Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Якім будзе палітычны 2000 год?

Палітычныя прагнозы – справа надзвычай няўдзячная, асабліва ў краіне, дзе правілы палітычнае гульні нявызначаныя, дакладней кажучы, дзе зьяўленьне саміх правілаў – ужо йстотная перамога.

Дарэчы, увесь адыходзячы 1999 год прайшоў менавіта ў змаганьні за гэтыя правілы. Да гэтага жанру адносіліся і альтэрнатыўная кампанія ў выбарах прэзыдэнта, і барацьба вакол сканчэньня легітымных паўнамоцтваў прэзыдэнта, і, нарэшце, перамоўны праект, прапанаваны Захадам.

Падводзячы вынікі, можна казаць аб маральнай перамозе: Беларусь даказала сабе і ўсяму свету, што яна яшчэ жывая, што ня ўсе скарыліся самаўладзьдзю. Але ў чыста палітычным пляне йстотных зьменаў не адбылося – спробы стварыць паралельную вольную Беларусь ня мелі посьпеху.

Пасьля пераваротнага рэфэрэндуму 1996 году здавалася, што прызнаньне нелегітымнасьці створанага рэжыму з боку сусьветнае супольнасьці – найвялікшая перавага апазыцыі, якой ня мела аніводная антытаталітарная апазыцыя ў краінах Усходняй Эўропы.

Але перавага абярнулася ці не пасткаю. Прызнаньне Захадам легітымнасьці Вярхоўнага Савету на Захадзе тым ня менш не паспрыяла падвышэньню ўплыву й ролі апазыцыі на Бацькаўшчыне. Да таго ж высьветлілася, што Захад у рэшце рэшт таксама лічыцца з рэальнай растаноўкаю сілаў у Беларусі: вяртаньне амбасадараў, удзел Лукашэнкі ў Стамбульскім саміце АБСЭ падцьвердзілі, што дэ-факта сьвет прызнае тых, хто мае спраўдную ўладу.

У 1999 годзе вызначылася новая тэндэнцыя: і ўдзел апазыцыі ў перамоўным працэсе, і раскол Фронту сьведчылі аб памкненьні вярнуцца ў рэальнасьць, у рэальную палітыку.

Падаецца, што парлямэнцкія выбары, якія мусяць адбыцца ў будучым годзе, стануць ня толькі галоўнай падзеяй надыходзячага году, але вызначаць шлях разьвіцьця Беларусі на некалькі гадоў наперад.

Апазыцыя мае неблагія шанцы атрымаць дастаткова сур'ёзнае прадстаўніцтва ў заканадаўчым воргане. І ў дадзеным выпадку ня мае значэньня, наколькі папулярны Лукашэнка: досьвед суседніх краінаў паказвае, што людзі вельмі часта галасуюць на парлямэнцкіх выбарах, зыходзячы з матыву пратэсту, каб абмежаваць хай сабе й папулярную выканаўчую ўладу.

Часам можна пачуць меркаваньне, што ў цяперашніх умовах у Беларусі можа быць абраны толькі "кішэнны" парлямэнт. З пункту гледжаньня юрыдычна вызначаных паўнамоцтваў, гэта, магчыма, і так, але зьяўленьне пляцоўкі публічнае палітыкі, цэнтру калі ня ўлады, дык легітымнага шуму, выклікае шмат непрадказальных, і дастаткова непрыемных для выканаўчай улады наступстваў.

Сучасная расейская Дзяржаўная дума, напрыклад, таксама мае няшмат канстытуцыйных паўнамоцтваў, але нездарма пад час апошніх расейскіх выбараў ішлі такія жорсткія палітычныя бойкі. У рэшце рэшт самы бясьсільны, але свабодна абраны парлямэнт хутчэй знойдзе прыхільнікаў ува ўладнай "вэртыкалі", чым "вулічная" апазыцыя, акцыі якой толькі мацуюць "вэртыкальны" маналіт.

Іншая справа, што й беларуская ўлада выдатна гэта разумее. Па тым, як яна зрывае перамоўны працэс, можна зрабіць выснову, што яна мае намер ператварыць выбары проста ў прызначэньне сваіх людзей.

І ня ў тым тады будзе справа, што такі прызначаны парлямэнт ня будзе прызнаны сьветам. Гэта на некалькі гадоў закрые для Беларусі эвалюцыйны шлях разьвіцьця, разьвіцьця праз згоду эліты.

Застануцца іншыя, абодва непажаданыя. Адзін – дэградацыйны, далейшае ўмацаваньне самаўладзьдзя. Другі – рэвалюцыйны.

Пасьля вызваленьня ад камунізму краінаў Усходняе Эўропы выраз "аксамітная рэвалюцыя" стаў прывабным вобразам. Але на "аксаміт" можа пашэнціць, а можа й не.

Улічваючы народную сьвядомасьць, хаця б тое, каго народ усенародна абірае сваім кумірам, пакідае шмат шанцаў на тое, што народны пратэст можа мець зусім іншы характар, паводле выразу расейскага клясыка, безсэнсоўны й бязьлітасны. Чаго сваёй краіне, пры ўсёй нелюбові да дыктатуры, жадаць ня варта.

У будучым годзе Беларусь апынецца на вельмі адказным раздарожжы.

XS
SM
MD
LG