачэнскім палоне. У сераду, пасьля працяглага васьмігадзіннага допыту, арыштаваных адпусьцілі.

У сувязі з гэтым інцыдэнтам Дзяржаўны Дэпартамэнт Злучаных Штатаў паўтарыў заклік да ўсіх сваіх грамадзянаў пакінуць зону канфлікту. "Нашыя магчымасьці дапамагчы сваім суайчыньнікам у тым рэгіёне вельмі абмежаваныя", – сказаў прадстаўнік Дзяржаўнага Дэпартамэнту Філіп Рыкер.

Сёньняшняя "New York Times" падае артыкул Майкла Рома пра сытуацыю вакол вёскі Алхан-Юрт, дзе паводле сьведак, расейскія вайскоўцы забілі, як мінімум, 17 цывільных асобаў, а таксама тэрарызавалі іншых і рабавалі іхныя хаты. Рабаваньне было зафіксаванае на відэастужку. Ня гледзячы на гэта, – чытаем у артыкуле, – расейскі бок схільны бачыць у гэтым правакацыю саміх чачэнцаў.

Між тым, прадстаўнік Расеі ў Ічкерыі Нікалай Кошман, які адразу пасьля паведамленьняў пра забойствы і рабаваньні прыляцеў у Алхан-Юрт, быў сустрэты пагрозамі. Расейскія вайскоўцы абяцалі забіць яго, пакуль не даведаліся хто ён. Перад ад'ездам з Алхан-Юрту Кошман паабяцаў, што мясцовае насельніцтва будзе абароненае. Але чаму гэтай абароны ня відаць? – Ставіць пытаньне газэта "New York Times".

XS
SM
MD
LG