Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сьнежня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На Гарадзеншчыне зьявіліся чуткі, што беларускую моладзь, нібыта, вярбуюць для ўдзелу ў баявых дзеяньнях у Чачні. Наш карэспандэнт у Горадні паспрабаваў высьветліць, ці сапраўды гэта так.

У наваградзкую раённую газэту зьвярнулася жанчына, якая паскардзілася, што яе адзіны сын вырашыў завэрбавацца ў шэрагі апалчэнцаў у Чачню. Праз свайго сябрука ён даведаўся, што быццам у Горадні набіраюць дабраахвотнікаў, якія будуць браць удзел у баявых дзеяньнях у гэтай рэспубліцы. Плаціць будуць па тысячы даляраў у месяц, а выпадку тваёй гібелі сям'я ў працягу паўгода атрымае таксама па адной тысячы даляраў за кожны месяц.

Пракамэнтаваць гэта журналісты папрасілі намесьніка раённага ваенкама Карчэўскага. Ён адказаў наступным чынам.

Афіцыйнай інфармацыі пра вярбоўку няма, але магчыма, што (цытую) "прадстаўнікі з Расеі нелегальна спрабуюць зацягнуць нашую моладзь на вайну". Зь яго камэнтару можна было зразумець, што вярбоўшчыкі маглі быць з боку фэдэралаў.

Адказ жанчыне быў дадзены праз газэту. Прычым, ад сябе рэдакцыя газэты зазначыла, што на падобныя заробкі нашую моладзь штурхае цяжкая эканамічная сытуацыя. Працу знайсьці цяжка, а маючы яе – цяжка зарабіць на жыцьцё.

Я зьвярнуўся да сваіх наваградзкіх калегаў. Аказалася, што маці, якая баялася за свайго сына, болей у рэдакцыю не тэлефанавала.

Тады я папрасіў пракамэнтаваць выпадак абласнога ваеннага камісара палкоўніка Тустава. Ён сказаў, што афіцыйна ні пра якую вярбоўку ня можа быць і мова. Зьвестак аб нелегальнай вярбоўцы наёмнікаў у яго таксама няма. Хаця ён не выключае, што нехта з нашых хлопцаў мог нелегальна накіравацца на вайну. І ацаніў: "Калі тысячу даляраў прапаноўвалі – дык гэта, напэўна, бандыты, тэрарысты. Аднак, рэальбна там могуць ваяваць тыя беларусы, якія зьяўляюцца грамадзянамі Расеі", – сказаў палкоўнік Тустаў.

А вось у гарадзкім ваенкамаце мне давялося быць сьведкам такой размовы. У аддзеле ўліку афіцэраў запасу мужчына гадоў каля 50 раздражнёна сказаў: "Падпісалі гэты дагавор, цяпер папруць беларусаў у Чачню". Супрацоўнік ваенкамату, жанчына, спакойна адказала: "Ды каму вы там патрэбныя. Самі яшчэ прасіцца будзеце, каб зарабіць, ды вас ня возьмуць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG