Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сьнежня 1999 г.


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(эфір 30 студзеня, фрагмэнт перадачы "Неабжытая Спадчына")
У Скарынаўскім цэнтры адбыўся круглы стол галоўных рэдактараў беларускіх культурніцкіх часопісаў і навукоўцаў пад радыкальным назовам "Канец сьвету – канец культуры?"…

У ім браў удзел і шырока вядомы ў Эўропе польскі інтэлектуал і культурны практык Кшыштаф Чыжэўскі. Ён знакаміты й сваімі тэкстамі, прысьвечанымі праблеме Сярэдняй Эўропы, і як стваральнік у невялічкім гарадку Сэйны, што на мяжы зь Летувай, асяродку "Памежжа культураў". Асяродку, які паўстаў разам са сваім тэатрам, выдавецтвам, бібліятэкаю на месцы колішняга занядбанага ПЭГЭЭРУ (па-нашаму, калгасу). Тут ладзяцца выставы, праводзяцца канфэрэнцыі, нават здымаюць свае фільмы.

Кшыштаф Чыжэўскі разам зь мясцовымі маладымі людзьмі вывучае і творча асэнсоўвае спадчыну былога Вялікага Княства Літоўскага, спадчыну палякаў, летувісаў, беларусаў, жыдоў дый іншых народаў, што насялялі гэтыя землі.

У Сэйнах утвораны космас, напоўнены духам Сярэдняй Эўропы, духам шматстайнае культуры. А яшчэ спадар Чыжэўскі – галоўны рэдактар вельмі тоўстага часапісу "Красногруда", кожны нумар якога прысьвячаецца культуры адной з сярэдняэўрапейскіх краінаў.

Красногруда – гэта назва маёнтку Чэслава Мілаша, які Нобэлеўскі ляўрэат перадаў асяродку "Памежжа Культур". Красногруда перакладаецца таксама як прыгожая зямля або прыгожае зерне.

Чытачоў па ўсім сьвеце ўразіў нумар часапісу, прысьвечаны Босьніі. Цяпер рэдакцыя рыхтуе беларускі нумар. Менавіта Кшыштаф Чыжэўскі выкарыстаў выраз "канец сьвету" ў дачыненьні да эўрапейскае культуры ХХ стагодзьдзя. Ягоны тэкст так і называўся – "Эўропа пасьля канца сьвету".

Кшыштаф Чыжэўскі – госьць нашае праграмы…

(Ракіцкі: ) "Вітаю цябе, Кшыштаф! І зусім натуральнае першае пытаньне: канец сьвету – гэта эфэктная метафара разбурэньня культуры, ці спроба вызначэньня нейкіх рэальных працэсаў?"

(Чыжэўскі: ) "З майго гледзішча, мы апрабавалі канец сьвету таксама ў вельмі рэальным сэнсе як канца канкрэтнае цывілізацыі, у якой мы й надалей жывем.

Я бачу гэта матэрыяльна – у абрысах руінаў сінагогаў, кляштараў, шляхоцкіх двароў, узарваных мастоў, у дарогах, якія вядуць у нікуды і якія колісь злучалі камунікацыйныя і культурныя цэнтры гэтае часткі Эўропы.

Гэта ня ёсьць метафарай. Гэта сьвет, у якім я жыву ў Сэйнах, на мяжы Польшчы й Летувы. Тое ж самае можна сказаць і пра Букавіну, і пра Падляшша, і шмат пра якія іншыя мясьціны нашае Эўропы.

Штосьці скончылася, а перад тым былі вялікія вандроўкі людзей у ХХ стагодзьдзі. Людзей мільёнамі выганялі з цэлых рэгіёнаў, дзе яны спрадвеку гаспадарылі. Прыходзілі іншыя, спрабавалі загаспадарыць, але яны былі ня вельмі сьвядомымі адносна новага іхняга месца. Ім было ўсё роўна, якая тут жыве памяць, якая таямніца гэтых мясьцінаў.

Існуе вельмі канкрэтная праблема, і задача на сёньня й на заўтра – мы мусім наноў адчыніць месцы, у якіх мы жывем, якія часам падаюцца нам месцамі пасьля канцу сьвету".

(Ракіцкі: ) "З майго гледзішча, адной з характарыстыкаў ХХ стагодзьдзя зьяўляецца адмаўленьне, а то й сьвядомае разбурэньне памяці, традыцыяў – таго, што прынята называць спадчынаю. У якой ступені, на Твой погляд, гэта так?"

(Чыжэўскі: ) "Нешта такое ёсьць. У гэтым кантэксьце мне падабаецца тэрмін, які ўжыў Ален Фінгелькраўд – няўдзячнасьць у дачыненьні да продкаў, да нашых традыцыяў.

Мы вырасталі ў Эўропе ў пэрыяд нігілістычнага стаўленьня да традыцыяў, гэтакага пагардлівага погляду на іх. Ці саромеліся нават сваёй прыналежнасьці да іх. Я сустракаю сем'і, што жывуць на вёсцы, і маладыя людзі саромеюцца сваіх дзядуляў, якіх яны трымаюць у куце хаты і саромеюцца нават дапусьціць гасьцей да іх. Бо гэта нібыта засьведчыць іхную прыналежнасьць да нейкага пазамінулага анахранічнага сьвету.

Гэтае назіраньне можна перавесьці ў мэтафару. Нешта падобнае адбылося і ў Эўропе, мы сталі саромецца сваёй пэўнай традыцыі. Няўдзячнасьць прывяла нас да нечага драматычнага – да разрыву працягласьці.

Гаворка не пра тое, што павінна быць так, як і было, што трэба захоўваць традыцыі ў той форме, у якой мы атрымалі іх ад продкаў. Традыцыя мне падаецца вельмі дынамічным паняцьцем, яна зьмянялася й мусіць зьмяняцца – дынамічна. І повязі павінны быць непарыўнымі.

А ў ХХ стагодзьдзі гэтая непарыўнасьць была парваная. Не адбываецца перадачы памяці ад пакаленьня да пакаленьня. Вырастаюць новыя пакаленьні, якія адрэзаныя ад каранёў.

Сёньня жыцьцё як бы прыемнае, але мы ўжо пачынаем рэфлексаваць. І вельмі хутка трэба будзе плаціць за гэтую прыемнасьць вялікую цану.

Таму на Захадзе сёньня й зьяўляюцца такія кніжкі, як "Няўдзячнасьць" Фінгелькраўда, якія перасьцерагаюць эўрапейцаў адносна сьляпога й занадта хуткага працэсу мадэрнізацыі, які бязьлітасна адлучае нас ад спадчыны".

(Ракіцкі: ) "Сучасны чалавек добра разумее каманды кампутара, камфортна пачувае сябе ў сьвеце інфармацыі, а не культуры. Ці змогуць людзі ў наступным стагодзьдзі, а гэта – і сучасныя маладыя людзі, пачуць спадчыну? Вось у тваіх Сэйнах, на памежжы польскай, летувіскай, беларускай, жыдоўскай культураў, ці адчуваюць маладыя людзі спадчыну Вялікага Княства Літоўскага? Ці твораць, пачуўшы яе?"

(Чыжэўскі: ) "Гэта сапраўды так. І мой досьвед працы зь вельмі маладымі людзьмі, дзецьмі пераконвае мяне ў гэтым. Маладое пакаленьне адчувае патрэбу тварыць, удзельнічаць у нечым, што зьвязанае з творчасьцю, а ня толькі са спажываньнем.

Тое, што мы робім, гэта актыўны працэс з гледачамі, слухачамі. Мы не прэзэнтуем нейкіх штучак, разьлічаных адно толькі на апладысмэнты. Мы запрашаем публіку да творчага супрацоўніцтва, да супольнае творчае працы, супольнага стварэньня культуры. І гэта падуладна маладым людзям.

У нашым выпадку стварэньне культуры зьвязанае зь месцам, дзе мы жывем, з адчытаньнем яго традыцыяў. Мусіць быць творчы спосаб адчытаньня гэтых традыцыяў.

Мы не ствараем чарговы фальклёрна-этнаграфічны гурт, мы ствараем творчую музыку, імправізацыйную, паводле традыцыйных мэлёдыяў ці сьпеваў. Яна зьбліжаецца хутчэй з джазам. Яна вельмі сучасная. Але базуецца на каранях сярэднеэўрапейскіх, каранях памежжа культураў. У ёй элемэнты музыкі ўкраінскае, беларускае, румынскае, і ўсе яны ажываюць па-новаму.

Гэта для мяне прыклад сучасных, жывых, творчых працэсаў, якія сёньня адбываюцца ў культуры. Зьвязаных з традыцыяй".

(Ракіцкі: ) "ХХІ стагодзьдзе, на твой погляд, будзе стагодзьдзем стваральнікаў ці разбуральнікаў, барбараў?"

(Чыжэўскі: ) "Будзе адбывацца ўсё больш моцная тэндэнцыя ў бок сумеснае творчасьці людзей. І чым больш мы будзем спажываць культуру і яшчэ такім камфортным спосабам, тым большая будзе нашая патрэба ў рынку творчасьці, уласнае творчае працы. Гэта натуральная патрэба чалавека, і яна раней ці пазьней праявіцца".

Гэта быў госьць нашае праграмы – польскі інтэлектуал і практык культуры, чалавек памежжа культураў. Сярэднеэўрапеец новага мысьленьня – Кшыштаф Чыжэўскі.

Спадчына. Якім будзе стаўленьне да яе ў новым стагодзьдзі? Яна застанецца ў якасьці музэю? Стане духоўным апірышчам для людзей новае цывілізацыі? А мо' зьявіцца падставаю для ўзьнікненьня й разьвіцця новых формаў культуры? Або – грунтам для духовага ўдасканаленьня нацыі?

Цікава, ці будзе хтосьці, як мы сёньня з вамі, увогуле шукаць адказы на гэтыя пытаньні роўна праз сто гадоў?..

З Новым годам вас, шаноўныя. З новымі надзеямі на адраджэньне нацыі ў новым стагодзьдзі. Пачуемся?..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG